Крос перамогу прынёс ляхавіцкім спартсменам

Хочаш пратэсціраваць сябе на сілу, волю, сілу волі – прабяжы крос. Трэнер-выкладчык СДЮШАР Ляхавіцкага раёна Андрэй Іванюценка, расказаў пра спаборніцтва ў Кобрыне. 21 красавіка, гарадскі стадыён «Юнацтва» і блізкія да спортаб’екта ваколіцы сталі арэнай правядзення вясенняга чэмпіянату і першынства вобласці па лёгкаатлетычным кросе. На спаборніцтвы «выставіліся» ўсе 16 раёнаў вобласці, атлеты з Баранавіч і Брэста. Кожную каманду фарміравалі 14 чалавек узростам ад 12 гадоў і больш. Прысутнасць у складзе каманды двух дарослых (мужчына і жанчына) спартсменаў з’яўлялася абавязковай умовай – чэмпіянат жа.
Самыя юныя спаборнічалі на паўкіламетровым крузе, для самых вопытных спартсменак арганізатары «праклалі» трохкіламетровую, а для спартсменаў – чатырохкіламетровую дыстанцыі.
Было горача, канкурэнтна, тытулы пераможцаў і прызёраў, як правіла, заваёўваліся ў барацьбе. З сабой, дыстанцыяй, сапернікам. Адзінамедальнай для ляхавічан дыстанцыяй стала двухкіламетроўка. Ганна Макоўская стала на ёй першай, Таццяна Смірнова фінішавала на трэцяй – брон- завай – пазіцыі. Аднак, роўнае і, па словах трэнера, без глыбокіх правалаў выступленне кожнага з нашых лёгкаатлетаў дазволіла ляхавічанам заваяваць галоўны камандны тытул спаборніцтваў. Наша выступленне ў Кобрыне было ацэнена на 130 выніковых балаў. З адставаннем ад уладальнікаў тытула на 12 балаў, «сярэбранай» стала дружына з Пружанскага раёна, гаспадары-кобрынцы замкнулі тройку прызёраў.
Спаборніцтвы насілі характар адборачных на ўдзел у маючых адбыцца 4-5 мая рэспубліканскіх кубкавых лёгкаатлетычных стартах. Сярод удзельнікаў апошніх ужо гарантавана будуць нашы Макоўская і Смірнова. І, магчыма, не толькі яны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Фота з сайта аддзела адукацыі, спорту і турызму Ляхавіцкага райвыканкама.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *