Прамалінейны эфект. Старшыня Ляхавіцкага райвыканкама правёў прамую тэлефонную лінію

У мінулую суботу на прамую тэлефонную лінію да старшыні райвыканкама Вячаслава Сельмановіча пазванілі 11 чалавек, якія ўзнялі звыш двух дзясяткаў разнастайных праблем. Большасць з іх датычылася камунальнай гаспадаркі.
Яшчэ некалькі гадоў назад завершана першая чарга капітальнага рамонту дома № 1 па вуліцы Цэнтральнай у вёсцы Задвор’е. Жыльцы задаволены: адрамантаваны дах, сцены, выкананы іншыя работы. Аднак, другі (адвод сцёкавых вод) і трэці (добраўпарадкаванне прыдамавой тэрыторыі) этапы так і «павіслі ў паветры». Па словах заяўніцы, з-за дрэннай работы сістэмы каналізацыі ў пад’ездах устойлівы малапрыемны пах. Работнікі камунгаса прыязджалі неаднаразова, але праблема так і застаецца нявырашанай. Гэта камунальнае пытанне кіраўнік раёна ўзяў пад асабісты кантроль.
У адной кватэры дома № 30 па вуліцы Міра ў аграгарадку Ліпск пацёк дах, замкнула электраправодку. У выніку адзін з пакояў да гэтага часу без святла. Гаспадар звярнуўся за дапамогай у жылкамунгас, на чыім балансе знаходзіцца дом. Тут паабяцалі зрабіць рамонт даху, але да работ так і не прыступілі. Выконваючы абавязкі дырэктара ЖКГ Аляксандр Жук, які прысутнічаў на прамой лініі, паведаміў, што закуплены неабходны матэрыял, заказана вышка, і рамонт даху пачнецца ў бліжэйшыя дні.
Кіраўнік раёна запатрабаваў ад камунальнай службы неадкладна, па гарачых слядах, разабрацца і з воднай праблемай, якая ўзнікла ў кватэры №1 дома №12 па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры яшчэ мінулай восенню. З крана замест гарачай вады льецца ледзь цёплая.
– Прыйшлі, паглядзелі, паабяцалі выправіць сітуацыю, а ў выніку нічога канкрэтнага так і не зрабілі. Такая работа службовых асоб са зваротамі грамадзян недапушчальная. Неабходна даваць рэальныя абяцанні і прымаць канкрэтныя меры, каб дапамагчы людзям, – зазначыў Вячаслаў Сельмановіч.
Тухавічанку непакоіць безгаспадарчасць у адносінах былога будынка ўчастковай бальніцы, які цяпер не эксплуатуецца. Жылкамунгасу даручана разабрацца ў сітуацыі.
Яшчэ адна праблема з тухавіцкім адрасам – дарожная. І датычыцца яна цэнтральнай часткі вуліцы Заводская каля дамоў № 17 і № 21, дзе, асабліва пасля таяння снегу ці дажджоў, ні прайсці ні праехаць. Кіраўнік раёна даручыў свайму намесніку Сяргею Юшкевічу і начальніку аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Віктару Асташэні неадкладна выехаць на месца, дасканала вывучыць пытанне і распрацаваць меры для яго вырашэння.
За тры гадзіны работы прамой тэлефоннай лініі землякі ўзнялі экалагічныя праблемы, пытанні пенсіённага забеспячэння, звязаныя з рамонтам і добраўпарадкаваннем асобных гарадскіх і вясковых вуліц, ацяпленнем і гарачым водазабеспячэннем. Адказы па некаторых заяўнікі атрымалі адразу, іншыя патрабуюць больш дэталёвага разгляду і вывучэння. Кожнае з іх раённая ўлада трымае на кантролі.
Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *