Грошы… са сметніка

Калі родныя, сваякі ці нават знаёмыя працуюць у КУМВП ЖКГ ”Ляхавіцкая ЖКГ”, усе яны азадачаны: макулатуру, рыззё, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі збіраць у мяхі, зносіць-звозіць на падворак, каб дапамагчы ”свайму камунальшчыку” выканаць заданне па зборы другаснай сыравіны.

Іменна так, у дырэктыўным парадку, пачынаючы з сябе, камунгас не толькі змагаецца з экалагічным забруджваннем навакольнага асяроддзя, але і, збіраючы другасную сыравіну, уносіць сваю лепту ў эканомію прыродных і энергетычных рэсурсаў. А прыцягваючы да ўдзелу ў гэтай карыснай справе насельніцтва, выхоўвае культуру быту. Усё прадумана, таму і вынікі прыкметныя: некаторыя работнікі ўжо выканалі гадавыя заданні.

Пэўная растлумачальная работа арганізавана сярод насельніцтва раёна. У горадзе  абсталяваны некалькі пляцовак для паасобнага збору смецця: устаноўлены па 3 кантэйнеры – для шкляной тары, пластыку, паперы. У такім парадку вырашаецца справа і ў вёсках Дарава-Чыж, Тухавічы, Ліпск.

Заключаюцца дагаворы на збор другаснай сыравіны з многімі прад-прыемствамі і арганізацыямі, напрыклад, пачынанне актыўна падтрымліваюць усе прыватныя прадпрыемствы раёна. Здае макулатуру ААТ “Ляхавіцкі кансервавы завод”, многія сельгаспрадпрыемствы. Не грэбуюць камунальнікі і зборам шклапластыкавай тары на палігоне цвёрдых бытавых адходаў.  На пункце сартавання пластыкавыя бутэлькі раздзяляюцца яшчэ і па колеры, пасля чаго спецыяльны прэс фармуе цюкі, і другасная сыравіна гатова да адпраўкі. Спецрэйсамі ў “Баранавічыметалааптгандаль” дастаўляюцца пластык і шкло, у Барысаў – рыззё, у Слонім – папера.

Прыкладна па такім жа сцэнарыі арганізавана работа і ў райпо. Як расказаў начальнік ад-дзела нарыхтовак Віктар Скіндзер, за год плануецца са-браць 240 тон макулатуры, 35 тон рыззя, 50 тон шклабою, 1300 тон металалому, у тым ліку 8 тон каляровага. Задзейнічаны ўсе работнікі, гандлёвыя кропкі і нават аўталаўкі, якія прымаюць заяўкі ад насельніцтва. 3 нарыхтоўшчыкі выязджаюць па тэлефонных званках, ёсць магчымасць вяскоўцам рэалізаваць другасную сыравіну непасрэдна ў мясцовых магазінах: узамен тавар ці грошы – па жаданні. За 2 месяцы райпо ўжо адпра-віла перапрацоўшчыкам значную колькасць другаснай сыравіны.

Усім відавочна, што экалагічнае забруджванне навакольнага асяроддзя – праблема глабальнага маштабу.  Закопаная ў зямлю пластыкавая бутэлька, кавалкі поліэтылену перагніюць прыкладна за 100 гадоў, а шкло будзе захоўвацца стагоддзямі. Смецце  з элементамі распаду ці паўраспаду шкодных рэчываў трапляе ў грунтовыя воды, атмасферу.

Але да адходаў (дарэчы, толькі на гарадскі палігон ЦБА іх штогод вывозіцца 9 тысяч тон) трэба падыходзіць яшчэ і з эканамічнага пункту гледжання. Аказваецца, з усяго таго, што мы вывезлі на сметнік, да 60 працэнтаў – другасная сыравіна, якую можна перапрацаваць. Вопыт развітых краін свету звязаны з максімальным выкарыстаннем другасных матэрыяльных рэсурсаў з цвёрдых бытавых адходаў. У 2007 годзе ўступіў у сілу Закон Рэспублікі Беларусь “Аб абыходжанні з адходамі”, у адпаведнасці з якім смецце з утрыманнем другаснай сыравіны неабходна па-максімуму перапрацоўваць у карысную прадукцыю ці энергію.

Дырэктыва Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь №3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” патрабуе стварыць цэласную сістэму эканоміі матэрыяльных рэсурсаў, у тым ліку максімальна выдзеліць  другасную сыравіну з ЦБА, накіраваць яе на перапрацоўку і да мінімуму знізіць колькасць адходаў, якія неабходна ўтылізаваць. Рашэннем райвыканкама ад 12 ліпеня 2011 года ў раёне зацверджана  схема абыходжання з камунальнымі адходамі, якія ўтвараюцца на тэрыторыі раёна.

Перад усімі прадпрыемствамі і арганізацыямі пастаўлены канкрэтныя задачы, даведзены заданні. Райінспекцыя прыродных рэсурсаў  і аховы навакольнага асяроддзя і камунальная служба заклікаюць усіх жыхароў раёна зрабіць такім чынам яшчэ адзін сур’ёзны крок да паляпшэння экалогіі і ўмацавання эканомікі дзяржавы. Прычым, гэты крок ужо эканамічна акрэслены: летась Ляхавіцкая ЖКГ за здадзеную другасную сыравіну мела 23 мільёны рублёў, а райпо  практычна з нічога атрымала  1 мільярд 214 мільёнаў 637 тысяч рублёў.

Як зазначыў майстар участка  КУМВП ЖКГ “Ляхавіцкая ЖКГ” Генадзій Ідрысаў, у  бліжэйшы час у горадзе і ў многіх вёсках плануецца павялічыць колькасць пляцовак з кантэйнерамі для раздзельнага збору смецця. Адзін з важнейшых аспектаў – актывізаваць растлумачальную работу сярод насельніцтва.  Не сакрэт, што ёсць і такія людзі, хто не абцяжарвае сябе тым, каб данесці вядро са смеццем да кантэйнера, не гаворачы пра яго сартаванне.

Узнікаюць і іншыя пытанні, якія датычаць збору другаснай сыравіны. Напрыклад, многія вяскоўцы ўсё ж не маюць магчымасці збыць непатрэбнае, асабліва пажылыя, якім не пад сілу данесці да магазіна тую ж шклатару. А бывае і так, што часова бутэлек не прымаюць ці няма дзе складаваць рыззё.

Успамінаецца дзяцінства, калі ў вызначаны дзень па вуліцы ехаў на кані  анучнік і збіраў стары тэкстыль, прапануючы ўзамен гліняныя гаршкі, чыгункі, а малым – пеўнікі-свісткі ці рознакаляровыя шары. Людзі яго чакалі, выграбалі з закуткоў непа-трэбную старызну.  Чаму б цяпер не скласці графік з папярэднім інфармаваннем насельніцтва – калі і што можна здаць як другасную сыравіну і пусціць па маршрутах нарыхтоўшчыкаў на аўтамашынах? І не толькі праехацца па вёсках — прыватны сектар райцэнтра, напэўна, таксама расчысціў бы свае “схованкі”. Тым больш, што вясна зняла снежны покрыў з зямлі і ў некаторых месцах выставіла напаказ сведчанні нізкай  культуры быту многіх нашых зем-лякоў. Папяровыя абгорткі, упакоўкі, пластыкавыя і шкляныя бутэлькі іншы раз можна пабачыць пад балконамі, а пакеты са смеццем – уздоўж дарог. Вось якія мы, мякка кажучы, неахайныя.

…Маленькі Прынц з аднайменнай казкі для дарослых прапаноўваў, прачнуўшыся, найперш прыбраць сваю планету… Для сябе і для будучых пакаленняў.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *