Кропкі росту: прафесіяналізм і творчасць

Як сродкам масавай інфармацыі заставацца запатрабаванымі, ісці ў нагу з часам – пра гэта і многае іншае  вялася размова на прыкладзе СМІ Брэстчыны на выязным пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі

Канструктыўная размова пра прызначэнне і ролю прэсы, дзейнасць рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі па забеспячэнні задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі на прыкладзе СМІ Брэстчыны ішла на выязным пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, якое адбылося ў мінулы чацвер у Баранавічах.
У калегіі прынялі ўдзел міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч, намеснік міністра Павел Лёгкі, намеснік старшыні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта Алег Вялічка, кіраўнікі і прадстаўнікі некаторых рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, начальнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў, галоўныя рэдактары абласных, гарадскіх і раённых газет, рэгіянальных тэлерадыёкампаній, прадстаўнікі Інстытута журналістыкі.
Павел Лёгкі ў дакладзе засяродзіў увагу на ролі мясцовых СМІ у сацыяльна-эканамічным і грамадска-палітычным жыцці, падкрэсліў прафесіяналізм журналістаў Брэстчыны і іх актыўны ўдзел у ажыццяўленні дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Гаварыў пра актуальныя задачы, рост тыражоў і яго складнікі, пра ўдасканаленне і развіццё газет і іх электронных версій, умацаванне сувязі з чытачамі, акцэнтаваў увагу на праблемных момантах, якія неабходна вырашаць СМІ. Адзначыў і такі станоўчы факт, як самаакупнасць усіх газет Брэстчыны.
Гэтыя ж пытанні дэталізавала ў дакладзе начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Таццяна Гагакава, якая адзначыла, што СМІ вобласці захоўваюць свае лепшыя традыцыі і ствараюць, укараняюць новыя. Размова закранала такія важныя акалічнасці, як прафесіяналізм журналістаў, іх адказнасць перад грамадствам.
Патрэбны практыкі, патрэбны прафесіяналы, перакананы Аляксандр Карлюкевіч, які падкрэсліў неабходнасць кансалідаванасці намаганняў Міністэрства інфармацыі, Інстытута журналістыкі, рэдакцый у падрыхтоўцы кадраў для СМІ.
У гэты ж дзень кіраўнікі галоўных упраўленняў ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, сродкаў масавай інфармацыі Брэстчыны ўзялі ўдзел у семінары па тэме «Рэгіянальныя выданні ў сучаснай медыяпрасторы», які арганізавалі Міністэрства інфармацыі, Брэсцкі аблвыканкам, Інстытут журналістыкі БДУ. Прадметная і канкрэтная размова пра ўдасканаленне газет і сайтаў, глыбокая аналітыка, слушныя заўвагі і падказкі ад выкладчыкаў Інстытута журналістыкі, пытанні ў тэму, адказы і агучаны пункт гледжання на праблемы ўдзельнікаў семінара падагулены канструктыўнай высновай: што ёсць станоўчага – тое варта працягваць і развіваць, а выяўленыя недахопы могуць і павінны трансфармавацца ў «кропкі росту» – работу над памылкамі, задзейнічанне патэнцыялу для ўдасканалення прафесіяналізму і далейшай творчасці.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *