Расклад на пасяўную

Каб пабываць у кожнай гаспадарцы, было арганізавана 3 групы з кампетэнтных спецыялістаў райсельгасхарчу,сельгаспрадпрыемстваў раёна. Яны вызначалі, наколькі паспяхова справіліся аграрнікі з падрыхтоўчымі работамі да пасяўной кампаніі, якая сёлета абяцае быць больш напружанай, чым летась.

Справа ў тым, што дзякуючы спрыяльнаму надвор’ю, восенню было разворана значна больш няўдобіц, малапрыгодных сенакосаў і пашы, якія патрэбна засеяць дзе зерневымі, дзе крыжакветнымі, дзе аднагадовымі травамі – у дадатак да асноўных пасяўных заданняў. А ўсяго па раёне належыць пасеяць сёлета  19100 гектараў яравых, у тым ліку 9574 – зерневых і зернебабовых культур, 1500 – ільну, 553 гектары бульбы і інш. У такой сітуацыі галоўнае – размеркаваць наяўныя магчымасці, сілы, сродкі і дзейнічаць адпаведна распрацаванага плана.

Згодна яго, пасяўную тэхніку неабходна было па-ставіць на лінейку гатоўнасці да 15 сакавіка ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах без выключэння. Да гэтай пары кожнае сельгаспрадпрыемства павінна было праверыць пасяўны фонд, мець у запасе паліва і змазачныя матэрыялы, актыўна працаваць з вывазкай і ўнясеннем на палі арганічных і мінеральных угнаенняў.

Для арганізацыі работы ў 2 змены патрабуюцца спрактыкаваныя механізатары, якіх неабходна забяспечыць спецадзеннем, гарачым харчаваннем, распрацаваць меры маральнага і матэрыяльнага стымулявання працы. Карацей кажучы, пасяўная кампанія – гарачая пара, пераможцам у якой выходзіць той, хто здолее максімальна арганізавацца. Ужо на старце трацяцца цэнтнеры з гектара, калі сілы і магчымасці не разлічаны. Аднак, на думку галоўных спецыялістаў райсельгасхарчу, якія ўзначальвалі групы ўзаемаправеркі, перадпасяўныя праблемы яшчэ цалкам не вырашаны ў многіх сельгаспрадпрыемствах.

Станоўчым прыкладам можа служыць СВК “Ляхавіцкі”, дзе на лінейцы гатоўнасці ўся пасяўная і глебаапрацоўчая тэхніка, вырашаны пытанні, якія датычаць арганізацыі і правядзення работ, аплаты працы.

У параўнанні з іншымі гаспадаркамі найменш перадпасяўных праблем у СВК “Шлях новы”, дзе на будучы ўраджай працавалі круглы год. Гаспадарка забяспечана ўгнаеннямі, ёсць у наяўнасці гаруча-змазачныя матэрыялы, а для папаўнення іх запасаў аформлены крэдыт. Вельмі адказна тут ставяцца да фарміравання насеннага фонду: падрыхтаваны элітныя сарты. Сёлета тут плануюць правесці пасяўную кампанію з 10-працэнтнай эканоміяй ГЗМ. Каб дабіцца гэтага, перагледжаны нормы расходу паліва, МТП забяспечваецца кантрольнымі лічыльнікамі ГЗМ. Ужо цяпер бачны рэальныя лічбы эканоміі.

Перагледжаны нормы спажывання паліва і ў СВК ”Канюхі”, ДП ”Нача”. Тут працуюць з угнаеннямі, закупляюць насенне, якога не хапае. Аднак ёсць пытанні да якасці рамонту тэхнікі, у тым ліку пасяўной.

4 “ДжонДзіры”, 6 “Кіраўцаў”, шмат іншых машын і механізмаў выйдуць сёлета на палі СВК “Жарабковічы”. Праўда, тэхніка пакуль падрыхтавана не ўся, больш як 20 трактароў і аўтамашын не прайшлі тэхагляд. Няма і насення шматгадовых траў. У гэтай гаспадарцы не распрацаваны мерапрыемствы па эканоміі ГЗМ. Але, як запэўніў намеснік старшыні сельгаскааператыва Леанід Варвашэвіч, за тыдзень будзе ўсё гатова да веснавых палявых работ, а адсеяцца тут плануюць за 6-7 дзён.

Хлебаробы “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік” хоць сёння гатовы выйсці ў поле. Асноўную тэхніку і 6 пасяўных агрэгатаў, якія будуць задзейнічаны ў рабоце, яны паставілі на спараныя колы, што забяспечыць высокую праходнасць па вільготных глебах. Па такім жа прынцыпе пайшлі і ў ААТ ”Ляхавіцкі райаграсэрвіс”. Спраўная тэхніка і поўная гатоўнасць да выхаду ў поле на ААТ “Ляхавіцкі льнозавод”, у ільнонасенстанцыі.

Аднак не без праблем. Асноўная – недахоп механізатараў амаль ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах. Каб знайсці людзей, трэба неадкладна звязвацца з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, навучальнымі ўстановамі, якія рыхтуюць кадры механізатараў, заключаць дагаворы. Асабліва неабходна паспяшацца СВК “Ліпнянка”, “Востраў-Агра”, “Тальмінавічы”, ЗАТ “Белпрампрыбор”, з задавальненнем прынялі б механізатараў у СВК “Ордэна “Знак Пашаны” Кастрычнік”, “Дарава”.

Вопыт па спарванні колаў на час веснавых палявых работ павінны выкарыстаць усе гаспадаркі, як і тэрмінова закупіць недастаючае насенне траў, кукурузы, бульбы і іншых культур, пратраўнікі.

Нельга забываць аб правілах тэхнікі бяспекі. Удзельнікі пасяўной павінны іх ведаць і захоўваць, прайсці медыцынскую камісію і атрымаць допуск да работы. З медыцынскага агляду трэба пачынаць кожны рабочы дзень: не сакрэт, што прычынай 40 працэнтаў няшчасных выпадкаў на вытворчасці з’яўляюцца  нецвярозыя людзі.

Як зазначыў падчас узаемаправеркі сельгаспрадпрыемстваў начальнік райсельгасхарчу Мікалай Варажун, усе пытанні ў адзін момант не асіліць. Вырашаць іх трэба паступова, але марудзіць нельга. Адсеяцца да 5-6 мая – у самыя спрыяльныя тэрміны – задача для ўсіх. Паспяхова рашыць яе – значыць атрымаць прыбаўку ўраджаю.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *