Гэта наша права

15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень спажыўца. А гэты статус кожны з нас прымярае на сябе, безперабольшвання, штодзень: калі купляем тавары ў магазінах і на рынках, карыстаемся самымі разнастайнымі паслугамі – камунальнымі, бытавымі, сувязі і г.д. Пры гэтым здараецца, што законныя правы спажыўцоў становяцца каменем спатыкнення ва ўзаемаадносінах пакупнікоў і прадаўцоў.

Менавіта гэтая тэма абмяркоўвалася падчас чарговай “прамой лініі”ЛВ”. На пытанні нашых чытачоў адказвала выконваючы абавязкі ўпаўнаважанага па абароне правоў спажыўцоў райвыканкама Людміла МАТЧЭНЯ.

– У студзені гэтага года купіў у магазіне  ў Тухавічах тэлевізар “Віцязь”. А ўжо 19 лютага давялося здаць яго назад з-за паломкі. У якія тэрміны павінны адрамантаваць тэлевізар і вярнуць яго мне?

Іван ЗАХАРЧУК, в. Тухавічы.

– Згодна Закона аб абароне правоў спажыўцоў, недахопы, выяўленыя ў тавары, павінны быць ухілены прадаўцом бясплатна і неадкладна. Калі ж апошняе немагчыма, то максімальны тэрмін ухілення недахопаў не можа перавышаць 14 дзён.

Калі 2 тыдні, адпушчаныя законам на гарантыйны рамонт, сышлі, вы можаце патрабаваць вяртання грошай. Гэтае патрабаванне прадавец павінен задаволіць неадкладна, а калі такое немагчыма – на працягу не больш як 7 дзён.

Наогул, падобныя сітуацыі, на жаль, не рэдкасць. Таму ёсць сэнс нагадаць нашым землякам, што ў адпаведнасці з пунктам 9 артыкула 20 Закона “Аб абароне правоў спажыўцоў” прадавец абавязаны прыняць тавар неналежнай якасці ў спажыўца. Пры ўзнікненні паміж спажыўцом і прадаўцом спрэчкі пра наяўнасць недахопаў тавару і прычыны іх узнікнення прадавец (вытворца, пастаўшчык і г.д.) абавязаны правесці экспертызу тавару за свой кошт. Праўда, калі экспертыза высветліць, што недахопы ў тавары ўзніклі па віне самога пакупніка або трэціх асоб, пакупнік павінен будзе кампенсаваць расходы на правядзенне экспертызы. Дарэчы, спажывец мае права прыняць удзел у праверцы якасці, аспрэчыць вынікі  экспертызы праз суд або самастойна правесці яе за ўласны кошт.

У адпаведнасці з пунктам 11 артыкула 20 Закона звароту  буйнагабарытных тавараў ці тавараў неналежнай якасці вагой больш за 5 кілаграмаў прадаўцу, а таксама дастаўка такіх тавараў для рамонту ажыццяўляюцца сіламі і за кошт прадаўца.

У выпадку, калі недахопы трэба ўхіляць у тавары працяглага карыстання, спажывец мае права патрабаваць ад вырабніка ці прадаўца прадастаўлення на перыяд рамонту бясплатна ў часовае карыстанне аналагічнага тавару. Гэтае патрабаванне павінна быць задаволена на працягу 3 дзён. Парадак прадастаўлення такіх тавараў, а таксама пералік тавараў працяглага карыстання, на якія згаданае патрабаванне не распаўсюджваецца, устаноўлены ўрадам.

(Па інфармацыі райпо, тэлевізар адрамантаваны і вернуты пакупніку 6 сакавіка).

– 15 студзеня набыла  ў “Доме гандлю” г. Ляхавічы зімовыя боты. А ўжо 25 студзеня яны парваліся каля падэшвы. 31 студзеня занесла боты ў магазін, напісала заяву. Адказу няма да гэтага часу. На працягу якога тэрміну маю заяву павінны разгледзець?

Жыхарка г. Ляхавічы.

– Тэрмін разгляду заявы залежыць ад таго, што вы патрабуеце: замяніць тавар ці вярнуць грошы. Напрыклад, калі вы будзеце настойваць на звароце грошай, то максімальны тэрмін задавальнення заявы – 7 дзён, пры неабходнасці правядзення экспертызы  – 14 дзён. Калі вы згадзіцеся на замену, то прыйдзецца чакаць максімум месяц.

Калі ў магазіна ўзнікнуць сумненні ў прычынах пашкоджання, ён можа правесці экспертызу з прыцягненнем незалежных экспертаў. Пра час і месца правядзення вам павінны паведаміць і правесці яе ў вашай прысутнасці або ў прысутнасці ўпаўнаважанага вамі прадстаўніка. Калі вытворчы дэфект пацвердзіцца, прадавец або верне грошы пакупніку, або, па жаданні пакуп-ніка, заменіць боты на новыя.

Калі вам адмовілі ў добраахвотным вяртанні грошай ці замене тавару, вы можаце звярнуцца ў райвыканкам да ўпаўнаважанага па абароне правоў спажыўцоў ці ў суд. А каб у далейшым такіх праблем не ўзнікала, неабходна ўсе свае прэтэнзіі і патрабаванні запісваць у кнігу заўваг і прапаноў ці напісаць заяву на імя прадаўца ў двух экзэмплярах. І прасачыце, каб на вашым экзэмпляры прадавец распісаўся і паставіў дату.

Пытанне ад “ЛВ”: – Давайце паспрабуем разабрацца з гарантыйнымі тэрмінамі на тэхніку. Прадаўцы на рынку, у магазінах і інтэрнэт-магазінах на аднатыпны тавар даюць хто год гарантыі, хто два, тры. Колькі ж на самай справе павінна доўжыцца гарантыя на тэхніку?

– На працягу гарантыйнага тэрміну вытворца абавязваецца бясплатна абслугоўваць набыты пакупніком тавар. У айчынным заканадаўстве ёсць тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты, у якіх устанаўліваюцца гарантыйныя тэрміны на тыя ці іншыя віды тавараў. Калі ж на тэрыторыі краіны рэалізуецца тавар, выраблены за межамі Беларусі, гарантыйны тэрмін на яго павінен быць не меншым за той, што ўстаноўлены для аналагічнай прадукцыі айчынных вытворцаў. У выпадку, калі замежны вытворца ўстанавіў на свой тавар меншы гарантыйны тэрмін, абавязак прывесці яго ў адпаведнасць з нацыянальным заканадаўствам ускладаецца на пастаўшчыка ці прадаўца. Напрыклад, на халадзільнікі беларускай вытворчасці ўстаноўлены тэрмін гарантыі 3 гады. Калі ж халадзільнікі пастаўляюцца з іншых краін і вытворца вызначыў тэрмін гарантыі 2 гады, пастаўшчык ці прадавец абавязаны пры рэалізацыі халадзільніка ўстанавіць гарантыйны тэрмін 3 гады.

Пытанне ад “ЛВ”: – Акрамя гарантыйнага тэрміну абслугоўвання, на працягу якога пакупнік можа прад’яўляць прэтэнзіі па якасці тавараў, існуе і такое паняцце як тэрмін службы. Калі, напрыклад, на працягу 10 гадоў, што заяўлены вытворцам як тэрмін службы таго ж халадзільніка, тавар выйшаў са строю і не падлягае рамонту, якія правы ёсць у пакупніка?

– Калі на працягу тэрміну службы складанатэхнічны тавар выйшаў са строю і не падлягае рамонту, вы маеце права прад’явіць прэтэнзіі вытворцу. Праўда, патрабаванні па якасці тавару ў межах тэрміну службы можна прад’яўляць вытворцу толькі ў выпадку выяўлення вытворчых, рэцэптурных і іншых недахопаў, не звязаных са зносам, старэннем і іншымі фізічнымі працэсамі ў тавары, калі спажывец дакажа, што недахопы ўзніклі яшчэ да рэалізацыі яму тавару. Важна правільна класіфікаваць дэфект. Для гэтага часцяком не абысціся без экспертызы якасці тавару. Калі яна дакажа выпадак скрытага вытворчага дэфекту, можна разлічваць на грашовую кампенсацыю. Напрыклад, быў выпадак, калі ад узгарання тэлевізара пачаўся пажар у кватэры. Эксперты па рэштках тэле-прыёмніка змаглі даказаць наяўнасць скрытага вытворчага дэфекту, і пацярпелым былі кампенсаваны матэрыяльныя страты ад пажару.

– Купіла ў магазіне паліто, а дома ўбачыла, што яно мне не падыходзіць. Ці можна вярнуць яго назад?

– 2 дні пакарысталася новым фенам, але ён мне не падабаецца. Хацела вярнуць яго ў магазін, дакладней – памяняць на іншую мадэль. Прадавец мне адмовіў. Ці правамерна гэта?

– На працягу 14 дзён з моманту пакупкі спажывец мае права вярнуць якасны нехарчовы тавар у магазін. Але пры гэтым павінны быць захаваны наступныя ўмовы: тавар не быў ва ўжытку, валодае ўсімі заяўленымі спажывецкімі якасцямі, не ўключаны ў Пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, што не належаць абмену ці вяртанню, зацверджаны пастановай Саўміну ад 14 чэрвеня 2002 года   № 778, маюцца доказы набыцця тавару ў данага прадаўца.

Паліто ў згаданы пералік не ўключана. Так што яго пры захаванні згаданых патрабаванняў можна вярнуць. А вось у выпадку з фенам адмова прадаўца ў абмене ці звароце правамерная. Фен адносіцца да тэхнічна складаных тавараў бытавога прызначэння, што маюць гарантыйны тэрмін, пры яго рэалізацыі прадавец павінен зрабіць адзнаку аб даце продажу ў тэхнічным пашпарце. А такія тавары ўключаны ў Пералік нехарчовых тавараў належнай якасці, што не належаць абмену ці звароту.

Звяртаем вашу ўвагу, што даная норма дзейнічае толькі ў дачыненні якаснага тавару.

Пытанне ад “ЛВ”: – Куды нашым землякам звяртацца пры ўзнікненні неабходнасці ў абароне правоў спажыўцоў?

– У дасудовым парадку спажывец можа звярнуцца для абароны сваіх правоў у дзяржаўныя органы ці грамадскія аб’яднанні. Так, пры ўзнікненні праблемнай сітуацыі можна звярнуцца да ўпаўнаважанага па абароне правоў спажыўцоў у райвыканкам (пл. Леніна, 3, каб. 207) ці атрымаць кансультацыю па тэлефоне 2-29-62.

Калі ж канфліктная сітуацыя не вычарпана, спажывец можа звярнуцца з іскам аб абароне сваіх правоў у суд па месцы жыхарства ці знаходжання істца ці адказчыка. Спажыўцы вызваляюцца ад аплаты дзяржпошліны па такіх ісках.

Дадам, што органы мясцовай улады не толькі разглядаюць заявы і скаргі па абароне правоў спажыўцоў, растлумачваюць заканадаўства, але і звяртаюцца ў суд з іскамі аб абароне правоў.

Хочацца пажадаць, каб усе – і спажыўцы, і прадаўцы, і вы-творцы – навучыліся паводзіць сябе цывілізавана і граматна, у межах прававога поля. Можна вырашыць любое пытанне, не даводзячы справу да канфлікту.

– У мяне зламаўся нядаўна набыты мабільны тэлефон. Па гарантыі я звярнуўся ў сэрвісны цэнтр. Ведаю, што за няякасную рэч павінны вярнуць грошы. Аднак, мне адмовілі: маўляў, у тэлефоне пашкоджаны дынамік, гэта не з’яўляецца істотным дэфектам, і значыць здаць тэлефон і вярнуць свае грошы нельга…

– Па закону вы маеце права вярнуць свае грошы за няякасны тавар незалежна ад таго, істотны ў ім выяўлены недахоп ці не. Іншая справа, што заяўляць патрабаванне аб звароце грошай неабходна не сэрвіснаму цэнтру, а прадаўцу. Ад сэрвіснага цэнтра можна патрабаваць толькі рамонту тавару.  Калі ёсць заключэнне сэрвіснага цэнтра пра наяўнасць у тэлефоне вытворчага недахопу, экспертыза не патрабуецца, і прадавец на працягу 7 дзён павінен вярнуць вам грошы.

Дарэчы, здараецца так, што заявіць прэтэнзію прадаўцу немагчыма (напрыклад, ён спыніў сваю дзейнасць). У такім выпадку з патрабаваннем аб рамонце можна звярнуцца да пастаўшчыка такога імпартнага тавару. Звесткі аб імпарцёры павінны размяшчацца на спажывецкай тары ці ў дакументах на тэлефон. Такая інфармацыя ўтрымліваецца і ў кантрольна-ідэнтыфікацыйным знаку, што наносіцца на ўпакоўку. Без такога знака продаж мабільных тэлефонаў (за выключэннем тых, што былі ва ўжытку) забаронены. Так што спажыўцам пры набыцці тэлефона варта звяртаць на гэта ўвагу.

Папярэдне з пытаннямі на “прамую лінію” звярнуліся ляхавічане Іосіф Карпыза і Вольга Шахмуць, якія цікавіліся, чаму ў гандлёвых кропках сёння цяжка знайсці малочную прадукцыю з нізкай тлустасцю. Як патлумачылі ў аддзеле эканомікі райвыканкама, Закон “Аб абароне правоў спажыўцоў” рэгулюе адносіны паміж спажыўцамі і вытворцамі (прадаўцамі, пастаўшчыкамі і інш.), што ўзніклі пасля куплі-продажу тавараў  ці з іншага дагавора. Такім чынам, згаданыя пытанні аказаліся па-за тэмай “прамой лініі”. Тым не менш, “ЛВ” звярнуўся за каментарыем да кіраўніцтва СААТ “Ляхавіцкі малочны завод”. Дырэктар прадпрыемства Вячаслаў Жукоўскі патлумачыў:

–  Сёння наш завод мае магчымасць выпускаць каля  50 відаў прадукцыі. Але адначасова, за адну выпрацоўку, рэальна вырабіць каля 15 відаў. Прадукцыя, як і на іншых прад-прыемствах, выпускаецца паэтапна: сёння – адны найменні, заўтра іншыя.

Асартымент пастаянна абнаўляецца. У ім, дарэчы, ёсць і малатлустая прадукцыя. Праўда, калі мы пачалі пастаўляць у магазіны кефірны напітак 1,5-працэнтнай тлустасці, спажыўцы сталі прад’яўляць прэтэнзіі: маўляў, чаму ў продажы адсутнічае больш тлусты кефір…

Заяўкі, што паступаюць на прадпрыемства, мы задавальняем, калі ў бліжэйшыя дні не плануецца вытворчасць таго ці іншага віду прадукцыі, – своечасова папярэджваем заказчыкаў.

Наогул, я лічу, што разнастайнасць тавараў на паліцах магазінаў – гэта пытанне арганізацыі гандлю. Для таго, каб адначасова задаволіць густы і патрабаванні самых розных спажыўцоў, не трэба спадзявацца толькі на аднаго вытворцу. Прадукцыю для падтрымання асартыменту можна купіць і на іншых малакаперапрацоўчых прадпрыемствах.

За сваё прадпрыемства магу сказаць: уся наша прадукцыя – і меншай тлустасці, і большай – натуральная і якасная. Уся яна запатрабавана і рэалізуецца.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *