«Гаворым здароўю – так!»

Фота з сайта СШ№2

У СШ № 2 прайшла адукацыйна-кансультацыйная акцыя «Гаворым здароўю – так!».
Працавалі шматлікія секцыі, дзе праводзіліся дыягнастычныя абследаванні для вызначэння паказчыкаў фізічнага развіцця школьнікаў. Педыятр, неўролаг, псіхатэрапеўт, валеолаг Ляхавіцкай райбальніцы праводзілі індывідуальныя кансультацыі з вучнямі і іх бацькамі. Школьныя педагогі-псіхолагі арганізавалі шэраг мерапрыемстваў з мэтай прафілактыкі шкодных звычак, стрэсавых сітуацый у падлеткавым асяроддзі. Цікавую праграму «Час зносін» падрыхтавалі супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны расказвалі, па якіх параметрах неабходна падбіраць вучнёўскую мэблю, нагадалі пра прафілактыку інфекцыйных хвароб і іншае.
Улічваючы той факт, што аўдыторыя – школьнікі, выкарыстоўваліся інтэрактыўныя формы работы. Пяцімінуткі на ўроках «Адпачні з карысцю», акцыя «Усміхніся жыццю. Ты яму падабаешся», прагляд відэароліка «Правільная постаць – залог здароўя», гадзіна спорту «Я здароўе берагу!», мазгавы штурм «10 аргументаў на карысць жыцця», рухомыя гульні на свежым паветры, рэлаксацыйныя перапынкі, танцавальны спрынт, выставы малюнкаў і мастацкай літаратуры – гэтае і шмат іншага прапанавалі хлопчыкам і дзяўчынкам дарослыя.
Напрыканцы здаровага дня была аформлена сцяна галоснасці, на якой кожны клас размясціў свой рэцэпт здароўя. Зняты відэаролік, у якім рабяты разважалі пра здароўе. Самае галоўнае, што ў гэты дзень ва ўсіх быў выдатны настрой – таксама паказчык добрага здароўя.
Наталля КУДРАЎЦАВА,
намеснік дырэктара
па выхаваўчай рабоце СШ № 2.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *