Пуцёўка на работу. У Ляхавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы прайшло размеркаванне

У жыцці выпускніка размеркаванне – падзея ў многім лёсавызначальная. Першае працоўнае месца – сапраўдная спроба маладога спецыяліста раскрыць сябе, першыя ініцыятывы, заданні, хваляванні, крок да  самастойнасці… Так важна, каб стартавая кропка стала месцам для развіцця і ўдасканалення.

Ляхавіцкі дзяржаўны аграрны каледж да гэтага пункту вучэбнага працэсу падыходзіць з асаблівай адказнасцю і з разлікам на перспектыўнасць. У сярэдзіне лютага 114 каляджан атрымалі, як гаворыцца, пуцёўку ў дарослае жыццё.

Тое, што ЛДАК – сапраўдная кузніца сельскагаспадарчых кадраў, сумнявацца не прыходзіцца. Штогод на рамеркавальны дзень сюды прыязджаюць кіраўнікі, галоўныя спецыялісты, кадравікі з розных аграпрадпрыемстваў краіны. Многія ўвогуле на працягу вучэбнага года цесна супрацоўнічаюць з каляджанамі: сустракаюцца за круглым сталом, сочаць за паспяховасцю, запрашаюць на практыку, ладзяць экскурсіі па гаспадарцы.

Адказны сакратар камісіі па размеркаванні Наталля Кірмель расказвае, што і сёлета «купцоў», якія жадалі папоўніць свае гаспадаркі кваліфікаванымі маладымі кадрамі, было шмат. Патэнцыяльныя работадаўцы прыехалі з Баранавіцкага, Карэліцкага, Камянецкага, Пружанскага раёнаў – больш за 40 прадстаўнікоў з розных аграпрадпрыемстваў, зацікаўленых у працаўладкаванні спецыялістаў, якіх рыхтуе Ляхавіцкі агракаледж.

– Гэта гаворыць пра многае. Нашы выпускнікі – запатрабаваныя кадры ў сельскагаспадарчай галіне, яны цэняцца. Гэта даказвае, што ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы адпаведна высокі, – адзначае Наталля Леанідаўна.

Многія з навучэнцаў пасля практыкі вырашаюць, куды накіруюцца на працу. Іншыя выбіраюць з прапанаванага спіса месцаў, дзе патрабуюцца спецыялісты. Калі працоўныя і бытавыя ўмовы задавальняюць –  размяркоўваюцца. Выбіраць сёлета, як, дарэчы, і штогод, было з чаго: для навучэнцаў аддзялення ветэрынарнай медыцыны, напрыклад,  прапаноўвалася звыш 200 працоўных месцаў.  Многія работадаўцы даўно «прыглядзелі» сабе навічка і накіравалі запыты ў ЛДАК на размеркаванне.

Дарэчы, Брэсцкая вобласць хутка прыме цэлы атрад лдакаўскіх профі ў колькасці 79 чалавек. На аграпрадпрыемствы нашага раёна сёлета размеркаваліся сямёра. Маладыя кадры папоўняць ДП «Востраў-Агра», «Нача», КСУП «Тальмінавічы», ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Ляхавіцкі райаграсэрвіс».

Навучэнец 41 групы плода-агароднінаводаў Дзмітрый Царык асабліва чакаў размеркавання. Хутка ён будзе шчыраваць аграномам у «Шляху новым».

– Цяпер праходжу тут пераддыпломную практыку. Шчыра сказаць, чакаю, калі прыбуду сюды не ў якасці практыканта, а маладым спецыялістам. Сам з Навасёлак – «Шлях новы» для мяне родная гаспадарка. Ведаю добра калектыў і хачу стаць яго паўнацэннай часцінкай. Выдатныя ўмовы працы, дастойная заработная плата – стымулы для развіцця, а добрая вытворчая база ў спалучэнні з жаданнем удасканальвацца дае магчымасці для кар’ернага росту. Лічу, што менавіта такая практыка, калі пачынаеш сяброўства з гаспадаркай са студэнцтва, дае свой плён. У першую чаргу, у выглядзе ўпэўненасці і жадання працаваць, – расказвае Дзмітрый.

Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *