Чабаровымі сцежкамі. Кропка на карце: Рачканы

Вёскі-вёсачкі, дарагія сэрцу краявіды, малая радзіма. Тут асаблівая ступень роднасці – аднавяскоўцы, тут прахожыя шчыра вітаюцца адзін з адным, кожная сцяжынка – з гісторыяй, па-асабліваму перашэптваецца вецер і грэе сонейка, рана ўвесну распускае косы вярба.
У кожнага населенага пункта, вялікага ці ў некалькі дамоў, –  свая адметнасць. Тая, якая выдзяляе, прыцягвае, надае каларыт і застаецца ў памяці незабыўным імгненнем. Рачканы – вёска нешматлюдная, хаця і населеная: па звестках Начаўскага сельвыканкама, тут жыве больш за дзевяць дзясяткаў чалавек, амаль палова – працаздольнага ўзросту. Нейкі час вёска нават была цэнтрам гаспадаркі.

Прыцяжэнне роднасці

Рачканы – вёска адметная. Прасціраецца над ёю, ахоўвае і сустракае яшчэ здалёк касцёл. Гэта не проста культавае збудаванне, а гісторыка-культурная каштоўнасць, пра што засведчвае адпаведны надпіс, на якім пазначаны 1908 год.
– 110 гадоў назад сям’я Міклашэвічаў узвяла гэты дом з чырвонай цэглы. А праз 85 гадоў браты Міклашэвічы – Казімір і Пётр – падарылі сваю радавую сядзібу вёсцы, дзе і размясціўся касцёл. Служыць тут ляхавіцкі ксёндз Станіслаў Маленькі ,– уводзіць у курс Ірына Фірусь, для якой Рачканы – малая радзіма, аддушына жыцця. Бацькоўскаму дому-дачы яна не дае прыйсці ў заняпад, стараецца расквеціць і ўпрыгожыць.


Родная вёска для Ірыны Фірусь – самы дарагі куточак зямлі

Пра гісторыю роднай вёскі расказвае цікава і нераўнадушна. Вычытала ў адной з энцыклапедый, што пачалася рачканская біяграфія ў ХVII стагоддзі.
Мясцовы люд не быў багатым. Нават у 60-ыя гады мінулага стагоддзя некаторыя хаты былі крытымі ў каго саломай, у каго гонтам, фіранкі на вокнах – з марлі, а ўзоры на іх рабілі расчоскай. Гэта пазней, калі пачала мацнець тутэйшая гаспадарка, вяскоўцы зажылі заможна. І сёння ў складзе СВК «Ляхавіцкі» яны адчуваюць сябе ўпэўнена.
З павагай і ўдзячнасцю гавораць рачканцы пра старшынь «Ляхавіцкага» Аляксандра Вітко і Івана Вітко. Асабліва пра Аляксандра Іванавіча, які шмат гадоў іх падтрымліваў, заўсёды адгукаўся на просьбы, упэўнена вёў наперад гаспадарку і чуў запыты землякоў. Уладкоўвалі касцёл – дапамагаў матэрыяламі, для адпачынку выкапаў саджалку…

Сонечныя скрыжаванні

На вуліцы Інтэрнацыянальнай у Рачканах сонечна-прывабна глядзіцца сядзіба Таццяны Болтуць. Гаспадыня тут нарадзілася, тут пай-шла замуж, адсюль выправіла ў дарослае жыццё дзяцей. Ні кропелькі не шкадуе, што не шукала іншага лёсу.
– Жыццё ў нас было дружнае, вясёлае. На поле працуем – песню пяём, сядзем паабедаць – зноў спевы. Праца заўсёды была ў радасць. Кожны з дзяцей меў свае абавязкі. На старэйшай дачцы Галі былі малодшыя Таня і Віця, – расказвае жанчына. І з мацярынскім гонарам удакладняе: выраслі дастойнымі людзьмі, прыязджаюць, наведваюць. А яна для іх стараецца, вось сёлета пасадзіла ўжо больш за дзве сотні каліваў раса-ды – будуць свае памідорчыкі.
З 1970 года да самай сваёй пенсіі загадвала ў Рачканах клубам Алена Страмавус. Сама спявачка знатная, аднавяскоўкі зацягнуць песню – заслухаешся. Святы ладзілі – уся вёска радавалася.
– Жыццё ўдалося. У майго бацькі было сем дачок, а ў мяне шэсць унучкоў-хлапчукоў. Суседка праз тры хаты – сястра Ірына, – расказвае Алена Страмавус.
З мужам яна раней трымала вялікую гаспадарку, падымалі сына і дзвюх дочак. Дзеці жывуць у Баранавічах, але ў Рачканах, у мамы, – частыя госці.

Сцяжок за сцяжком: Таццяна Болтуць стварае вышываную прыгажосць.

Алена Страмавус загадвала мясцовым клубам.

Размеркаванні лёсу

Збочвае з дарогі, крыху хаваецца ўбаку малочнатаварная ферма «Рачканы». Больш за два дзесяцігоддзі тут, дзень у дзень, адшчыравала Аліна Брэчка. Спачатку вазіла на перапрацоўку малако ў Мазуркі. Калі кіраўнік мясцовага саўгаса назначыў яе загадчыцай МТФ, давялося падвучыцца ў Ляхавіцкім тэхнікуме.
– Сям’я – муж і дзве дочкі, гаспадарка, а я на вучобу. Без выхадных працавалі, не лічыліся з асабістым часам. Палепшыліся кармы для каровак, і з 4,5 літра малака пачалі надойваць удвая больш. Справы пайшлі ўгору, – успамінае Аліна Аляксандраўна.
Яе муж быў адмысловым бондарам – рабіў вёдры, кадушкі для сала і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы. Зараз дочкі і ўнучкі тэлефануюць па некалькі разоў на дзень, хвалююцца, як там іх бабуля. А яе дом прыгожы і зімой, і ўлетку – на колішніх святах вёскі заўсёды прызнаваўся ўзорным.
Анатолій Слаута ў Рачканы трапіў па размеркаванні. Ажаніўся на мясцовай дзяўчыне Таццяне, і больш за чвэрць стагоддзя яны  разам і дома, і на рабоце – жонка працуе тут жа, на ферме.

Аліна Брэчка

Прадавец Галіна Вярбіла і Ксёнжык Тамара

Узроўневае прывітанне

Сапраўдны «інфармацыйны цэнтр» у вёсцы – магазін. Прадавец Галіна Вярбіла – тутэйшая, стараецца выканаць пажаданні-заказы кожнага земляка. Дарэчы, акрамя стацыянарнага гандлю, прыязджае сюды і аўталаўка.
На ўзроўні і медабслугоўванне – за гэта ў адказе фельчар Наталля Бубенчык.
Недалёка ад магазіна жыве Марыя  Калбаса, у Рачканах чалавек паважаны. Ёй гады ў радасць – пайшоў 95-ы, а яна энергічная і жвавая, не скардзіцца на памяць. Расказвае пра мінулыя дні ў дэталях, быццам было ўсё ўчора. Яшчэ дзяўчом у пана Масальскага няньчыла ягонага сынка, пасля там кухарыла.
– Тата бандарыў і прадаваў свае вырабы ў Сіняўцы. Сеялі жыта, ячмень, грэчку. Жніво спрадвеку было часам адказным і святочным: у поле выходзілі ў светлых сукенках і хустках, у руках сярпы, – успамінае Марыя Міхайлаўна.
Сёння яна любімая бабуля, самы дарагі чалавек для сваіх родных.

Тут жыў Янка Чабор

Дзе скарб наш

Каларыт Рачкан і ў цесным суседстве гісторыі з сучаснасцю. У нібы пасівелым ад часу доме некалі жыў Іван Патаповіч – паэт Янка Чабор, адказны рэдактар першага і апошняга нумара часопіса «Літаратурная старонка». З паэтычнай спадчыны Чабора засталося некалькі вершаў і добрая памяць яго родных, землякоў. Старэйшыя вяскоўцы і сёння раскажуць пра шчырую дапамогу заможнай сям’і Патаповічаў – Цімохаў (так іх называлі па-вясковаму) бяднейшым. Нейкі час нават частка дома была адведзена пад школу. Сядзіба вызначалася адмысловымі элементамі – балкончыкам, калонамі, што тлумачылася прыхільнасцю гаспадароў да пратэстанцкай плыні – штундыстаў, прадстаўнікі якіх часта тут збіраліся.
Захавальніца сямейнай гісторыі – унучатая пляменніца Янкі Чабора Наталля Запольская – у Рачканах не падарожнік, а актыўны ўдзельнік жыцця-быцця.
– У вёсцы прайшло дзяцінства, тут жылі мае продкі. Хачу, каб і мае дзеці ведалі сваю радаслоўную, паважаную і прыкметную, – адзначае Наталля.
… Вялікае бачыцца на адлегласці, але пачынаецца ўсё з малой радзімы. З бацькоўскіх урокаў, з сонечнай кроплі, са слоў адметных і мілагучных. Дарэчы, назва Рачканы, па сведчанні вяскоўцаў, пайшла ад слова рака.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Сакрэт даўгалецця ад Марыі Калбаса: працавітасць і жаданне жыць.

Сястрычкі Каця і Алена Шут.

Добраўпарадкаванне – справа важная, лічыць Уладзімір Уласень.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *