Пажар уласнымі рукамі

Зрэшты, здаецца, прыйшла сапраўдная вясна. Разам з імкненнем многіх гаспадароў навесці чысціню і парадак на прысядзібных участках, яна нагадала традыцыйную сезонную праблему: адразу, пасля таго, як сыдзе снег, пачынае гарэць сухая трава.

Міф, што спальванне мінулагодняй травы паскарае рост маладой, вельмі жывучы. А між тым, вясеннія выпальванні з’яўляюцца сапраўдным экалагічным бедствам. Бо няма нічога небяспечней для жывой прыроды, чым агонь. Спальваючы сухую траву, людзі парушаюць працэс утварэння перагною і збядняюць урадлівасць глебы. Выпальванні травы аслабляюць рост раслін, пасля іх выжываюць і першымі пускаюцца ў рост самыя непатрабавальныя травы – пустазелле. Падчас выпальванняў гінуць многія насякомыя, пажары выклікаюць гібель кладак і месцаў гнездавання птушак. Пры выпальванні травы гінуць таксама ўсе карысныя мікраарганізмы ў глебе, у тым ліку і тыя, якія дапамагаюць раслінам супрацьстаяць хваробам.
Практычна ўсе травяныя выпальванні адбываюцца па віне чалавека. З пачатку сакавіка ляхавіцкія выратавальнікі 24 разы выязджалі на гарэнне смецця на прысядзібных участках, і толькі ў выхадныя дні выязджалі на тушэнне травы 8 разоў (актыўна працягваюць спальваць смецце ў Жарабковіцкім, Крывошынскім, Альхоўскім сельсаветах). Работнікі РАНС сумесна з зацікаўленымі службамі правялі 9 рэйдаў па пажаранебяспечных участках, садаводчых таварыствах, праінструктавалі на супрацьпажарную тэматыку 36 чалавек.
Згодна з артыкулам 15.57 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях, за выпальванне сухой расліннасці, травы на корані, а таксама іржышча і пажніўных рэшткаў на палях альбо непрыняцце мер па ліквідацыі выпальванняў вінаватыя асобы прыцягваюцца да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 40 базавых велічынь. Развядзенне кастроў у забароненых месцах цягне папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 12 базавых велічынь. МНС нагадвае, што згодна правіл пажарнай бяспекі дапускаецца кантралюемае развядзенне кастроў для спальвання смецця і адходаў. Для гэтага прадугледжаны пляцоўкі, аблямаваныя мінералізаванай (ачышчанай да мінеральнага пласта глебы) паласой шырынёй не менш за 0,25 метра пры слабым ветры (да 5 м/с) на адлегласці не менш, як 10 метраў ад будынкаў (збудаванняў); 20 метраў ад ляснога масіву; 30 метраў ад сціртаў сена і саломы.
На тэрыторыі жылых дамоў сядзібнай забудовы, дачных і садовых домікаў дапускаецца прыгатаванне ежы ў спецыяльных прыстасаваннях з выкарыстаннем вугалю (мангала, барбекю, грылю і аналагічных). Пры гэтым мінімальная адлегласць да будынкаў і збудаванняў павінна быць не менш за 4 метры. Пляцоўка для спальвання смецця (адходаў) і месца размяшчэння спецыяльных прыстасаванняў для прыгатавання ежы трэба выбіраць такім чынам, каб выключыць магчымасць узнікнення пажару. Месца развядзення кастра неабходна забяспечыць сродкамі пажаратушэння (вогнетушыцель, ёмістасць з вадой, рыдлёўка). Пасля спальвання смецця, адходаў на пляцоўках і прыгатавання ежы прасачыць, каб усё было патушана да поўнага спынення тлення.
Памятайце, што агонь з сухой травы можа лёгка перакінуцца на жылыя дамы і будынкі, а таксама лясныя масівы, прынесці значны матэрыяльны ўрон, а самае галоўнае – могуць пацярпець людзі.
Валерый РАВІНСКІ,
начальнік РАНС.

ФАКТ

У мінулы панядзелак у РАНС патэлефанаваў жыхар вёскі Зарэчча і папрасіў дапамогі ў выратавальнікаў: паліў на сваім участку сухія галіны і іншае смецце, а агонь выйшаў з-пад кантролю….
Да прыбыцця на месца здарэння выратавальнікаў вяскоўцу ўдалося абараніць ад полымя свой дом, але агонь перакінуўся на суседскі прысядзібны ўчастак. Знішчаны дах чужой гаспадарчай пабудовы, пашкоджана перакрыцце, унутраная аддзелка, маёмасць.
Як паведамілі ў РАНС, прычынай надзвычайнай сітуацыі стала парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры выпальванні смецця. Перад развядзеннем вогнішча мужчына не прыняў меры па абмежаванні распаўсюджвання полымя, што і прывяло да загарання травы і гаспадарчай пабудовы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *