Віна віна. «ЛВ» правёў «круглы стол»

Так, на дне чаркі хаваецца бяда, адна з самых трывожных праблем грамадства – п’янства і алкагалізм. Большасць правапарушэнняў і злачынстваў учыняецца менавіта тады, калі парушальнік ці ахвяра, а то і абодва, знаходзяцца ў нецвярозым стане.
Разбураюцца сем’і, пакутуюць дзеці, людзі губляюць работу, не бачаць сэнсу ў жыцці і ўвогуле страчваюць чалавечае аблічча. Здароўе, сямейны дабрабыт, кар’ера – усё ўтоплена ў чарцы.
Медыкі сцвярджаюць, лячыць хворага з дыягназам сіндрома залежнасці ад алкаголю вельмі складана. Лепшым спосаб супрацьдзеяння распаўсюджванню п’янства – прафілактыка, адна з эфектыўных мер якой – прыцягненне да рашэння праблемы ўсіх сіл, у першую чаргу – праваахоўных органаў, грамадскасці, сям’і, медыкаў.
Кампетэнтныя суразмоўцы – пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей ДЗЯЖКО, намеснік начальніка раённага аддзела Следчага камітэта Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ, начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій ДАБРАЧЫНСКІ разважаюць пра эфектыўнасць канкрэтных мер, якія прымаюцца ў раёне па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам.

Не дапусціць, папярэдзіць распаўсюджванне п’янства і алкагалізму – задача складаная, але вырашальная. Пры ўмове аб’яднання намаганняў праваахоўных органаў, улады, грамадскасці, сям’і, усіх зацікаўленых службаў

Пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей Дзяжко.

Сяргей ДЗЯЖКО:
– Менавіта згубная цяга да спіртнога часта спрыяе супрацьпраўным паводзінам. Летась практычна кожнае другое злачынства ў нашым раёне ўчынена ў стане алкагольнага ап’янення. У 60 працэнтах іх «аўтары» нідзе не працуюць, трэць – раней судзімыя. Трывожыць рост злачыннасці. Павялічылася колькасць хуліганстваў, крадзяжоў. Непакояць і праблемы ў сферы сямейна-бытавых адносін: забойства і шэсць выпадкаў наўмыснага нанясення цяжкіх цялесных пашкоджанняў. П’янства – далёка не апошняя перадумова супрацьпраўных паводзін.
Пракуратура як каардынатар барацьбы са злачыннасцю прымае меры па нармалізацыі крымінагеннай сітуацыі, павышэнні ўзроўню прафілактычнай работы. Па выніках праве-дзеных праверак, ужо сёлета па выяўленых парушэннях унесена два прадстаўленні, 16 грамадзянам аб’яўлены афіцыйныя папярэджанні пра недапушчальнасць паўторнага парушэння закона, чацвёра прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Патрабуецца скаардынаванае супрацьдзеянне п’янству і алкагалізму і не толькі з боку праваахоўных органаў, але і сельвыканкамаў, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, устаноў адукацыі і аховы здароўя і інш.

Намеснік начальніка РАСК Аляксандр Траяноўскі.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ:
– Асноўная маса крымінальных спраў – крадзяжы. І зноў даводзіцца канстатаваць: пераважная іх колькасць учынена ў стане алкагольнага ап’янення. «Свежы» прыклад. Раней судзімы жыхар раёна знаходзіцца пад міліцэйскім наглядам. Раніцай ён быў у РАУС, з ім правялі растлумачальную работу. Вечарам таго ж дня мужчына выпіў, паехаў у вёску і абакраў адзін з дамоў. У цвярозым стане хутчэй за ўсё ён гэтага б не зрабіў.
Прафілактыка п’янства і алкагалізму – сярод асноўных накірункаў дзейнасці РАСК. Мы часта праводзім сустрэчы ў працоўных калектывах, вядзём актыўную растлумачальную работу. Многіх злачынстваў можна пазбегнуць, калі людзі будуць больш уважлівымі адзін да аднаго. Прынцып «мая хата з краю» спрыяе бядзе – да трагедыі прыводзіць такое неўмяшальніцтва. У адной з вёсак раёна маці двух маленькіх дзяцей падчас чарговай сваркі забіла мужа. У ходзе следства высветлілася, што часта мужчына хадзіў са слядамі пабояў, ведалі пра праблемы гэтай сям’і і суседзі. Ведалі і маўчалі.

Начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Віталій Дабрачынскі.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ:
– Толькі сёлета за першы квартал п’яныя ўчынілі 19 злачынстваў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 192 чалавекі за знаходжанне ў грамадскіх месцах нецвярозымі, 9 (шасцёра мужчын і тры жанчыны) накіраваны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі, яшчэ 93 – на лячэнне ад алкагалізму.
Лічу своечасовым прынятае райвыканкамам рашэнне аб амежаванні продажу спіртнога ў святочныя дні. У Ляхавічах амаль кругласутачна можна купіць алкагольныя напіткі на аўтазапраўцы. Асабліва шмат там моладзі ноччу, прыязджаюць на аўтамабілях, скутарах, матацыклах. Купілі гарэлкі-піва, выпілі, пачаліся разборкі, п’яная язда. Да бяды рукой падаць. А сачыць за кожным міліцыянера не паставіш.
Яшчэ адна праблема – самагонаварэнне. З пачатку года супрацоўнікі РАУС спынілі 38 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі, адабралі і знішчылі больш за 350 літраў самагону і брагі, 12 самагонных апаратаў. Не палохаюць прадаўцоў самапальных напіткаў ні штрафы, ні людскія праклёны. Прычым, нярэдка ў якасці парушальнікаў антыалкагольнага заканадаўства выступаюць адны і тыя ж асобы. У мінулым годзе ў самагоншчыка ў Мыслабажы адабралі і знішчылі 300 літраў брагі, сёлета – 270.
Дарэчы, днямі ў РАУС патэлефанаваў вяс-ковец, які прачытаў у «Ляхавіцкім весніку», што можна ананімна расказаць пра факты самагонаварэння. Яго інфармацыя пацвердзілася.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ:
– Бяда не ў алкаголі, а ў тым, калі ў чалавека адсутнічае культура ўжывання спіртнога. Перакананы, што першымі паспрабаваць, дастукацца да свядомасці чалавека, які злоўжывае, павінны родныя, сябры, калегі па працы. Міліцыя ў гэтым пытанні – ім у дапамогу.
Пасля распіцця спіртнога некаторыя гора-вадзіцелі садзяцца за руль аўтамабіля. У выніку – страта канцэнтрацыі, аварыя, якая можа закончыцца трагічна. Адзін з апошніх прыкладаў, калі прычынай пажару і гібелі людзей становіцца злоўжыванне алкаголем, адбыўся ў красавіку гэтага года ў вёсцы Літва.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ:
– Двое з трох, дастаўленых у РАУС за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане, ні ў якім разе не назавуць сябе п’яніцамі. Стан алкагольнага ап’янення пры ўчыненні супрацьпраўных дзеянняў з’яўляецца абцяжваючай віну абставінай. Адна справа, калі чалавек культурна пасядзеў у рэстаране і ў прыстойным выглядзе вяртаецца дамоў. Зусім іншая: адурманены алкаголем, неахайны ідзе па вуліцы, брыдкасловіць – бясспрэчна, такія паводзіны з’яўляюцца адміністрацыйным правапарушэннем. А для непаўналетніх любое ўжыванне спіртнога з’яўляецца незаконным. Летась да адміністрацыйнай адказнасці за продаж непаўналетнім спіртнога прыцягнуты тры прадаўцы, сёлета – ужо адзін.
У нашай краіне асобам маладзейшым за 18 гадоў забаронены продаж алкагольных напіткаў.

Сяргей ДЗЯЖКО:
– Летась у судзе раёна разгледжана шэсць спраў аб пазбаўленні бацькоўскіх правоў, у гэтым годзе – чатыры. Амаль у кожным выпадку ў характарыстыцы гора-бацькоў фігурыруе схільнасць да злоўжывання алкаголем.
Кіраўніцтва некаторых прадпрыемстваў і арганізацый даволі цярпіма адносіцца да працаўнікоў, якія злоўжываюць алкаголем. Бываюць выпадкі, калі звольненага за п’янства праз месяц зноў прымаюць на работу. Ці, напрыклад, «закрываюць вочы» і дазваляюць кіраваць трактарам, аўтамабілем асобам, пазбаўленым вадзіцельскіх правоў (прычым, часцей за ўсё менавіта за кіраванне транспартным сродкам у нецвярозым стане). Такую пазіцыю тлумачаць проста: а хто рабіць будзе…
Сельвыканкамы хоць і арганізавалі правядзенне прафілактычных размоў з асобамі, якія схільныя да п’янства, але не паўсюдна і не сістэматычна. Тут яшчэ шмат фармалізму, як і ў дзейнасці камісій па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам на некаторых прадпрыемствах. Неабходна дакладнае ўзаемадзеянне тых жа сельвыканкамаў з участковымі інспектарамі міліцыі. Яшчэ адна праблема: працаўладкаванне раней судзімых грамадзян.

Аляксандр ТРАЯНОЎСКІ:
– Злоўжывае адзін – пакутуе ўся сям’я. Летась узбуджана 21 крымінальная справа па артыкуле 154 Крымінальнага кодэкса (катаванне). Напрыклад, у вёсцы Свяціца п’яны мужчына перыядычна здзекаваўся з маці. Пры гэтым жыў, харчаваўся і піў за яе пенсію. Запалоханая сынам жанчына адмаўлялася пісаць заяву аб здзеках. Пракурор раёна ўзбудзіў крымінальную справу па ч. 1 арт. 154, РАСК правёў расследаванне, справа перададзена ў суд. Калі віна падазронага будзе даказана, яго чакае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Але тэрміны зняволення нішто ў параўнанні з фізічным, душэўшым болем, бязмернай крыўдай і адчаем, што адчувала старэнькая маці, з якой штодзённа здзекаваўся сын. П’янства – частая прычына сямейнага насілля.

Віталій ДАБРАЧЫНСКІ:
– У ролі сямейных скандалістаў найчасцей выступаюць мужчыны, пераважна вяскоўцы. Сёлета 13 сямейных скандалістаў пастаўлены на ўлік у РАУС. Але сустракаюцца сярод такіх і жанчыны. Нецвярозая жыхарка адной з вёсак раёна падчас высвятлення адносін нанесла цяжкія цялесныя пашкоджанні свайму сужыцелю – стукнула качаргой, а ён ёй – у адказ. Прычына банальная – рэўнасць, якая прывяла да крыміналу.
На справе сямейных скандалістаў значна больш, чым значыцца ў міліцэйскіх зводках. Але… У РАУС паступае сігнал аб сямейным дэбошы. Прыязджаем па адрасе, забіраем п’янага гаспадара, потым прыбягае жонка і просіць адпусціць. Нават імкнецца апраўдаць яго паводзіны ці пасля прымірэння забірае заяву…

Сяргей ДЗЯЖКО:
– Дапоўню. У мінулым годзе пракуратурай ва ўзаемадзеянні з РАУС састаўлена 15 адміністрацыйных пратаколаў у адносінах сямейных скандалістаў пры адсутнасці заявы з боку пацярпелых.
Карціна часта бывае практычна аднолькавай, з невялікімі варыяцыямі ў тэму. У сям’і алкаголем злоўжывае бацька ці маці, здараецца, што і абодва. Да дзяцей ім няма ніякай справы. А малыя пасля школы вяртаюцца дамоў, на гурткі, у секцыі не ходзяць, сябры – з такіх жа неўладкаваных сем’яў. І нават не ўсведамляюць, як паўтараюць лёс сваіх бацькоў-алкаголікаў. Задача і праваахоўных структур, і школы, і грамадскіх арганізацый – выяўляць такія сем’і як мага раней, працаваць з імі, вынікова ўплываць на паляпшэнне сітуацыі і толькі ў крайнім выпадку адбіраць у гора-бацькоў дзяцей і аддаваць пад апеку дзяржавы.
І вельмі давядзецца пастарацца, каб дзяцей вярнуць у сям’ю – у сям’ю, у якой ім нічога не пагражае.

Супрацоўнікі праваахоўных органаў выказалі свае меркаванні, як супрацьстаяць распаўсюджванню п’янства і алкагалізму. У медыкаў, работнікаў сацыяльнай службы, грамадскасці свае формы і метады прафілактыкі і барацьбы з гэтым злом. Адно відавочна: у вырашэнні праблемы не можа быць пабочных назіральнікаў.

На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *