Жыццёвая дыпламатыя Вячаслава Жукоўскага

Часцей за ўсё даводзіцца гаварыць з ім пра справы: што новага на прадпрыемстве, якія чарговыя перамены на вытворчасці, як паўдзельнічалі ў конкурсе на лепшую прадукцыю і г.д. Дырэктар СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» Вячаслаў Жукоўскі хаця і сцвярджае, што кіраўніку не абавязкова ведаць усе нюансы вытворчага працэсу, аднак, мяркую, сам засвоіў іх спаўна. Не магу ўявіць яго ні ўчарашняга, ні тым больш сённяшняга дылетантам у дыялогу з тэхнолагам, інжынерам, бухгалтарам, эканамістам, лабарантам. Павярхоўны падыход – гэта не пра яго і не для яго. Некалі закончыў горны інстытут, і назаўсёды глыбінны, аналітычны погляд на жыццё застаецца яго нязменным спадарожнікам. Гэта мая асабістая выснова – не прэтэндую на ролю ісціны ў апошняй інстанцыі, але здаецца, што сваім стаўленнем да людзей,  да кожнага дня Вячаслаў Уладзіміравіч пацвярджае яе.
Пра завод і пра калектыў ён гатовы расказаць многае. І заўсёды пры стасунках з Жукоўскім адкрываеш для сябе асаблівую аўру паспяховага чалавека, прычым, паспяховага не па выпадку, а зрабіўшага гэтую самую паспяховасць уласнымі рукамі, розумам, настойлівасцю, мэтанакіраванасцю, патрабавальнасцю.
Сённяшняя размова трохі збочыла з прывычнага рэчышча – гаворым «за жыццё». Мой субяседнік заўважае, што ён «чалавек СССР», зазначае пра пройдзеную школу жыцця са шкалой заўсёдных каштоўнасцяў з канстантай прыстойнасці, надзейнасці, дысцыплінаванасці. Разважае пра дружбу і службу. Перакананы, што сапраўдных сяброў шмат быць не можа: ёсць два-тры чалавекі – лічы, пашанцавала. Што датычыць службы, то, упэўнены, у гэтым аспекце жыцця нічога не трэба прыдумляць, таму што само жыццё распісала абавязковую прысутнасць у кожным справядлівасці, асэнсаванай неабходнасці і жадання сумленна працаваць.

Увогуле, няўдзячная гэта работа – спрабаваць па палічках раскласці характар чалавека. А вось яго погляды, справы і ўчынкі ў гэтым сэнсе вельмі ілюстрацыйныя і даказальныя.
…Вячаслаў Жукоўскі нарадзіўся на Далёкім Усходзе. Бацька – шахцёр, мама –  педагог. Дзяцей вучылі, у першую чаргу, быць людзьмі. І гэтыя ўрокі Слава-школьнік засвоіў не горш прадметных. Хлопчык вырас, закончыў інстытут і… сям’я пераехала ў Беларусь. У 23 гады ён стаў ляхавічанінам. З настальгіяй і любоўю ўспамінае месца, дзе нарадзіўся. З любоўю і захапленнем гаворыць пра зямлю, якая стала яго другой малой радзімай, тэрыторыяй ягонага асабістага клопату і адданасці.
– Зрабіць камфортным месца, дзе жывеш, камфортным для людзей і для сябе, лічу абавязкам па закліку сэрца, – гаворыць Вячаслаў Уладзіміравіч і ўдакладняе:
– Вось я адказваю за прадпрыемства, за тое, каб яно паспяхова працавала. За прадпрыемства, дзе людзі маюць рабочыя месцы, на якіх, у сваю чаргу, выпускаюць прадукцыю для шматлікіх спажыўцоў.
Удакладняем, што сёння ў штаце малочнага завода каля 250 чалавек. Многія землякі лічаць іх шчасліўчыкамі менавіта з-за магчымасці працаваць на такім прэстыжным прадпрыемстве –  як гавораць, з брэндам і ў трэндзе.
Пра тутэйшую мадэрнізацыю вытворчасці не ведае хіба што лянівы, пра «Унучка Ляхавічка», проста пра «Ляхавічка», пра «Ляхавіцкае», а, значыць, і пра наш раён слава разнеслася далёка за межы Брэстчыны. Канешне, гэта заслуга калектыву, на чым акцэнтуе ўвагу дырэктар. І падкрэслівае, што асабістым дасягненнем лічыць мена-віта малочназаводскую калектыўную супольнасць, еднасць, узаемаразуменне і ўзаемападтрымку.
Сам Вячаслаў Жукоўскі роўна палову жыцця ў гэтым калектыве. Прыйшоў маладым дырэктарам напрыканцы сакавіка 1988 года. Што адчуваў тады? Усміхаецца, маўляў, і разгубленасці не пазбегнуў, і нават крыху панікі прысутнічала. Але ўсе страхі заціснуў у кулак, каб не перашкаджалі пачынаць на новым месцы з уласцівай яму адказнасцю, уніклівасцю. І пачалася вялікая праца, якая працягваецца дасёння.
– Прыйшлі добрыя спецыялісты. Я рады, што ні ў кім не памыліўся. Мы адна каманда, – Жукоўскі гаворыць пра гэта як пра галоўнае дасягненне. А яшчэ дадае, што многа для яго значыла магчымасць працаваць поплеч з такімі калегамі-кіраўнікамі, як Іван Цыкман, Міхаіл Варановіч, Леанід Лейчанка і, канешне, Аляксандр Вітко.
І малой радзіме, і вялікай патрэбны любоў і клопат. Важна быць сваім сярод землякоў і ва ўнісон адчуваць, намагацца, імкнуцца. Людзі вязуць на прадпрыемства сыравіну – малако для перапрацоўкі. За 30 гадоў – каля 1,5 мільёна тон. Уявіце даўжыню састава з цыстэрнаў, калі б іх паставіць у лінейку… З малака гэтага выйшлі тоны смачнейшай прадукцыі і знакамітага тэхнічнага казеіну, якія пастаўляліся і пастаўляюцца па шматлікіх адрасах. Адзначыўся наш малочны ў Еўропе, Азіі, Амерыцы. Заслуга калектыву? Адназначна. Заслуга кіраўніка? Бясспрэчна. Жыццёвая дыпламатыя дырэктара вельмі спрыяе таму, што наш раён «адкрылі» для сябе ў многіх кутках планеты людзі розных краін і нават кантынентаў. Выдатны аўтограф Ляхавіччыны аўтарства тутэйшага малочнага завода.
Ёсць на прадпрыемстве яшчэ адна добрая завядзёнка – агульная гатоўнасць дапамагчы партнёрам па вытворчасці. А спонсарства?
– Такая дапамога павінна быць пастаяннай і нягучнай. Мы ж не на публіку працуем, –  перакананы Жукоўскі і яго калектыў.
Пра любоў можна гаварыць вершамі і прозай. Можна паказаць яе ў партрэце, пейзажы, нацюрморце. Можна праспяваць пад гітару ў коле сяброў ці з вялікай сцэны. Ці выказаць вырашчаным хлебным коласам і ідэальным парадкам на тваёй тэрыторыі – на рабоце, дома, наогул, у месцы, дзе ты жывеш. Самым лепшым месцы на планеце Зямля. Тут нарадзіліся твае дзеці, а, значыць, адсюль будуць вытокі ўнукаў-праўнукаў. У Вячаслава Жукоўскага свая транскрыпцыя любві, і ён гаворыць на гэту тэму не надта ахвотна – яе рассакрэчваюць справы. Іх зроблена шмат і, мяркую, дабавіцца яшчэ і яшчэ.

Вольга БАРАДЗІНА.

Фота з архіва «Ляхавіцкага весніка»

Р.S. 

✓Некалі ён любіў чытаць прыгодніцкую літаратуру. Сёння – пераважна прэсу і сваю галіновую.
✓У дзяцінстве вучыўся іграць на баяне. Але гэта – не яго. Затое з тых «музычных» урокаў не церпіць фальшу.
✓Лічыць прыгожай і «ўтульнай» беларускую прыроду, любіць адпачываць у лесе, ля ракі, ды і на сваім участку пазаймацца.
✓Не курыць ужо каля 20 гадоў, «асабістая экалогія» вытрымліваецца.

One thought on “Жыццёвая дыпламатыя Вячаслава Жукоўскага

  • 03/04/2018 в 22:09
    Permalink

    Про то, что Вячеслав Владимирович Жуковский— грамотный,успешный руководитель знают многие. Справедливо отмечено, что во многом, благодаря именно ему, Ляховичский молочный завод — одно из лучших молокоперерабатывающих предприятий не только Брестской области.Эту продукцию очень любят за вкус, качество. натуральность. Но как же интересно было узнать Жуковского-человека. Спасибо, автору и газете.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *