Гэты няскораны Жаваранак

Ён, старшыня раённай арганізацыі Беларускай асацыяцыі былых непаўналетніх вязняў фашызму, дакладна ведае, што  ва ўсе часы галоўная ўмова шчасця – мір

Мне пашчасціла пазнаёміцца з ім – з чалавекам вялікай душы, шчырым, добразычлівым, энергічным настолькі, што зараджаешся ягонай актыўнасцю і бадзёрасцю ўміг. Толькі заскрыпела брамка – ён ужо на парозе, усміхаецца і запрашае ў госці. У той лютаўскі дзень дзверы ў дом Уладзіміра Жаваранка не зачыняліся, тэлефон не змаўкаў – гаспадар адзначаў 80-гадовы юбілей. Яго віншавалі родныя і сябры, старшыня раённага савета ветэранаў Мікалай Юруць, старшыня Ганчароўскага сельвыканкама Уладзімір Плескацэвіч.
…Калі б трэба было ў некалькіх словах расказаць пра Уладзіміра Жаваранка, хапіла б простага: ён любіць жыццё, і яно адказвае ўзаемнасцю. Але лёс не заўсёды быў да яго літасцевы. Жыццё неаднойчы выпрабоўвала на трываласць, вучыла ні ў якім разе не скарацца складанасцям, не здавацца. Дзіцячыя ўспаміны Уладзіміра Юльянавіча зусім не падобныя на дзіцячыя. Памятае, як фашысты здзекваліся з дзядулі, як бацьку забралі ў палон, як разам з сям’ёй іх адправілі ў яўрэйскае гета ў Ваўкавыск, адтуль у Германію, у Кёнігсберг. З-за гэтага ён сёння былы малалетні вязень…
– Памятаю, разам з намі працаваў сібірак Міхаіл. Ён вучыў мяне, пяцігадовага хлопчыка быць моцным. Маленькім я разумеў, што трэба дапамагаць бацькам: у пяць гадоў навучыўся абыходзіцца з канём, даглядаць за жывёлай, завіхацца па гаспадарцы. Мы марылі выжыць і вярнуцца на радзіму.
Мары спраўдзіліся толькі ў красавіку 1945-га. Але да гэтага былі доўгія вёрсты вайны: неаднойчы хаваліся ад ворага, траплялі пад абстрэлы, не давалі ісці далей «жалезныя дажджы» бамбардзіровак… Ці ж гэта падобна на дзяцінства?
…Толькі дома ўсё стала на свае месцы: з верасня маленькі Жаваранак пайшоў у школу. Прага працаваць на зямлі стала вызначальнай, калі выбіраў, кім быць. Падаў дакументы ў Гродзенскі сельгасінстытут. Па размеркаванні прыехаў у наш раён, у вёску Ганчары, без якой сёння, прызнаецца, не ўяўляе жыцця. Тут у «Ганчароўскім» пачынаў працаваць заатэхнікам. Уладзімір Жаваранак ахвотна ўспамінае той час, там усё гарманічна: сям’я, дзеці, работа. Вось на фотаздымку Уладзімір і Марыя Жаваранкі маладыя, а тут – з сынам, а на гэтым кадры – дочкі.
– Паглядзіце, вось унукі, іх у нас шасцёра. Столькі ж і праўнучкаў ужо, – паказвае на фотаздымкі Уладзімір Жаваранак. І так хочацца зрабіць яшчэ адзін кадр, на якім ён – шчаслівы чалавек, шчаслівы Уладзімір Юльянавіч.
Ёсць яшчэ ў яго жыццёвай скарбонцы тое, чым, безумоўна, ганарыцца, не толькі ён. У салідным стосе ўзнагарод асаблівае месца займае аўтарскае пасведчанне, выдадзенае Жаваранку У. Ю. і яго калегам Міністэрствам сельскай гаспадарскі СССР, «на беларускую чорна-пярэстую пароду свіней, выведзеную ў дзяржаўных племянных заводах, племянных саўгасах і племянных фермах калгасаў і саўгасаў Беларускай ССР». Ёсць медаль «За працоўную доблесць», значок «Выдатнік сацыялістычнай сельскай гаспадаркі».
Сядзець без справы – гэта не пра сям’ю Жаваранкаў: летам у грыбы, завіхаюцца на агародзе, расказваюць, што іх фірменныя закаткі разыходзяцца ўміг. Хапае клопатаў і зімой. А яшчэ Уладзімір Юльянавіч – старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму», узначальвае ветэранскую арганізацыю Ганчароўскага сельсавета.
Такі вось ён чалавек. Глядзіш на яго, слухаеш, пераглядаеш фотаздымкі і разумееш, што і лёс можна падпарадкаваць. Безумоўна, лёгка не будзе, але ні ў якім разе скарацца нельга. Чалавек павінен быць шчаслівым… З такімі думкамі развіталася з Уладзімірам Жаваранкам.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *