Іх гады – іх багацце. У СВК «Ляхавіцкі» ўсё ідзе сваёй чаргой

Сяргей Шпак і Станіслаў Юнік

У СВК «Ляхавіцкі» ўсё ідзе сваёй чаргой.  На тэрыторыі машыннага двара, напрыклад, звыклага міжсезоннага аншлагу самаходнай тэхнікі не назіраецца

Усё ў полі, пры справе, прагучала ў адказ на пытанне пра механізатарскія клопаты. У той жа час, без перабольшвання, на лінейку гатоўнасці пастаўлена ўжо складаная корманарыхтоўчая тэхніка. Тлумачэнне наступнае: не за гарамі касавіца. Сяўба ранніх збожжавых і зернебабовых на той момант набліжалася да фінішу. На чарзе –
сяўба больш позніх і больш цеплалюбівых раслін. Кукурузы, у прыватнасці, пра што нагадвала прыпаркаваная спецыяльная сеялка. Новая, нядаўна набытая, для якой гэты сезон стане дэбютным рабочым.
Але ж яравыя клопаты – гэта шырока-разнастайны комплекс работ, дзе, апроч сейбітаў, ёсць куды прыкласці ўменні, рукі, душу і майстрам-аратым, і спецыялістам, занятым на ўнясенні мінеральных удабрэнняў, арганікі, хімічнай праполцы сельскагаспадарчых культур азімай групы.
Механізатара Сяргея Шпака ўдалося «перахапіць», калі той мяняў вытворчую дыспазіцыю. Работы па хімпраполцы азімага ячменю на аддаленым участку былі завершаны. Машыны, адной з якіх кіраваў Сяргей, пераязджалі, каб «пахімічыць» на пшаніцы. Пагутарылі на веснавым палетку пад акампанемент агрэгатаў, занятых на іншай агратэхналагічнай аперацыі. Ён пяць гадоў кіруе сельскагаспадарчай тэхнікай у СВК «Ляхавіцкі». Чаму змяніў «рэнтабельную» работу на прэстыжным прамысловым прадпрыемстве на механізатарскую ў СВК, адказвае:
– Можна сказаць, з-за любві да тэхнікі. Ды і гаспадарку нашу лічу не менш рэнтабельнай.
У асабіста-грамадскім «гаражы» Сяргея не толькі цяперашні «Беларус-1221». Прыспее зялёнае жніво, і ён, верагодна, перася-дзе за штурвал самаходнай касілкі. Далей – жніво і месца камбайнера ў экіпажы аднаго са збожжаўборачных камбайнаў.
Пачынаў механізатарскую дыстанцыю на трактары «Беларус-82». Нібы эстафетную палачку, яго ў свой час перадаў Сяргею старэйшы механізатар гаспадаркі і, магчыма, раёна Станіслаў Юнік. Ён працаваў побач, на ўнясенні ў веснавы палетак арганікі. І гэты сезон для Канстанцінавіча, як з павагай звярнуўся да яго галоўны інжынер гаспадаркі Андрэй Новік, пяцідзясяты. І ў СВК «Ляхавіцкі», і за рулём трактара.
– «З’ездзіў» тры трактары. Гэты, на якім працую зараз, – чацвёрты, гадоў шэсць яму ўжо, – гаворыць старэйшына хлебаробскага цэха. Станіслаў Канстанцінавіч якую толькі работу не выконваў. Хадзіў з сеялкай, працаваў на пасадцы бульбы, ірваў лён. Знаёмы практычна з усімі сельскагаспадарчымі работамі, адзначае сціпла. І разважае пра сваё, механізатарскае:
– Любая тэхніка любіць догляд. Калі добра глядзець і абслугоўваць, надзейнымі ў службе будуць і сучасная, і яе старэйшыя папярэднікі. Хоць не сакрэт, чым складаней тэхніка, тым большая верагоднасць яе паломкі. Важна, што ў новых трактарах створаны новыя ўмовы для работы механізатара. Стала больш камфорту.
Надзейнасць ва ўсім. Яшчэ сціпласць, адданасць справе, добразычлівасць. Падалося, што ў тым ліку і гэтыя якасці з’яўляюцца дадаткам да характарыстыкі «залатога» механізатара СВК «Ляхавіцкі» Станіслава Канстанцінавіча Юніка.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Сяргей Шпак.

Станіслаў Юнік.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *