Мы з ЛДАКа

Здаецца, сама вясна ўсміхнулася ласкавым сонейкам і падарыла цёплы дзень тым, хто з розных куточкаў Беларусі (і не толькі) у мінулую суботу спяшаўся ў Ляхавічы, а дакладней — у Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж на сустрэчу выпускнікоў. З раніцы ў двары навучальнай установы было мнагалюдна, дружалюбна, весела, крыху шчымліва і гучнагалоса.

Прадстаўнікі розных пакаленняў, маладыя і вельмі сталыя мужчыны і жанчыны абдымаліся пасля доўгага расстання, радаваліся, як дзеці, смяяліся, жартавалі і ўспаміналі, успаміналі, успаміналі. Многагалоссе рознымі тэмбрамі і фарбамі разносілася па наваколлі. То тут, то там чулася: «А ты зусім не змяніўся!» ці «Як была прыгажуняй, так і засталася» або «Колькі гадоў ужо не бачыліся…»

Пераважная большасць з амаль  паўтары сотні чалавек, якія прыехалі на сустрэчу са сваімі аднагрупнікамі, выкладчыкамі і каледжам, збіраецца разам вельмі рэдка. Шмат тых, хто апошні раз бачыў аднакурснікаў на выпускным развітальным балі. Жыццё іх склалася па-рознаму. Хтосьці працуе па спецыяльнасці, атрыманай у каледжы, нехта шчыруе зусім у іншых галінах вытворчасці і сферах дзейнасці. Ёсць і тыя, хто статус навучэнца спачатку тэхнікума, а потым каледжа змяніў на адказныя пасады выкладчыкаў ці працаўнікоў сваёй альма-матэр. І нават такія, хто лічыцца ветэранам гэтай навучальнай установы. Гэта пра іх — Мікалая Русіна, Валянціну Станкевіч, Аляксандру Матчэню, Уладзіслава Кірмеля, Ганну Крыштаповіч, Яўгенія Макарэвіча, Ірыну Клімовіч.

Усе разам яны — адна вялікая сям’я, у якой больш за 13 тысяч чалавек (менавіта столькім спецыялістам даў сельскагаспадарчую адукацыю і прафесію Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж). Кампетэнтныя спецыялісты, прынцыповыя  кіраўнікі, цудоўныя арганізатары, працавітыя людзі — выпускнікі розных гадоў гэтай кузні кадраў  (і, дарэчы, не толькі для сельгасвытворчасці). Такое стала магчымым у многім дзякуючы высокаму прафесіяналізму, вопыту і майстэрству выкладчыкаў.

…Нібы вярнуліся ў юнацтва, прайшліся па знаёмых сцяжынках студэнцкага гарадка, пасядзелі ў аўдыторыях і лабараторыях.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў сустрэчы звярнуўся дырэктар установы Вячаслаў Сельмановіч. Ён пажадаў поспехаў і ўдачы ўсім, для каго ЛДАК стаў часцінкай жыцця. Цёплыя словы гучалі з вуснаў усіх выступаючых, з асаблівай пашанай называліся  прозвішчы дарагіх сэрцу педагогаў. І канешне ж, былі кветкі, падарункі, песні, шчырыя словы ўдзячнасці і слёзы радасці ад доўгачаканай сустрэчы.

Сёлета ЛДАК адсвяткуе   55-годдзе. Але гэта будзе зімой. А пакуль у мінулую суботу тут сабраліся тыя, хто помніць і шануе свае ўспаміны аб цудоўным часе, праведзеным разам з сябрамі, аднакурснікамі і выкладчыкамі, усё тое, што завецца дарагім многім словам студэнцтва.

Спатканне на лавачцы прызначылі сабе выпускнікі-аксакалы, тыя, хто ў якасці маладых спецыялістаў сельскай гаспадаркі пайшоў у самастойнае дарослае жыццё 40 гадоў таму. У далёкім 1972 годзе — гэта быў першы выпуск аграномаў навучальнай установы.

— Паглядзіце, якія ўдалыя былі мы. Здавалася, усё навокал было для нас і дзеля нас, — з юнацкім запалам, паказваючы  студэнцкія фотаздымкі, гаворыць мужчына сталага ўзросту ў строгім касцюме і дадае: — а цяпер  зусім не пазнаць…

Аднак, наш зямляк Аляксандра Півавар, які зараз жыве ў Баранавічах, трохі хітруе. Так, яны пасталелі, алеўзроставыбагаж не пераважыць незабыўныя ўспаміны пра гады вучобы ў сельскагаспадарчым тэхнікуме і сяброўства.

— Ну зусім не пазнаць Ляхавічы, так па-прыгажэлі. Іншай стала і ферма ў Каменцы, куды мы хадзілі на практыку, — далучаецца выпускніца з 40-гадовым стажам Анастасія Канапацкая, якая прыехала на сустрэчу з вёскі Дзятлавічы Лунінецкага раёна. Яна спачатку працавала ў раслінаводстве, а потым да выхаду на пенсію — загадчыкам фермы.

Марыя Вісюк з Бярозаўскага раёна амаль увесь свой працоўны стаж зарабіла на пасадзе дыспетчара ў адной з сельгасгаспадарак Бярозаўшчыны. Не ўсе, хто ў 1972 годзе атрымаў дыплом агранома, працавалі па спецыяльнасці. Былы стараста гэтай групы Васілій Зуеў пад-крэсліў, што працавалі там, дзе патрэбны быў іх саўдзел, так былі выхаваны. Напрыклад, Мікалай Грышко з Лунінецкага раёна 10 гадоў ад-працаваў у сельскай гаспадарцы, а потым да пенсіі — на чыгунцы. Валерыя Дзянішчык з Тухавіч 25 гадоў аддала банкаўскай сістэме. Ніна Тадра калісьці працавала ў саўгасе брыгадзірам, потым выхавальнікам. Аляксандр Півавар паспрабаваў сябе ў якасці брыгадзіра, агранома, а цяпер і ўвогуле — «дальнабойшчык». Свяцічанка Марыя Курловіч — бухгалтар, жыве ў Любанскім раёне.

Здаецца, бясконца гаварылі б юбіляры пра свой сённяшні дзень, пра дзяцей і ўнукаў, але галоўнае ўсё ж — успаміны пра такія незабыўныя гады вучобы, студэнцкае сяброўства,  і, канешне, удзячнасць свайму куратару ці другой маме, як пяшчотна яе называлі тады, Алене Якаўлевай. І праз 40 гадоў  яна зноў разам са сваімі «рабятамі», праўда, ужо дарослымі.

Яны — самыя лепшыя і самыя дарагія для мяне навучэнцы. Якімі былі  дружнымі (адзін за ўсіх і ўсе за аднаго)  — такімі і засталіся. Нават не верыцца, што прайшло 16 гадоў, як яны закончылі каледж, —  кажа пра сваіх колішніх вучняў былы куратар    44-й групы заатэхнічна-ветэрынарнага аддзялення  Іван Пятух. І сапраўды, на сёлетнюю сустрэчу прыехала амаль уся група. Распытваюць кожнага пра жыццё-быццё, прычым, не забываюць гарэзліва «падкалоць» адзін аднаго, некаторыя юнацкія тайны адкрываюцца толькі цяпер. Таццяна Дзямідчык, якая працуе на Баранавіцкім камбінаце харчовых прадуктаў, з настальгіяй успамінае гады вучобы, цёплыя словы ўдзячнасці адрасуе куратару Івану Петуху, які аб’яднаў, згуртаваў рабят.

Ангеліна Гутырчык цяпер таксама баранавічанка, эмацыянальна ўспамінае пра каледж і лічыць тутэйшых выкладчыкаў самымі лепшымі. Як заўсёды, у гушчыні падзей усеагульная любіміца стараста групы Ала Філічкіна:

— Пасля заканчэння каледжа паступіла ў Віцебскую ветэрынарную акадэмію, разам з мужам, таксама ветэрынарам, прыехала працаваць на Ляхавіччыну. Вось ужо 6 гадоў — ветэрынарны ўрач ЗАТ «Белпрампрыбор». І мяняць прафесію не збіраюся.

— Ала не толькі прыгажуня і добры спецыяліст, а  яшчэ і выдатная гаспадыня. Яе дом у Патапавічах — адзін з самых прыкметных, — расказвае Іван Фёдаравіч і дадае, што ганарыцца сваімі выхаванцамі і называе проз-вішча Анатолія Ладыгі.

Бачна, што для Анатолія пачуць гэтыя словы Івана Фёдаравіча важна і важка. Ён расказвае пра сябе:

— Зараз працую галоўным ветэрынарным урачом Капыльскага раёна і начальнікам тутэйшай ветэрынарнай станцыі. За плячыма вучоба не толькі ў тэхнікуме, але і ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Каб у мяне была магчымасць прайсці свой жыццёвы шлях з пачатку, я зноў паступіў бы вучыцца сюды, а толькі потым у ВНУ — гэта адназначна.

Анатолій Ладыга, дарэчы, — адзін з распрацоўшчыкаў і сааўтараў медыцынскага прэпарата «віталад», які шырока выкарыстоўваецца ў жывёлагадоўлі. А яшчэ збіраецца паступаць у    аспірантуру.

Гаварыць з гэтымі выпускнікамі можна бясконца, але ім так хацелася пабыць разам, без «чужых».

Чатыры жанчыны добразычліва ўсміхаліся ўсім, хто падыходзіў да дзвярэй галоўнага корпуса ЛДАКа, і ўглядаліся ў твары шматлікіх гасцей, жадаючы ўбачыць сваіх аднакурснікаў. Але сёлета яны сабраліся толькі ўчатырох.

— Спадзяёмся, у наступны раз больш нашых прыедзе. Галоўнае, што мы сустрэліся, — гавораць выпускніцы заатэхнічнага  аддзялення 1976 года. Загадчыца фермы Алена Кацуба прыехала з Лунінецкага раёна:

— Так рада сустрэчы, вельмі хвалююся, нібы скінула з плячэй некалькі дзесяцігоддзяў. Ніколі не пашкадалава, што вучылася тут.

Гэта былі самыя лепшыя гады, паспявалі і вучыцца, і адпачываць, са спортам сябравалі, бегалі на танцавальныя вечары. Выкладчыкі да нас, як да ўласных дзяцей адносіліся, ва ўсім дапамагалі, падказвалі, раілі, — дапаўняюць сяброўку Валянціна Гіль, Таццяна Лойка і Валянціна Лапіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *