Свядомы інтарэс. Суботнічаем!

Маладыя ўрачы Віктар Макарчук і Анастасія Пташнік шчыравалі на пасадцы парку поплеч з калегамі.

У кожнага свой удзел у традыцыйных месячніку добраўпарадкавання і рэспубліканскім суботніку: хтосьці «змагаецца» са смеццем, хтосьці падфарбоўвае агароджу, іншыя «латаюць» дарогі. Але аб’ядноўвае ўсіх адно – жаданне стварыць прыгажосць і ўтульнасць, навесці чысціню і парадак у родным горадзе, у сваёй вёсцы. Шчыруюць школьнікі, навучэнцы, працоўныя калектывы, неабыякавыя жыхары, якім да ўсяго, у добрым сэнсе, ёсць справа.

Акрамя навядзення парадку, мы зарабляем сродкі, каб асабіста стаць саўдзельнікамі падрыхтоўкі дзіцячых аздараўленчых лагераў да сезона адпачынку, прывядзення ў парадак гісторыка-культурных помнікаў і г.д.
А ляхавіцкія медыкі не ў халатах, без танометраў і фанендаскопаў, не на прыёме хворых і не ў стацыянары шчыравалі таксама на карысць добрага самаадчування землякоў –
закладвалі парк здароўя. Няхай і невялікі – высадзілі каля 130 саджанцаў дрэў, але ля медапартаментаў з’явіцца дадатковае месца з небальнічнай абстаноўкай, дзе пацыенты змогуць проста прагуляцца, проста адпачыць.
У лячэнні ўсе сродкі на карысць. Асабліва, калі размова пра свежае паветра, напоўненае пахам хвоі. Прайсціся між сосен і елак, атрымаць асалоду ад прыемнага водару – гэтага часам досыць, каб, напрыклад, супакоіцца, пазбавіцца дрэннага настрою.
Галоўны ўрач райбальніцы Георгій Хлябовіч прызнаецца:
– Сімвалічна, што наша агульная ідэя стварыць сасновы парк увасобілася ў жыццё менавіта ў Год малой радзімы, ды яшчэ ў Тыдзень лесу. Дзякуй лясгасу, які забяспечыў саджанцамі. Радуе, што моладзь вельмі актыўна падключылася да «зялёнай» справы і нават выказала жаданне не спыняцца на гэтым участку.
…Справіліся. На невялікай плошчы пакуль сціплыя прыкметы будучага парку –  парку здароўя. Групавы фотаздымак на памяць: «праз гадоў 10 параўнаем», жартуюць медыкі. А калі сур’ёзна: няхай расце і радуе ляхавічан!

Маргарыта КУХТА.

Фота аўтара. Больш фота тут.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *