«Сюрпрыз» з «Вулканам»

Яе раніца пачынаецца звычайна: з кубачка кавы або чаю, а разам  з тым і з думак, чым сёння зацікавіць сваіх таленавітых дзетак. Усяго каля паўгода, а для маладога спецыяліста, настаўніка харэаграфіі Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў Алесі Груша яе маленькія зорачкі, сапраўды, сталі сваімі.
– Не магу дачакацца заняткаў, каб расказаць ім пра чарговую задумку. Але самае цікавае, як яны адрэагуюць на яе, як убачаць, увасобяць ідэю ў танцы. Дзеці часам выдаюць геніяльныя думкі, галоўнае –  прыслухацца, – сцвярджае Алеся.

Дзяўчына прызнаецца: і Ляхавічы паспелі стаць мілымі яе сэрцу. Утульны гарадок з сонечнымі людзьмі, падумала, калі яшчэ навучэнкай Пінскага каледжа мастацтваў прыязджала знаёміцца з першым  працоўным месцам, куды трапіла па размеркаванні. Сяброўка-аднагрупніца Вольга Буймістр (між іншым, цяпер яе калега) шмат добрага расказвала пра мясцовую школу мастацтваў, у якой яна вучылася, пра дружны калектыў прафесіяналаў, што адкрываюць перад дзецьмі свет прыгажосці.
– Захацелася да іх далучыцца. І зусім не расчаравалася. Займаюся тым, што па-сапраўднаму люблю, ад чаго атрымліваю неверагодную аддачу. Што асабліва важна для маладога спецыяліста, тут цудоўны калектыў. Твая прапанова яшчэ на старце атрымае моцную падтрымку, таму і складанасці, якіх у жыцці навічкоў, паверце, шмат, не палохаюць, – прызнаецца Алеся.
… Прыгожы паварот галавы, адточаны рух, скачок у шпагат…Цудоўна! Сэрца настаўніцы сціскаецца, калі яе падапечныя на сцэне: яна сочыць за кожным элементам, хвалюецца, як яго ўспрымуць іншыя, ці зразумеюць, як адчуваюць сябе дзеці, гэта таксама важна.
А яны адчуваюць сябе вельмі ўпэўнена, што і прадэманстравалі на IV міжнародным фестывалі харэаграфічнага мастацтва «Dance academy» ў Мінску. Да ўдзелу ў фестывалі іх танцавальны калектыў «Сюрпрыз» падрыхтаваў дзве пастаноўкі ў намінацыі «эстрадны танец» у малай групе і фармэйшан.
Першым яны паказалі пранікнёны, чуллівы нумар «Зязюля», прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Прынялі яго вельмі добра. Наступная пастаноўка – «Вулкан» – вызначылася яркім дынамізмам, напалам эмоцый, неверагоднай вобразнасцю. Юныя танцоры ў імгненне ператварыліся ў часцінкі бурлівага вулкана.
– Цікава, але і праз танцы дзеці пазнаюць навакольны свет, фарміруюць свае адносіны да той ці іншай падзеі. Нельга проста ўзяць і паставіць танец на якую-небудзь тэму, у яе трэба адразу пагрузіцца, вывучыць, каб перадаць пасля ў рухах, – расказвае Алеся.
Яна разам з калегай Таццянай Яўсей рыхтавала сваіх выхаванцаў да выступлення: рэпеціравалі, прыдумвалі, імправізавалі. Не засталіся ў баку і бацькі, прыходзілі на репэтыцыі, падтрымлівалі.
Дзеці прызнаюцца, што атмасфера фестывалю была святочнай, пра танцавальны конкурс увогуле «забыліся» – проста танцавалі на поўную сілу, проста адпачывалі. Магчыма, гэтая шчырасць, зацікаўленасць, энергетыка і, безумоўна, узровень тэхнікі выканання сталі вызначальнымі ў рашэнні суддзяў. Нашы вярнуліся дадому з дыпломамі пераможцаў ІІ ступені ў абедзвюх намінацыях!
Цяпер пачалі актыўна рыхтаваць новую танцавальную пастаноўку «Анёлак».
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *