Вясна ў “Кастрычніку”

Вясна на аграпалеткі Ляхавіччыны «спусцілася» прыкладна ў сярэдзіне мінулага тыдня. Дзякуючы адпаведнаму надвор’ю, належнай падрыхтоўцы і мэтанакіраванасці аграрыяў, старт пасяўной кампаніі атрымаўся дастаткова дружным. Так што па стану на мінулы панядзелак — дзень падрыхтоўкі гэтага матэрыялу — сяўбу ранніх зерневых не вялі толькі лічаныя гаспадаркі раёна.

Між тым, СВК «Востраў-Агра», «Ліпнянка», «Канюхі», «Дарава», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» зрабілі заметны ўжо крок наперад — адсеяліся на 15 і больш працэнтаў ад запланаванага.

Пасяўны рух на палетках ардэнаноснай гаспадаркі, канешне, не дасягнуў яшчэ сезоннага максімуму, аднак, адпавядае моманту. Работы разгортваліся на блізкім — адразу за перыметрам машыннага двара — полі. Два камбінаваныя глебаапрацоўчыя агрэгаты працавалі з яравой пшаніцай. Рухаліся з супрацьлеглых бакоў адзін насустрач другому, і завяршыць работы на гэтых гектарах у той жа дзень не з’яўлялася праблемай. Дзень, дарэчы, не падобны на тры папярэднія пасяўныя дні СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік».

«Сёння пачалі пазней, калі было ўжо каля 10 гадзін. Перашкодай для больш ранняга пачатку работ стала марозная скарынка, якая ўтварылася на палетку пасля ночы. Працаваць у такіх умовах — страціць у якасці сяўбы. Ды і павялічваеццапагроза выхаду са строю складанай і далікатнай тэхнікі», — расставіла акцэнты начальнік вытворчага ўчастка гаспадаркі Людвіка Піліпчык. Спецыяліст адзначыла, што год таму было некалькі інакш. Напрыклад, ня-гледзячы на больш позні пачатак работ, месцамі палі заставаліся ў пераўвільготненым стане. Сёлета гэтага няма: талая вада пакінула верхні слой глебы хутчэй. Гэты факт, дарэчы, стымулюе аграрыяў на яшчэ большую інтэнсіфікацыю пасяўных работ — каб паспець, пакуль палеткі знаходзяцца ў стане адноснай вільготнасці.

Аграрыям СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» давядзецца пашчыраваць сёлета на 1450 яравых гектарах. У тым ліку ў план «за-кладзена» і 570 гектараў ранніх зерневых і зернебабовых. Менавіта пра іх зараз галоўны клопат усіх аграрыяў раёна.

І трэба ж: дружны пачатак яравой сяўбы ў раёне ўчора «падмачыў» дождж з мокрым снегам уперамешку.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *