Алкагольнае “прызнанне”

На вуліцы мяне спыніў мужчына — прасіў даць пару соцень рублёў. Па яго знешнім выглядзе цяжка быловы-значыць узрост, затое зусім проста было здагадацца  пра яго сяброўства з  выпіўкай. Аднак, нешта ў твары чалавека здалося знаёмым. Некалькі секунд памаўчаўшы, мужчына сказаў: «Гэта я, Сяргей, мы з табой разам у дзіцячы сад хадзілі…» Сама б ніколі не пазнала ў гэтым чалавеку аднагодка Сярожку. Мабыць, убачыўшы маю рэакцыю, расказаў:

— Смак гарэлкі адчуў пасля службы ў арміі, калі пачаў працаваць на заводзе ў Баранавічах. З сябрамі, з якімі жыў разам у інтэрнаце, для ”большай смеласці” перад танцамі ці паходам у кіно распівалі бутэльку.  Жонка спрабавала адвучыць мяне ад сабутэльнікаў і  алкаголю. Я нейкі  час нават зусім не піў, і не цягнула. Здавалася б, жыццё наладжвалася, нарадзіўся сын, потым дачка. З работы бег дадому (кватэру атрымалі), каб дапамагчы жонцы, пагуляць  з дзецьмі. Калі летам   сям’я паехала ў вёску да сваякоў, а я застаўся ў горадзе адзін, сустрэўся з сябрамі, і пайшло-паехала… Спрабаваў лячыцца, кадзіраваўся, жонка да варажбіткі вадзіла — усё дарма. Даўно пайшоў з сям’і, там мяне не разумеюць, ім са мною жыць цяжка, да таго ж дзеці саромеюцца. Жыву сам па сабе. На што жыву? Бутэлькі  пустыя збіраю, здаю. Каму-небудзь дапамагу па гаспадарцы — на чарніла хапае. Я не скарджуся.   У мяне ўсё добра…

Здароўе, сямейны дабрабыт, кар’ера — усё ўтоплена ў чарцы. Гэта гісторыя  тыповая для тых, хто падпарадкаваў жыццё  алкаголю. І, на жаль, такіх нямала. Усё  для іх зво-дзіцца амаль што да аднаго — дзе знайсці выпіўку,  каб «паправіць здароўе» ці, прасцей кажучы, пахмяліцца — не важна чым. Урач-нарколаг УАЗ ”Ляхавіцкая ЦРБ” Леанід Лапіч гаворыць:

— Спецыяліст без сумнення выявіць такую хваробу як сіндром залежнасці ад алкаголю і вызначыць ступень алкагалізму. Але нарколагі ў адзін голас заяўляюць: ніхто не вылечыць хворага чалавека, пакуль ён сам не зразумее: «Так, я алкаголік. І ў мяне ёсць праблемы».

На дыспансерным уліку ў нарколага ў нашым раёне каля тысячы чалавек. Гэта чыесьці бацькі, дзеці, сёстры, браты, бабулі і дзядулі. Рэальная колькасць тых, хто залежыць ад спіртнога, але ні разу не быў на прыёме ў нарколага, у разы большая. Згодна медыцынскай статыстыкі, у вяскоўцаў алкагалізм выяўляецца ў 2 разы часцей, чым у гараджан; 30 працэнтаў жыхароў нашай краіны, якія памерлі ў працаздольным узросце, пайшлі з жыцця па прычынах, звязаных са злоўжываннем алкаголем. Па даных Міністэрства аховы здароўя, на кожнага жыхара нашай краіны за год прыходзіцца 13 літраў спажытага чыстага спірту. Між тым, спецыялісты Сусветнай арганізацыі        аховы здароўя сцвярджаюць, што  5 літраў чыстага спірту на душу насельніцтва — пагроза для нацыі.

На жаль, алкаголь даўно перастаў быць проста традыцыяй за святочным сталом. Для многіх яго ўжыванне — гэта звыклыя ўцёкі ад рэальнасці, праблем, адзіноцтва. Кожны хранічны алкаголік назаве з дзясятак «уважлівых» прычын сваёй залежнасці. Неабходнасць расслабіцца, адпачыць, сустрэцца з сябрамі ці сваякамі ў вельмі многіх асацыіруецца з абавязковай прысутнасцю градуснага напітку. Нават дзеці ведаюць, што гэта дрэнна. Ісціну красамоўна пацвярджаюць даныя медыкаў і міліцыі, а колькасць хворых алкагалізмам, разбураных па гэтай  прычыне сем’яў, сірот пры жывых бацьках і злачынстваў, учыненых пад уплывам спіртнога, узрастае з кожным годам.

…Не толькі Сваятычы, але і ўсё наваколле ўскалыхнула жудасная падзея — мясцовы п’яны жыхар да смерці збіў састарэлую маці… Узрушаны алкаголем тухавічанін абліў аднавяскоўца бензінам і падпаліў… Гэты сумны пералік можна працягваць. Алкаголікі і п’яніцы не шкадуюць не толькі родных, блізкіх і сяброў, але і сябе. Пацвярджэнне таму — інфармацыя з міліцэйскіх зводак: у райбальніцу дастаўлена на лячэнне жанчына, 1974 года нараджэння, якая выпіла жменю таблетак. Пацыентка была нецвярозай… Зарэгістраваны факт смерці   62-гадовага мужчыны. Прычына: атручванне алкаголем…

А колькі прыкладаў, калі прычынай пажару з гібеллю людзей становіцца таксама злоўжыванне алкаголем.

Як адзначыў Леанід Лапіч, дастаткова на працягу года штодзённа «здымаць стрэс» з дапамогай спіртнога, каб зарабіць трывалую залежнасць ад алкаголю. Для папярэджання п’янства і алкагалізму неабходна, каб усе і кожны на сваім месцы змагаліся з гэтай негатыўнай з’явай, не былі абыякавымі да лёсу людзей, якія побач. У прафілактыцы п’янства асаблівую ролю павінны адыграць працоўныя калектывы і грамадскія арганізацыі, многае па сілах і грамадскім праваахоўным фарміраванням.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *