Заверана натарыяльна. На пытанні падчас прамой лініі «ЛВ» адказвала загадчык натарыяльнай канторы

З натарыяльнымі дзеяннямі мы сутыкаемся ў самых розных жыццёвых сітуацыях. У якіх выпадках без натарыуса не абысціся, на што звяртаць асаблівую ўвагу пры заключэнні тых ці іншых здзелак – на гэтыя і іншыя пытанні землякоў падчас прамой лініі «ЛВ» адказвала загадчык натарыяльнай канторы Ляхавіцкага раёна Іна ШАБАЦЬКО.

– Хачу набыць аўтамабіль за мяжой, але сама паехаць не змагу. Іна Пятроўна, парайце, як лепш зрабіць у такім выпадку? Кацярына, г.Ляхавічы.

– У такім выпадку можна аформіць у натарыуса даверанасць на набыццё аўтамабіля за межамі Рэспублікі Беларусь, мытнае афармленне набытага аўтамабіля і пастаноўку яго на ўлік у органах ДАІ.

Для афармлення даверанасці вам неабходна з’явіцца да натарыуса асабіста з пашпартам, а таксама мець пры сабе пашпартныя даныя асобы, якую вы жадаеце ўпаўнаважыць на згаданыя дзеянні. Калі даверанасць будзе выдавацца блізкаму сваяку, натарыяльны тарыф складзе
31 рубель 85 капеек. Зразумела, сваяцкія адносіны трэба пацвердзіць дакументальна.  Калі ж даверанасць выдаецца іншай асобе, натарыяльны тарыф складзе 56 рублёў 35 капеек. Інваліды і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды І і ІІ груп, а таксама пенсіянеры маюць права на льготу пры прад’яўленні адпаведных дакументаў.

– Знаёмыя просяць пазычыць грошы. Што вы параіце зрабіць, каб і адносіны не сапсаваць, і грошы не страціць? Ірына, г. Ляхавічы.

– У вашым выпадку трэба аформіць у натарыуса дагавор пазыкі грошай. У дагаворы ўказваецца тэрмін вяртання грошай. Калі наступіў тэрмін вяртання, а пазычальнік не вяртае доўг, вы можаце з дагаворам пазыкі звярнуцца да натарыуса за афармленнем выканаўчага надпісу аб спагнанні запазычанасці. У такім выпадку няма неабходнасці ісці ў суд. З выканаўчым надпісам звернецеся да судовых выканаўцаў, якія будуць спаганяць доўг.

Для засведчання дагавора пазыкі да натарыуса павінны з’явіцца пазычальнік і пазыкадавец асабіста з пашпартамі. Калі ў пазыкадаўца ёсць муж ці жонка, то неабходна атрыманне іх згоды, у сувязі з чым ім таксама трэба прыбыць да натарыуса з пашпартам.

Натарыяльны тарыф за засведчанне і складанне дагавора пазыкі грошай складае 129 рублёў 85 капеек.

– А калі мы возьмем са знаёмых распіску?

– У выпадку невяртання грошай вам давядзецца спаганяць доўг праз суд.

– Я атрымала ў спадчыну бацькоўскі дом. Разам з мужам зрабілі рамонт, прыбудавалі да дома лазню. Ці можа муж прэтэндаваць на дом маіх бацькоў у выпадку разводу?

– Маёмасць, атрыманая ў парадку наследавання, з’яўляецца асабістай маёмасцю мужа ці жонкі. Але, у адпаведнасці з артыкулам 26 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, такая маёмасць можа быць прызнана агульнай сумеснай уласнасцю, калі будзе ўстаноўлена, што ў перыяд шлюбу за кошт агульнай маёмасці мужа і жонкі ці асабістай маёмасці «другой паловы» былі зроблены ўкладанні, якія істотна павялічылі кошт гэтай маёмасці (капітальны рамонт, рэканструкцыя і г.д.). Такім чынам, калі ваш муж дакажа, што ўкладанні ў гэтую маёмасць былі зроблены з агульных сродкаў і значна павялічылі кошт дома, ён зможа прэтэндаваць на долю ў ім.

У такіх выпадках мэтазгодна заключыць паміж мужам і жонкай шлюбны дагавор, у якім прадугледзець немагчымасць прызнання агульнай сумеснай уласнасцю маёмасці, што належала мужу і жонцы да ўступлення ў шлюб, а таксама маёмасці, атрыманай у дар ці ў парадку наследавання ці на іншых падставах, нават калі ў перыяд шлюбу ў яе былі зроблены істотныя ўкладанні.

Натарыяльны тарыф за засведчанне і складанне шлюбнага дагавора складае 203 рублі 35 капеек.

–  Іна Пятроўна, растлумачце, калі ласка, што значыць фактычнае прыняцце спадчыны?

– Фактычнае прыняцце спадчыны – гэта ўступленне ў валоданне ці кіраванне спадчыннай маёмасцю. Напрыклад, пражыванне спадчынніка на дзень адкрыцця спадчыны ці на працягу ўстаноўленага для прыняцця спадчыны тэрміна па адным адрасе са спадчынадаўцам. Гэты факт трэба пацвердзіць дакументальна.

Калі спадчыннік фактычна прыняў спадчыну, але ў яго адсутнічаюць дакументы, што гэта пацвярджаюць, то факт прыняцця спадчыны можна ўстанавіць у судовым парадку.

– Пражываю ў Ляхавіцкім раёне, а зарэгістравана па месцы жыхарства ў Мінску. Дзе я магу аформіць завяшчанне?

– За засведчаннем завяшчання натарыусам можна звярнуцца ў любую натарыяльную кантору ці бюро, незалежна ад месца жыхарства грамадзяніна. У мясцовасці, дзе няма натканторы ці бюро, завяшчанне грамадзяніна можа быць засведчана ўпаўнаважанай службовай асобай мясцовага выканаўчага і распарадчага органа, за межамі рэспублікі –
упаўнаважанымі консульскімі службовымі асобамі.

Распараджэнне правамі на сродкі ў банку ці нябанкаўскай крэдытна-фінансавай установе можа быць засведчана ўпаўнаважанай асобай банка ці згаданай установы.

Калі, напрыклад, грамадзянін знаходзіцца на лячэнні ў арганізацыі аховы здароўя ці пражывае ў доме-інтэрнаце для састарэлых і інвалідаў, завяшчанне ад яго імя можа засведчыць галоўны ўрач, яго намеснік па медыцынскай частцы ці дзяжурны ўрач стацыянарнай лячэбнай установы, начальнік шпіталя, кіраўнік дома-інтэрната –
абавязкова ў прысутнасці сведкі. Такое завяшчанне называецца прыраўнаваным да натарыяльна засведчанага. Як толькі з’явіцца магчымасць, яго накіроўваюць праз орган юстыцыі на захоўванне ў натарыяльную кантору па месцы жыхарства спадчынадаўца.

– Чуў пра такі дакумент, як пагадненне аб выплаце аліментаў. Што патрабуецца, каб яго заключыць? 

–  Бацькі могуць заключыць такое пагадненне, калі выплата аліментаў не была прадугледжана ў шлюбным дагаворы, пагадненні аб дзецях або ў пастанове суда аб спагнанні аліментаў на непаўналетніх ці маючых патрэбу ў дапамозе непрацаздольных паўналетніх дзяцей, што ўступіла ў сілу.

Пагадненне аб утрыманні дзяцей заключаецца ў пісьмовай форме і падлягае натарыяльнаму засведчанню. Калі прадметам пагаднення аб выплаце аліментаў з’яўляецца нерухомая маёмасць, што перадаецца ва ўласнасць дзіцяці, то такое пагадненне належыць дзяржаўнай рэгістрацыі і з’яўляецца падставай для дзяржаўнай рэгістрацыі пераходу ўласнасці на гэту нерухомую маёмасць.

Парадак і форма ўтрымання дзяцей вызначаюцца бацькамі самастойна, пры гэтым не павінны парушацца правы і законныя інтарэсы дзяцей. Памер аліментаў на непаўналетніх дзяцей, вызначаны бакамі ў пагадненні аб выплаце аліментаў, не можа быць ніжэй, чым той, які яны маглі атрымаць пры спагнанні аліментаў у судовым парадку.

Пагадненне можа быць зменена ці скасавана па згодзе бакоў, а ў выпадках, прадугледжаных законам, – са згоды органа апекі і папячыцельства. Пры істотным змяненні матэрыяльнага ці сямейнага становішча бакоў, калі не атрымалася дасягнуць згоды аб змяненні ці скасаванні пагаднення, гэта робіцца ў судовым парадку.

Для засведчання пагаднення неабходны дакументы, якія сведчаць асобы бакоў, доказы роднасных адносін паміж бацькам ці маці, абавязаным выплачваць аліменты, і дзіцем. Пры пагадненні аб пераходзе нерухомай маёмасці ад бацькоў дзіцяці патрабуюцца дакументы, што пацвярджаюць прыналежнасць маёмасці, і выпіска з рэгіструючага органа.

Натарыяльны тарыф за засведчанне пагаднення – 400 працэнтаў базавай велічыні, за складанне праекта пагаднення –
200 працэнтаў БВ.

На прамой лініі працавала  Святлана БЕЛЬМАЧ.    

Фота з сайта http://www.bagnet.org

One thought on “Заверана натарыяльна. На пытанні падчас прамой лініі «ЛВ» адказвала загадчык натарыяльнай канторы

  • 16/04/2018 в 22:38
    Permalink

    Як гэта ні дзіўна, але люблю чытаць справаздачы з прамых ліній. Шмат карыснага для сябе засвойваю. Вось і з гэтай даведаўся, як пазычыць грошы сябру і не страціць добрых адносін.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *