Вялікія рэсурсы ў нарыхтоўцы другасных матрэсурсаў. Планёрка ў старшыні Ляхавіцкага райвыканкама

Ход выканання заданняў па зборы другасных матэрыяльных рэсурсаў арганізацыямі раёна за першы квартал года стаў тэмай для абмеркавання на апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама. Абгрунтаванне важнасці гаспадарскага стаўлення да меўшых ужо выкарыстанне, аднак, гатовых і павінных паслужыць чалавеку яшчэ і ў новым «вобразе» паперы, шкла, пластыку прыводзілася не аднойчы і з’яўляецца зразумелым кожнаму. Калі ў двух словах, то сутнасць моманту можна выказаць формулай: збор другсыравіны – гэта экалагічная ашчаднасць і эканамічная выгада.
У адпаведнасці з дзяржаўным заказам, Ляхавіцкаму раёну на 2018 год даведзена нарыхтаваць 400 тон адходаў паперы і 200 тон – шкла. Тэрытарыяльнымі аператарамі – тымі, хто акумулюе паступленні другаснай сыравіны ад арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, індывідуальных здатчыкаў – з’яўляюцца ляхавіцкія райпо і камунгас. Кожны з названых аператараў мае заданне сабраць на працягу года па 200 тон макулатуры і па 60 тон шкла. Трэцім аператарам, які займаецца на тэрыторыі раёна падобнай тэмай, з’яўляецца індывідуальны прадпрымальнік Пронька. ІП, аднак, працуе толькі са шклом, сабраць якога, згодна з літарай задання, павінен не менш за 80 тон.
Для вытворчых магутнасцяў краіны, спецыялізаваных на перапрацоўцы другаснай сыравіны, важнай акалічнасцю з’яўляецца рытмічнасць паступ-лення адходаў. Таму ўсе гадавыя заданні – як для аператараў, так і для кожнай з асобных арганізацый раёна – маюць паквартальную «разбіўку».
Што маем па першым квартале года? За 3 месяцы сёлета камунгас нарыхтаваў нязначна больш за 13 тон макулатуры (квартальнае заданне раўняецца 40 тонам) і крыху «за» 18 тон шкла (задача на квартал – 12 тон). Аналагічныя заданні прапісаны і для райпо. А рэальнасць наступная: сабрана 24,5 тоны макулатуры і амаль 16 тон адходаў шкла. З улікам таго, што аператар-індывідуал Пронька замест вызначаных на квартал 16 тон шклабою сабраў аж 53, «просіцца» выснова: з гэтым відам другаснай сыравіны ў раённых нарыхтоўшчыкаў усё складваецца. Чаго не скажаш пра паперу-кардон.
У ходзе пасяджэння прагучалі назвы асобных лепшых арганізацый-нарыхтоўшчыкаў макулатуры: лясгас, райбальніца, торфабрыкетны завод, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, райветстанцыя, ДРБУ-200, ДП «Нача», СВК «Ляхавіцкі» і некаторыя іншыя. Нарада не абышла «ўвагай» і структуры, якія, згодна справаздачным дакументам, да нарыхтоўкі даведзеных відаў другаснай сыравіны не прыступалі. Сярод такіх значацца раённая структура «Беларусбанка», ільнозавод і льнонасенстанцыя, ПМС, ЗТАА «БелДан», пошта, абедзве ПМК, ТАА «Еўрагандаль», ГД «Уладзімір».
Акрамя двух названых відаў другаснай сыравіны, арганізацыі, прадпрыемствы, установы, асобныя грамадзяне раёна займаюцца зборам і здачай на перапрацоўку адходаў пластыку, бытавой тэхнікі, зношаных шын, адпрацаванага машыннага масла. З рознай ступенню актыўнасці праходзіць гэта важная кампанія. Але, як прагучала ў ходзе апаратнай нарады, актывізавацца неабходна ўсім. Пры гэтым важна «арганізаваць выкананне даведзеных заданняў памесячна».
Іван КАВАЛЕНКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *