Пад дыктоўку красавіка. Надыходзіць час пік для таго, каб усе мы адчулі сябе саўдзельнікамі добрай справы – суботніка

Знаёмы расклад, знаёмыя каардынаты. Калі ўспыхваюць белым чаромха і дзікая алыча… Калі буслянку ўжо засяліў яе важны гаспадар… Калі трава-мурава зазелянела сакавіта і ярка… Калі дзятва размалявала рознакаляровай крэйдай тратуар і скача сабе ў класікі… Усё гэта і многае іншае сведчыць: вясна! І значыць надыходзіць час пік для таго, каб усе мы адчулі сябе саўдзельнікамі добрай справы – суботніка. І – талакой на ўборку, на добраўпарадкаванне, на стварэнне клумбаў і пасадку будучых садоў, паркаў, лясоў. Штосьці падфарбаваць, дзесьці адрамантаваць, а там новую лавачку паставіць і на дзіцячай пляцоўцы арэлі прывесці ў парадак – гэта таксама ў раскладзе суботніка. У яго бывае пах веснавой рачной вады: на ўзбярэжжы нашай Ведзьмы – шчыраванне пра парадак у гарадской зоне адпачынку (чым і займаюцца ў рабочую суботу супрацоўнікі райвыканкама, непадалёк – меліяратары). А яшчэ іншы раз суботнік суправаджаецца непаўторным пахам хвоі, што асабліва адчуваюць тыя, хто наводзіць парадак у лесе. Некаторыя землякі сёння заступілі на сваю звычайную працоўную вахту – суботнічаюць на рабочых месцах. Так, задача ўсіх трох змен кансервавага завода – перапрацоўка бярозавіку. Мяркуецца, што гэта будзе   150 туб – 24 тысячы трохлітровых слоікаў гаючага і папулярнага напітку.
Сярод асаблівых прыкмет працоўнага дэсанта – усмешлівыя твары яго ўдзельнікаў, бадзёрыя размовы, гатоўнасць пажартаваць ці песняй уклініцца ў шматгалоссе гэтага дня.
Тыя, каму за пяцьдзясят-шэсцьдзясят, успамінаюць збор металалому, што абавязкова прысутнічаў у іх далёкіх школьных суботніках. Якім жа жаданым было гэта таварысцкае спаборніцтва, і як жа хацелася, каб менавіта твой клас вызначыўся. Употай ад бацькоў выносілі з дому зусім не лішнія патэльні, запасныя прасы, з невялікай дзірачкай каструльку, якой было прымяненне ў гаспадарцы, гантэльку… А калі на лінейцы аб’яўлялі самых актыўных удзельнікаў суботніка, трыумф быў паўнейшы. Настрой не маглі сапсаваць ні бацькоўскія вымовы за знікшыя рэчы, ні ўшчуванні, што так рабіць не трэба было.
Колькі часу прайшло, колькі змен адбылося. А традыцыя суботніка, калектыўнага працоўнага дэсанта ніколькі не зменшыла сваёй значнасці. Будзённая быццам бы справа, але важнасць яе зместу па-над буднямі і па-за ўзростам удзельнікаў. Гэта ўсведамляе і маладое пакаленне, і сталае.
Што вы думаеце пра суботнік, – пытаюся ў землякоў.
Суботнік – гэта калектыўная работа многіх на агульную карысць. Работа, якая радуе, аб’ядноўвае і працэсам, і вынікам, – разважае старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Мікалай Юруць.
Патрэбная, знакавая падзея – і добра, што я яе ўдзельніца. Нічога надзвычайнага няма ў тым, каб РАЗАМ пашчыраваць на добраўпарадкаванні брацкай магілы, дзе пахаваны героі, якія змагаліся з фашызмам. Гэта – абавязак нашчадкаў, якія жывуць у міры. Нічога складанага не бачу ў тым, каб паклапаціцца пра парадак на тэрыторыі свайго населенага пункта, установы, дзе працуеш, тым больш, у Год малой радзімы, – пераканана настаўніца замежнай мовы Крывошынскай СШ Вікторыя Соц.
Паміж Вялікаднем і Днём Вялікім – Перамогі – сёлета роўна месяц. Як жа добра, што ў гэты светлы час мы талакой – не натоўпам – у справе патрэбнай, у жаданні добраахвотным, у памкненні свядомым. Заробленыя намі на суботніку сродкі плануецца накіраваць на рамонт, рэстаўрацыю, аднаўленне помнікаў, месцаў баявой і воінскай славы; на фінансаванне работ па праектаванні, рамонце і рэстаўрацыі гісторыка-культурных аб’ектаў; на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, устаноў адукацыі, спорту, культуры, аховы здароўя; развіццё дзіцячай творчасці,фізічнай культуры і спорту, добраўпарадкаванне і на іншыя карысныя справы.
Часта красавік надзяляецца вызначэннем «пралог мая». Так, пралог, але вельмі самадастатковы, напоўнены сваім зместам, сонцам, першым цвіценнем вясны. Нашы красавіцкія тэзісы сцвярджаюць: мірнае неба – гэта скарб, у адказе за які мы – землякі; і за важкі колас, і за дзіцячы смех, і за крынічную чысціню, і за самую мірную песню – маміну калыханку. Усё гэта сілкуецца любоўю. А калі любіш – клапоцішся. Вось і сённяшні суботнік – часцінка клопату пра тое, па прычыне чаго мы шчаслівыя. Часцінка клопату кожнага паасобку і ўсіх разам – саўдзельнікаў прыгожай чыстай традыцыі.
Вольга БАРАДЗІНА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *