Нягаснучы блакіт

Вясна, а паралельна з гэтай цудоўнай парой года набірае разгон і палявы сезон. У тым ліку і ў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», паколькі сельская гаспадарка даўно ўжо з’яўляецца часткай агульнавытворчай канцэпцыі прадпрыемства. Яравы «надзел» завода раўняецца 1360 гектарам. Вельмі значна, і зусім блізка да таго, што адведзена пад ярыну ў некаторых класічных сельгаскааператывах. Напрыклад, у «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычніку», «Тальмінавічах», «Шляху новым». «Культурны» расклад, канешне, свой, адаптаваны пад вырошчванне льну ў якасці сыравіны для далейшай перапрацоўкі.

Пасяўныя работы па яравых зерневых — сотня ў цэлым гектараў аўсу, ячменю, пшаніцы — на тыдні завершаны. У планах і з надзеяй, што надвор’е дасць дабро адразу ж пераключыцца на сяўбу льну. Чаму б не? Летась, напрыклад, 6 красавіка ўжо стартавалі, а пасяўныя плошчы таго года на 100 гектараў перавышалі сёлетнія 1260. Як расказаў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун, у рознай колькасці гэтыя гектары размеркаваны на землях, арандаваных у СВК «Жарабковічы», «Тальмінавічы», ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», былога «Ганчароўскага» ў найбольшай ступені. Закладку сыравіннай базы завода дапоўняць пасевы некаторых сельгаскааператываў нашага раёна, а таксама адной з гаспадарак суседняга Баранавіцкага. Пры гэтым з самага пачатку і на працягу ўсяго перыяду фарміравання будучага ўраджаю акцэнтуецца ўвага на яго якасных характарыстыках. Інакш кажучы, неабходная колькасць павінна быць падмацавана патрэбнай якасцю. «Стаіць задача, што ўся нарыхтаваная ў гэтым годзе траста павінна адпавядаць больш высокім, чым №1, патрабаванням, — заўважае дырэктар. — Тут многае неабходна прадугледзець. У тым ліку і правесці пасяўную максімум у дзесяцідзённы тэрмін». Апошняе здаецца абсалютна рэальным, улічваючы, што ў арсенале завадчан  знаходзяцца 4 спецыялізаваныя камбінаваныя пасяўныя агрэгаты. Адзін з іх, дарэчы, на пару з МТЗ-3022 быў набыты зусім нядаўна.

І калі сяўба ўсяму пачатак, то брыкетаванне кастрыцы з’яўляецца нават не фінішнай, а самастойна-асобнай аперацыяй тэхналагічнага ланцуга перапрацоўкі льну. Гэтым дадатковым спосабам пераўтварыць адходы ў даходы нашы льноперапрацоўшчыкі заклапаціліся мінулай восенню: мэтанакіравана і, між іншым, першыя ў вобласці. Пабуджальным момантам можна лічыць тое, што ў працэсе перапрацоўкі 1 тоны трасты ў валакно ў «сухім астатку» застаецца 50, а то і больш працэнтаў кастрыцы. У халодны перыяд года пабочны прадукт станавіўся кацельным палівам у поўным, як правіла, аб’ёме. Чаго не скажаш пра вясну-лета, калі для абагрэву памяшканняў калорый патрабуецца менш. Кастрыца заставалася і выкарыстоўвалася   без асаблівай рэнтабельнасці. Зараз інакш.

Наладзіць выраб паліўных кастрабрыкетаў ільнозаводу дапамагло Баранавіцкае ЗАТ «Атлант». Па заяўцы льнозавадчан баранавіцкія станкабудаўнікі спраектавалі і вырабілі  ўстаноўку для атрымання брыкетаў з ільнокастрыцы. Дапамаглі з яе мантажом, наладкай. Як паведаміў Дзмітрый Скакун, супрацоўніцтва працягваецца і зараз у форме, напрыклад, ажыццяўлення «Атлантам» гарантыйнага і сэрвіснага суправаджэння работы прэсавай устаноўкі.

Першыя вопытныя аб’ёмы брыкетаў былі атрыманы ў мінулым годзе. Памятныя ўсім лютаўскія марозы выбару не пакідалі: уся кастрыца ішла ў топку кацельні. З пацяпленнем пачалі з’яўляцца яе рэзервы, расло брыкетаванне. Зараз, сцвярджае дырэктар, прэс працуе ў дзве змены, з сярэдняй прадукцыйнасцю 180-220 кілаграмаў гатовай прадукцыі ў гадзіну. За месяц такой работы атрымліваецца наштампаваць каля 70 тон брыкетаў.

У адрозненне ад вядомых кожнаму тарфяных, кастрабрыкеты вытворчасці ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» адгружаюцца двойчы ўпакаваныя: невялікія — на некалькі кілаграмаў — поліэтыленавыя формы дадаткова групуюцца ў формы па 600 кілаграмаў. Зрэшты, апошняя аперацыя праводзіцца па  просьбе канкрэтнага пакупніка. Ім на даны момант з’яўляецца адна з польскіх кампаній, і прыведзеная схема фасоўкі-ўпакоўкі брыкетаў палякаў задавальняе. Канешне ж, задавальняюць польскіх спажыўцоў ляхавіцкіх кастра-брыкетаў і суадносіны цаны і якасці.

Дарэчы, пра некаторыя якасныя характарыстыкі. Па словах Дзмітрыя Скакуна, па цеплатворнай здольнасці кастрабрыкеты параўнальныя з каменным вугалем. Згараюць практычна поўнасцю — паказчык адноснай зольнасці складае ўсяго толькі каля 3 працэнтаў. Вось так, пры наяўнасці ідэі і пэўных намаганнях  пабочны прадукт  пераўтвараецца ў прадукт экспартны.

Наколькі гэта выгадна? «Дастаткова выгадна, — лічыць дырэктар. — Пры ўмове, што застанецца ўсё, як ёсць, прэсавая ўстаноўка «адаб’е» сябе месяцаў праз 7-8. Можна падумаць аб яшчэ адной».

Чаму б не, асабліва ў святле перспектывы наступнага года. Калі  не здарыцца фарс-мажору, 2013 абяцае стаць для прадпрыемства годам карэннай рэканструкцыі. Нядаўняй пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» трапіў у лік 5 аналагічных заводаў краіны, дзе павінна адбыцца ўстаноўка новай вытворчай лініі. Ці не на парадак больш тэхналагічнай за цяперашнюю, непараўнальнай у плане прадукцыйнасці, глыбіні перапрацоўкі, якасці канчатковага прадукту. Новая лінія патрабуе і новага памяшкання. «Па сутнасці, гэта ўжо новы завод», — бачыць перспектыву Дзмітрый Скакун.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *