Пасхальная радасць у кожным сэрцы

«Ангел усклікаў Благадатнай
Чыстая Дзева, радуйся!
…Твой Сын уваскрэс!»

ШАНОЎНЫЯ СЯБРЫ!
Ад сівой даўніны да нашых дзён у жыцці чалавека не было і няма падзеі, у якой жыццё і смерць набывалі б такі высокі сэнс, як у падзеі Пасхі Гасподняй.
Колькі б мы ні задавалі сабе пытанне пра сэнс жыцця, колькі б ні выпрабоўвалі свой розум у імкненні разгадаць тайну смерці –
ні адзін адказ не пераўзыдзе ўсеахопнай мудрасці догмату хрысціянскай веры:
Хрыстос уваскрэс! Сапраўды ўваскрэс!
Гэтае пасхальнае прывітанне выказвае галоўную ісціну хрысціянства. А апостал Павел удакладняе: «…і нас уваскрэсіць сілаю сваёю…».
Цуд трохдзённага ўваскрасення Іісуса з Назарэта адбыўся на ўскраіне Іерусаліма, у адной з малых правінцый Рымскай імперыі, але яго значэнне было сапраўды сусветным. Бо спрадвеку хрысціянскі свет яднаецца цвёрдай упэўненасцю ва ўсеагульным уваскрасенні чалавецтва.
Пасха – гэта перамога Жыцця!
Таму ў гэтыя светлыя дні мы спяваем, усклікаем і прамаўляем пераможную песню: «Хрыстос уваскрэс з мёртвых, смерцю смерць зваяваў і тым, што ў магілах, жыццё дараваў!».
Наш Бажэственны Настаўнік перамог зло і ўручыў нам плады гэтай перамогі. Хрыстос узвысіў жыццё кожнага з нас да бажэственнай вышыні і напоўніў вечным сэнсам дні і гады нашай зямной юдолі.
Сябры, будзем жа ўмацоўвацца пасхальнай радасцю ў розных абставінах і выпрабаваннях, бо ўсё міне, а радасць уваскрасення Хрыста будзе заўжды з намі.
Ад усёй душы вітаю са святам Пасхі ўсіх, хто заклікае імя Госпада і славіць Яго трохдзённае ўваскрасенне, і няхай Яго дапамога спрыяе кожнаму з нас у нашых далейшых справах на славу Царквы, на карысць Радзіме і на дабро бліжнім і дальнім!
Хрыстос уваскрэс!
Сапраўды ўваскрэс Хрыстос!
Благачынны цэркваў Ляхавіцкай акругі,
настаяцель храма Узвіжання Крыжа
Гасподня г. Ляхавічы протаіерэй Георгій Жытко.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *