Этыкет па-жарабковіцку

Віктар Верас таксама заняты на сяўбе.

Механізатар-сейбіт Іван Палуэктаў.

Калі памятаць, што на календары нязначна «за» сярэдзіну красавіка, той дзень можна лічыць дастаткова гарачым. Ззяла сонейка. Час веснавых палявых работ у сельскагаспадарчых прадпрыемствах – гэта па вызначэнні – з’яўляецца перыядам моцнага напружання і ці не касмічнай працоўнай гарачыні. Гарачы абед у такой сітуацыі ператвараецца ў нешта значна большае, чым банальны чарговы прыём ежы. Добры работнік – сыты работнік, пра што ні на хвіліну не забываюцца ў ААТ «Жарабковічы». Работа палявой кухні гаспадаркі пастаўлена ці не на круглагадовую аснову, незалежна ад сезонна-вытворчых прыярытэтаў. Так супала, што іменна на час абеду са сваім карэспандэнцкім інтарэсам завіталі мы на адзін з пасяўных палеткаў гаспадаркі. Якраз аграрыі хутка, у поўнай адпаведнасці з палявым сталовым этыкетам «разабраліся» з першым-другім-трэцім – і за справу.

– А дзявятнаццатай гадзіне будзе яшчэ адзін апетытны прыпынак пасяўнога каравана – на так званы падвячорак па-жарабковіцку, – дакладна тлумачыць немалаважную акалічнасць яравых будняў гаспадаркі начальнік вытворчага ўчастка Міхаіл Багацкі.
У той сітуацыі слова «караван» здаецца не толькі вобразным, але і красамоўным. На палетках у радыусе бачнасці працуе многае і многія. Напрыклад, плугі ў агрэгацыі з «Кіраўцам». Як расказаў Міхаіл Міхайлавіч, участак трэба было ўзараць яшчэ з восені. Але ж мы памятаем яе леташнюю – шчодрую на дажджы, вільготную. Поле нізкае, і ўлезці на яго з цяжкай тэхнікай тады было немагчыма. Даводзіцца даганяць зараз, паралельна з пасяўнымі клопатамі.
У гэтай сітуацыі, у тым месцы і ў той час партыя галоўнай скрыпкі маштабнага, шматгалосага і, трэба думаць, зладжанага пасяўнога калектыву выканана Іванам Палуэктавым. Механізатар-сеяльшчык, спецыяліст сваёй справы, якіх пашукаць. Яго «Беларус» у агрэгацыі са шматфункцыянальнай глебаапрацоўчай пасяўной машынай суправаджае рухомае пылавое воблака, за якім адкрываюцца раўнюткія і бясконцыя радкі-пасевы. Нібы штрыхі на выкананым майстарскай рукой чарцяжы. Урокамі чарчэння жарабковіцкія сейбіты займаюцца з самага ранку і да позняга вечара. У сем раніцы яны ўжо ў полі, на якім «затрымліваюцца» да васьмі вечара.
Вясна сёлета стартавала нетрадыцыйна позна, і відавочная неабходнасць даганяць, каб не спазніцца з фінішам.
На тым жа полі і з той жа мэтай працаваў яшчэ адзін пасяўны экіпаж. Конік там у якасці цяглавай сілы і трыа паляводаў-сейбітаў, узброеных неабходным шанцавым інструментам. Іх задача – дасеяць тыя пятачкі, да якіх «не дастае» тэхніка – участачкі вакол апор лініі электраперадачы. Ніякіх і ні ў якім выглядзе пустак на зямлі заставацца не павінна. І ў гэтым таксама можна разгледзець своеасаблівы этыкет. Назавём яго пасяўным этыкетам па-жарабковіцку.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *