Медаліст Зубік. Вальшчык лесу Востраўскага лясніцтва быў запрошаны ў Палац Рэспублікі

Гэта адбылося напярэдадні Свята працы.
25 красавіка Прэм’ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў уручыў дзяржаўныя ўзнагароды больш чым 100 працаўнікам краіны, сярод якіх і вальшчык лесу Востраўскага лясніцтва Мікалай Зубік. Наш зямляк удастоены медаля «За адзнаку ў папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных здарэнняў» – за актыўны ўдзел у ліквідацыі наступстваў неспрыяльных з’яў надвор’я, высокія вынікі ў распрацоўцы ветравальна-бураломных лесасек на тэрыторыі Мінскай вобласці.
…Тая камандзіроўка доўжылася паўтара месяца і запомнілася вельмі напружанай працай ад рання да позняга вечара. Да работы наш герой прывычны. Рукі чалавека, які шчыруе ў лесе, па вызначэнні не могуць быць без мазалёў.
Мікалай Зубік у лясной гаспадарцы больш як два дзесяцігоддзі, восьмы год – вальшчыкам. Працуе па скандынаўскім метадзе –  усё робіць выключна сам, ад спілоўвання дрэў да тралёўкі. Пры звычайным раскладзе за змену атрымліваецца нарыхтаваць 5-10 кубаметраў драўніны. А калі ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў буралому ў лясах сталічнай вобласці, то за змену выдаваў па 30-40 кубаметраў. Гэты выдатны вынік і адзначаны дзяржаўнай узнагародай.
Пра ўражанні пасля ўрачыстасцяў у Палацы Рэспублікі і пра настрой Мікалай расказвае шчыра, але нешматслоўна:
– Было вельмі святочна, вельмі хвалююча. Пазнаёміўся з выдатнымі працаўнікамі з розных рэгіёнаў краіны. Прэм’ер-міністр гаварыў пра здабыткі Беларусі, у прыватнасці, у аграпрамысловым комплексе, развіццё экспарту, пра тое, што ў Год малой радзімы важна навесці парадак на кожным участку зямлі, і не выключэнне – лясная гаспадарка. Ну, а настрой, канешне, – на працу, выніковую і, што казаць, любімую.
Яму 42 гады, самы росквіт, калі і сіл хапае, і вопыт ужо ёсць. Дарэчы, вопытам майстар сваёй справы шчодра дзеліцца з навічкамі. Гэта толькі на першы погляд здаецца, што прафесійных сакрэтаў у вальшчыка няма. Спытайце ў Мікалая Зубіка. Ён абавязкова раскажа, напрыклад, што да кожнага дрэва патрэбны свой падыход. І яшчэ шмат цікавага нават не для прафесіянала. І абавязкова зазначыць: заўсёды кожнае імгненне ў рабоце трэба быць уважлівым, акуратным, пільным і ні ў якім разе не парушаць тэхніку бяспекі. Быццам бы азбучная ісціна, але абавязковая для выканання.
…Яго павіншавалі з узнагародай сям’я і калегі, а цяпер прымайце і «веснікаўскія» віншаванні з заслужанай узнагародай, шаноўны зямляк!
Вольга СВЯТЛОВА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *