Ёсць чаму павучыцца. У Ляхавічах адбыўся занальны семінар прафсаюзнага актыву прадпрыемстваў АПК

Мікалай Лабушаў і Міхаіл Юхімук (у цэнтры злева направа) падчас наведвання ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».

Не стаяла задача прыняцця на ім высокіх рашэнняў. Мэта семінара – вучоба, у тым ліку і па своечасовасці, правільнасці прыняцця таго ці іншага рашэння. Іх саюз – прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу краіны. Самы шматлікі сярод прафесійных аб’яднанняў і найбольш тэрытарыяльна значны.
– Прамысловасць? Так, але мы аграрная краіна, – заявіў на семінары старшыня рэспубліканскага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Мікалай Лабушаў.

Занальны семінар з прафактывам Баранавіцкай, Бярозаўскай, Ганцавіцкай, Івацэвіцкай і Ляхавіцкай раённых прафсаюзных арганізацый быў прадстаўнічым. Акрамя Мікалая Лабушава і прафлідараў названых тэрыторый, даведацца нешта новае, асабліва актуальнае ў пытаннях дзейнасці прафсаюзных арганізацый, Ляхавіччыну наведалі спецыялісты абкама галіновага прафсаюза на чале са старшынёй Міхаілам Юхімуком, кіраўнік і лектар Брэсцкага вучэбна-метадычнага аддзела рэспубліканскага цэнтра прафсаюзаў МУ «МІТСО», іншыя. Каля 120 чалавек прынялі ў ім удзел,  адзначыла старшыня Ляхавіцкай раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК Ірыны Чура.
Зала ГДК, прамовы, выступленні, «круглы стол» з’яўляліся ўжо другім раундам семінара. Спачатку была практыка ў форме наведвання прадпрыемстваў Ляхавіччыны, работнікі якіх з’яўляюцца сваімі ў асяроддзі аграпрафсаюза раёна. Мясцовыя і дэлегацыя Ганцавіцкага раёна пазнаёміліся з базай, умовамі работы і работай ляхавіцкіх меліяратараў, госці з Івацэвіч пранікліся ўбачаным і пачутым на ТАА «Трансэлектракамплект». Іменна так і не інакш: пастфактум, у зале Дома культуры не без гонару за землякоў-бізнесменаў пачуў ад прадстаўнікоў Івацэвіччыны: прадпрыемства цікавае сваёй нетыповасцю. Людзі працуюць на выпуск адмысловай прадукцыі, значная частка якой адгружаецца за межы краіны. І ў якасці рэзюмэ: гэта быў цікавы і карысны досвед – яшчэ і ў святле таго, што «Трансэлектракамплект» з’яўляецца прыватнай, створанай на арыгінальнай ідэі і энтузіязме заснавальнікаў.
На ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» завіталі аграпрафсаюзныя актывісты з Баранавіцкага і Бярозаўскага раёнаў. Першасная льноперапрацоўка хоць і з’яўляецца традыцыйным промыслам, таксама не можа ўспрымацца без цікавасці. Асабліва, калі гэта тэхнічна новая пастаноўка старога вытворчага пытання. Перазагрузка на льнозаводзе адбылася некалькі гадоў назад  і абышлася амаль у 19 мільёнаў рублёў. У тым ліку больш за 42 мільёны рублёў ільготнага крэдыту, па якім прадпрыемства працягвае разлічвацца. За гэту суму быў пабудаваны і па-сучаснаму аснашчаны новы цэх па перапрацоўцы льнотрасты, кацельня, адаптаваная для работы на пабочным прадукце льноперапрацоўкі, некаторыя іншыя аб’екты інфраструктуры. І гэта новая вяха ў рабоце старога – 1973 года нараджэння – завода, істотна больш высокая глыбіня перапрацоўкі трасты, іншая якасць канчатковага прадукту, непараўнальна больш прывабныя і «здаровыя», што, дарэчы, з’яўляецца прадметам асабліва пільнай увагі прафсаюзаў, умовы працы на асноўнай вытворчасці. Хоць наконт таго, што ёсць аснова ў структуры вытворчасці паўночна шоўку, адназначнага адказу не існуе. Усё пачынаецца з поля, з якасных і колькасных характарыстык вырашчанага на ім ільну, які пару апошніх сезонаў атрымліваўся не надта.
– Усе думкі і сілы скіраваны на ўраджай, – адзначыў дырэктар прадпрыемства Дзмітрый Скакун.
Дзень сённяшні – сяўба, чым максімальна актыўна і займаецца зараз механізаваны атрад завода. Штатная структура запраграмаваная на вырошчванне льну, аснашчаная неабходнай тэхнікай і ўкамплектаваная кваліфікаваным персаналам. Ім належыць пасеяць даўгунец на плошчы некалькі большай за 2 тысячы гектараў. Ільнотрастой з 260 гектараў сыравінную базу завода папоўніць мясцовая льнонасенстанцыя, з 400 – Баранавіцкі райаграсэрвіс. Сабранай прадукцыі павінна атрымацца ніяк не менш за  11 тысяч тон. А лепш – больш.
Паглядзець на тэму льноперапрацоўкі ў маштабах рэспублікі дапамог Мікалай Лабушаў. У краіне працуюць 24 ільнозаводы. 10 з іх – новай фармацыі, могуць і павінны разглядацца ў блізкім параўнанні з Ляхавіцкім. Некаторыя працуюць са стратамі, некаторыя сутыкаюцца з праблемамі своечасовага разліку па плацяжах і выплатах. Эканамічна самадастатковых вытворчасцяў пяць-шэсць. Ляхавіцкі завод –  у іх ліку.
Удзельнікаў аграпрафсаюзнага семінара вітаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Калбаса, які расказаў пра сацыяльна-эканамічнае становішча раёна. Адзін з тэзісаў выступлення – сельскагаспадарчы сектар, перапрацоўка прадукцыі палёў і фермаў складаюць эканамічную аснову Ляхавіччыны.
Гаворачы пра мэты і задачы галіновага прафсаюза краіны, яго старшыня Мікалай Лабушаў яшчэ раз звярнуў увагу на надзённае. На пасяўную кампанію і неабходнасць праф-саюзаў сканцэнтраваць на ёй сваю ўвагу. Палявыя клопаты, ступень забеспячэння сейбітаў усім неабходным для паспяховай і – аснова асноў – бяспечнай працы павінны праходзіць першым пунктам у спісе спраў прафсаюзаў АПК усіх узроўняў.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота аўтара.

Прадукцыя прадпрыемства выклікала жывую цікавасць ва ўдзельнікаў семінара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *