Жыццё пасля Чарнобыля. 26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС…

Ёсць падзеі і даты, якія дакладна дзеляць жыццё на «да» і «пасля», прымушаюць да кардынальных змен – яны без права на выбар ставяць кропку ў старым. І са шматкроп’я пачынаюць новае…
26 красавіка 1986 года адбылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС…

«Даўно сталі сваімі»

Сям’я Ганчар

Калі паўстала пытанне аб перасяленні, у іх былі варыянты трапіць і ў Мінск, і ў Баранавічы. Але сям’я Ганчар з Брагіна Гомельскай вобласці выбрала Ляхавічы.
– Утульны гарадок, сонечны і цёплы, добразычлівыя людзі – такім яго ўспрынялі, калі ўпершыню сюды прыехалі. У родным Брагіне шмат працавалі на зямлі. І на новым месцы хацелася шчыраваць на ўласных сотках. Таму вырашылі пераехаць сюды, цяпер ужо ў нашы Ляхавічы, – расказваюць Ларыса Міхайлаўна і Віктар Адамавіч.
Іх сям’я – адна з тых, каму давялося пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС перасяліцца з забруджанай радыяцыяй на чыстую тэрыторыю. Другім домам для Ганчароў стаў наш райцэнтр.
Віктар Ганчар успамінае, што калі сюды прыехалі, цяперашні мікрараён вуліцы Інтэрнацыянальнай толькі пачынаў будавацца: стаялі іх новенькі дом, гімназія, ўзводзіўся суседні шматпавярховік. Ведалі, што іх суседзямі будуць і іншыя перасяленцы з забруджаных тэрыторый. Адчуванне, што побач людзі, якія таксама пачынаюць жыць нанава, дапамагала справіцца са страхам перад невядомым.
Ляхавічы прынялі маладую сям’ю вельмі добра. Яна атрымала кватэру, ды і з працай праблем не ўзнікла. Дзецям таксама тут усё спадабалася, з 1 верасня 1992 года яны пайшлі ў школу: дачка Вольга – у першы клас, сын Саша – у сёмы. Жыццё на новым месцы станавілася прывычным.
Віктар Ганчар змяніў толькі месца работы, а не спецыяльнасць – уладкаваўся мулярам у ПМК-17, потым перайшоў у ПМК-13:
– Сёння Інтэрнацыянальную не пазнаць. З двух дамоў тут вырас цэлы мікрараён. І прыемна, што я маю да гэтага непасрэднае дачыненне – шчыраваў мулярам на будаўнічых пляцоўках. Горад шмат зрабіў для мяне, і я з радасцю на ягоную карысць працаваў.
Ларыса спачатку ўладкавалася ў райпо, пасля ў вузел электрасетак, дзе і цяпер сочыць за чысцінёй і парадкам.
Дарэчы, іх агульная мара займацца зямлёй спраўдзілася. Вось і сёлета пачынаецца дачны сезон, а значыць і клопатаў прыбаўляецца, як прызнаюцца Ганчары, вельмі прыемных: бульбу пасадзіць трэба, пасля і іншую агародніну, а з памідорамі колькі работы. Уласныя закаткі ў іх вялікай сям’і зімой карыстаюцца вялікім попытам. Дзеці і пяцёра ўнукаў гэта пацвярджаюць.
…Віктар і Ларыса Ганчары не толькі перасяленцы, яны ўдзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Некалькі гадоў пасля аварыі іх працоўныя месцы былі ў зоне адчужэння.
У той час з мая па верасень Ларыса Ганчар з дзецьмі аздараўлялася ў санаторыі на Гомельшчыне, пасля пад Мінскам. Віктар Адамавіч застаўся працаваць у Брагіне – ачышчаў зямлю ад забруджання радыеактыўнымі рэчывамі. У зоне адчужэння давялося працаваць і Ларысе Міхайлаўне – яна гатавала і дастаўляла ежу вахтавікам.
– Але хвалявалася за дзяцей і іх здароўе, дзеля іх і пераехалі, – расказвае Ларыса Міхайлаўна.
Сям’я Ганчар даўно ў Ляхавічах, усе адчуваюць сябе тут сваімі і шчыра прызнаюцца, што палюбілі гэты гарадок, але і сваю малую радзіму не забываюць: у Брагіне ў Віктара Адамавіча засталася мама, у Ларысы Міхайлаўны – браты і сёстры. Ездзяць туды кожны год. Літаральна на днях, на Радаўніцу, зноў пабывалі там.

«Выбралі Ляхавічы»

Сям’я Мельнікавых

Здаецца, што тут і нарадзіліся. Настолькі роднымі сталі Ляхавічы. Тут усё: сям’я, сябры, дом, работа… тут цяпер наша жыццё, яно падобнае на тое, што было ў іх роднай Ветцы да Чарнобыльскай катастрофы, прызнаюцца Антаніна і Вячаслаў Мельнікавы.
Але, каб адчуць гэта, былі доўгія 26 гадоў (у 1992 годзе яны пераехалі ў наш раён), напоўненыя працай, клопатамі, хваляваннямі, радасцямі. Справіліся.
…Мельнікавы толькі пабудавалі свой дом у Ветцы, пачалі абжывацца, марылі, планавалі будучыню, расцілі дзетак Марыну і Арцёма, а тут – вымушаны пераезд.
– Складана было ўсё гэта ўсвядоміць: трэба хутка пакінуць родны дом, родны горад ці вёску і пераехаць у зусім невядомае месца… Але мы хваляваліся за здароўе нашых дзяцей і дзеля іх былі гатовы на гэты крок. Пераезд быў непазбежны. У складанай жыццёвай сітуацыі нас падтрымала дзяржава, – расказвае Антаніна Уладзіміраўна.
Сярод месцаў, куды была магчымасць перасяліцца, – Баранавічы, Івацэвічы, Мінск, Брэст, Ляхавічы. Яны шукалі для жыцця невялікі, чысты, спакойны гарадок. Спадабаўся наш райцэнтр, тут і засталіся. Атрымалі кватэру, побач школа, вельмі зручна. Сын і дачка хутка знайшлі сяброў, у школе навічкамі сябе не адчувалі. І Антаніна і Вячаслаў сярод сваіх суседзяў не былі чужымі, многія таксама перасяліліся з забруджаных тэрыторый. Хутка знайшлі агульную мову. З цеплынёй успамінае, як каля дома ўскапалі зямлю пад градкі. Дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі, бо ведалі, як гэта патрэбна.
Антаніна ў Ветцы працавала швачкай-закройшчыцай, у Ляхавічах па спецыяльнасці не ўладкавалася. Але, як прызнаецца, пашчасціла трапіць на кансервавы завод. Там і працуе ўжо 25 гадоў апаратчыкам-стэрылізатарам кансерваў. І не проста працуе – дапамагае навічкам асвойваць прафесію.
Вячаславу Мельнікаву таксама прыйшлося перакваліфікавацца. У Веткаўскім ДРБУ быў майстрам. У Ляхавіцкую ПМК-17 уладкаваўся мулярам, кім і сёння працуе ў ПМК-13.
А тады, у 86-м, работа была ў зоне абавязковага адсялення.
– Нам давялося там праводзіць дэзактывацыю. І гэта было складана, – успамінае Вячаслаў Леанідавіч.
Сёння ў Мельнікавых іншыя клопаты, справы, мары. Гавораць, што яны багатыя на ўнукаў – іх пяцёра. У сакавіку вялікая сям’я збіралася за святочным сямейным сталом з важнай нагоды – адзначалі 55-гадовы юбілей Антаніны Уладзіміраўны. Побач самыя родныя. Яны – дома, у Ляхавічах, у месцы, што даўно стала для іх другой малой радзімай.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *