На вуліцы Працоўнай у Ляхавічах. Тут «жывуць» выключна прадпрыемствы і арганізацыі

Гэта ляхавіцкая вуліца мае арыгінальную адметнасць: тут няма жылых дамоў. Але назве «Працоўная» адпавядае. Напярэдадні Свята працы «ЛВ» вырашыў прагуляцца па Працоўнай.

Направа пойдзеш – па дарозе з каменьчыкаў у ТМТ трапіш –  таварыства з абмежаванай адказнасцю, якое зарэгістравана ў снежні 2014 года, займаецца высокадакладным ліццём па газіфікаваных мадэлях. Па гэтым жа адрасе (Працоўная, 6)  два гады назад расквартавалася яшчэ адно з аналагічнай вытворчасцю – прыватнае прадпрыемства «Нанасплаў».
Увогуле, бізнес аблюбаваў гэту вуліцу – тут і адрас фермерскай гаспадаркі «Уладзімір Плюс». Яе асноўны від дзейнасці – вырошчванне і продаж яблыкаў і чорных парэчак. Сад знаходзіцца ў іншым месцы, а на Працоўнай – офіснае памяшканне, склады з абсталяваннем для сарціроўкі і ўпакоўкі садавіны, прамысловымі халадзільнікамі і маразільнымі камерамі. Фермерскімі яблыкамі ласуюцца не толькі ляхавічане, не толькі беларусы – пэўная частка ўраджаю адпраўляецца ў Расію. За студзень-люты ў агульным экспарце раёна доля «Уладзімір Плюс» склала 3 працэнты.
Вось ужо 10 гадоў паспяхова дзейнічае на беларускім рынку, а таксама экспартуе сваю прадукцыю ў Расію, Данію, Францыю, іншыя краіны ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». Калісьці тут быў завод жалезабетонных вырабаў. Таварыства ж спецыялізуецца на вытворчасці драўляных каркасна-панэльных, шчытавых дамоў і катэджаў, у тым ліку і па індывідуальных праектах заказчыкаў. Акрамя таго, засвоілі выпуск канструкцыйных элементаў (вонкавыя сцены, унутраныя перагародкі, перакрыцці, панэлі даху) для зборкі дома. Гэтай справе вучыліся ў дацкіх інжынераў-будаўнікоў. Летась «Ляхавічыдрэў Экспарт» унёс свае 5,1 працэнта ў экспарт нашага раёна – сур’ёзная лічба.
Наваселец на Працоўнай –  ПВУП «Трансэлектрабуд» – займаецца вытворчасцю электратэхнічнай прадукцыі, пераважная большасць якой пастаўляецца ў іншыя краіны.
І хоць не так актыўна, як раней, ідуць справы ў доўгажыхара гэтай вуліцы – ПМК-13 (Працоўная, 9),
але будаўнічая калона шукае і знаходзіць новыя аб’екты. Займаліся рэканструкцыяй былога інтэрната па  вул. Леніна, 54 у райцэнтры, мадэрнізацыяй з элементамі капрамонту дома  № 17 па вул. Інтэрнацыянальнай, узвядзеннем другой чаргі МТФ «Сакуны». Хутка пачнецца будаўніцтва шматкватэрніка па завулку Фестывальным у Ляхавічах. Ёсць падрады за межамі раёна. 2018 год для ПМК-13 юбілейны: арганізацыя адзначае паўстагоддзе.
Наступны і пакуль апошні адрас па вул. Працоўнай – прадпрыемства меліярацыйных сістэм. Пракладка, эксплуатацыя, рамонт, рэканструкцыя і тэхнічнае абслугоўванне меліярацыйных сістэм, выкананне падрадаў па  пракладцы інжынерных сетак –  зона іх адказнасці. Працуюць не толькі на аб’ектах свайго раёна. Напрыклад, цяпер на Капыльшчыне дэманціруюць старыя будынкі.
Дарэчы, па выніках мінулага года, Ляхавіцкае ПМС прызнана пераможцам раённага агляду-конкурсу на лепшую арганізацыю работы па ахове працы. Сярод суб’ектаў малога прадпрымальніцтва такая ж адзнака і ў «Ляхавічыдрэў Экспарт».
Усім прадпрыемствам, прапіса-ным па вуліцы Працоўнай, за добраўпарадкаванне можна паставіць станоўчую ацэнку: чыста, прыбрана, уладкавана –
відаць, што за парадкам тут сочаць пастаянна.
Вось такія яны, працоўныя будні вуліцы Працоўнай.
Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *