Гліняныя ўсмешкі ад майстра Алены

Яе можна назваць аптымістычным лірыкам, а можна – лірычным аптымістам. Дастаткова паглядзець на работы Алены Базылевай, як паляпшаецца настрой і святлейшым становіцца нават пахмурны дзень. Яе матэрыял – гліна, любімая тэма – фальклор, а почырк прадумана непасрэдны і адначасова паглыблена філасофскі. У Мыслабажскім Доме народнай творчасці Алена вядзе гурток керамікі, і вакол яе заўсёды дапытлівыя вачаняты, перапэцканыя глінай рукі юных аматараў асвоіць такое прыцягальнае і цікавае рамяство.
Лена вучылася ў інстытуце культуры на факультэце народнай творчасці і стала дыпламаваным майстрам народных рамёстваў. Сцэнкі вясковага жыцця і побыту ў керамічным увасабленні ды расфарбаваныя сонечнымі краскамі так і прыцягваюць сваёй адначасова арыгінальнасцю і звычайнасцю. Пакінула яна непаўторны аўтограф, прысвечаны і раёнцы: за самаварам вясковая кабета з мужам, тут жа кот-катафей, пеўнік, сабачка з дзьмухаўцам за вухам – усе не чай п’юць, а газету «Ляхавіцкі веснік» вывучаюць… Керамічная карціна расчуліла і чытачоў, і журналістаў данельга. Але гэта невялікае адступленне, справа – у творчасці і таленце. Творчасць – яе рамяство. Гэта пра Алену Базылеву, экспазіцыя работ якой зрабіла б гонар любой выставе народнай творчасці.
Ці перадаецца талент і светлы погляд на жыццё ў спадчыну, хутка пабачым: сынок Алены вельмі ўжо зацікаўлена назірае за мамінай работай.
Вольга БАРАДЗІНА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *