У кантэксце развіцця: станоўчая дынаміка і вырашальныя праблемы

З усебаковага аналізу сацыяльна-эканамічнага развіцця Брэстчыны пачаў чарговую прэс-канферэнцыю, якая адбылася ў мінулы чацвер, старшыня абласнога выканаўчага камітэта Канстанцін Сумар. У першую чаргу, ён засяродзіў увагу на мерах, што прадпрымаюцца ўладай па тых напрамках і паказчыках развіцця вобласці, па якіх нядаўна выказаў заўвагі Прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка.

Канкрэтныя вынікі і тэндэнцыі першых месяцаў года паказваюць, што сітуацыя выпраўляецца, у цэлым эканоміка Брэстчыны развіваецца ў адпаведнасці з пастаўленымі задачамі.

Канстанцін Сумар акрэсліў прыярытэтныя напрамкі дзейнасці, якія накіраваны на аднаўленне ўзроўню і забеспячэнне далейшага росту даходаў насельніцтва, стабільнай работы прамысловых прадпрыемстваў і сельскай гаспадаркі, нарошчванне экспарту, захаванне тэмпаў жыллёвага будаўніцтва, бесперабойнае забеспячэнне насельніцтва прамысловымі і харчовымі таварамі і інш.

Старшыня аблвыканкама падрабязна спыніўся на абагуленым паказчыку развіцця — валавым рэгіянальным прадукце. Па ўдзельнай вазе ў валавым унутраным прадукце рэспублікі вобласць, як і летась, займае чацвёртую пазіцыю (8,8%) і апярэджвае Віцебскую, Гродзенскую і Магілёўскую. Аднак, мае месца зніжэнне ВРП (ён склаў 95%) да адпаведнага перыяду мінулага года. Дэталёва прааналізаваны прычыны гэтага: сярод іх і зніжэнне аб’ёмаў  будаўніча-мантажных работ.

Аднак, падкрэсліў старшыня аблвыканкама, жыллёвае будаўніцтва ў вобласці не спынілася: за 2 месяцы сёлета ў эксплуатацыю ўведзена 198,6 тысячы квадратных метраў агульнай плошчы жылля. Гэта 32,6 % ад гадавога задання і 189,8% да аналагічнага перыяду мінулага года. Для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, уведзена ў эк-сплуатацыю 136,9 тысячы квадратных метраў жылля — 43,7% да гадавога задання. Станоўчая тэндэнцыя.

Такая ж назіраецца і ў прамысловасці. Чакаецца, што  па выніках сакавіка тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці павялічацца і складуць 102,6 працэнта за квартал.

У агульнай карціне сённяшняга дня Брэстчыны Канстанцін Сумар адзначыў рост фінансавых паказчыкаў. У прыватнасці, рэнтабельнасць продажу павялічылася  на 2,9%  і склала 6,3%.  Самы лепшы тэмп  росту продажу ў сельскай гаспадарцы.

Яшчэ станоўчая дынаміка: зменшылася колькасць стратных прадпрыемстваў з 258 у студзені мінулага года да 224 у студзені сёлета, аднак іх колькасць і сёння значная. Большасць стратных — са сферы будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, і гэтаму ёсць прычыны. У будаўнічых арганізацыях —  скарачэнне будаўнічых работ, у ЖКГ — стрымліванне тарыфаў для насельніцтва. Старшыня аблвыканкама падкрэсліў, што ідзе пошук шляхоў, каб палепшыць іх стан: будаўнічыя арганізацыі шукаюць заказы за межамі рэспублікі, ЖКГ укараняюць і развіваюць дадатковыя паслугі насельніцтву, іншымі словамі, шукаюць магчымасць дадатковых даходаў.

Кіраўнік вобласці закрануў пытанне сярэднямесячнай заработнай платы па Брэстчыне, якая вырасла ў запланаваных аб’ёмах, асабліва падкрэсліў неабходнасць яе своечасовай выплаты і той факт, што на 1 сакавіка г.г. пратэрмінаванай запазычанасці па выплаце зарплаты няма.

Адзначаны добрыя зрухі ў знешнім гандлі. Экспарт тавараў у параўнанні са студзенем мінулага года вырас на 12%, а экспарт паслуг — амаль на чвэрць, што перавышае прагноз. Канстанцін Сумар падкрэсліў, што ўсё гэта дазволіла забяспечыць станоўчае сальда знешнегандлёвых аперацый як па таварах, так і па паслугах. А па экспарце сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання Брэстчына займае першае месца ў  рэспубліцы. Станоўчая дынаміка і ў рознічнага тавараабароту.

Старшыня аблвыканкама адзначыў, што пры захаванні такой дынамікі да канца другога квартала плануецца  аднавіць недабор студзеня-лютага па аб’ёмах валавога дабаўленага кошту і выйсці на станоўчую дынаміку росту валавога рэгіянальнага прадукту.

Канстанцін Сумар назваў работу сельскагаспадарчай галіны вобласці ў студзені-лютым стабільнай і вызначыў галоўную  для яе на сённяшні дзень задачу — правядзенне пасяўной якасна і ў тэрмін. Першыя работы па сяўбе ранніх яравых пачаліся яшчэ 15 сакавіка. Зроблена многае для атрымання добрага ўраджаю зерневых, бульбы, цукровых буракоў. Канстанцін Андрэевіч асабліва падкрэсліў, што кожны кавалачак зямлі павінен даваць аддачу.

На прэс-канферэнцыі ішла гаворка і аб рэалізацыі буйных праектаў на Брэстчыне. За 2 месяцы года арганізацыямі выкарыстана каля паўтара трыльёна рублёў інвестыцый у асноўны капітал.

Сярод праектаў — будаўніцтва цэха па вытворчасці драўняна-стружкавых і ламініраваных пліт у ААТ «Івацэвічыдрэў», якое плануецца завяршыць да 20 красавіка, комплекснае асваенне і распрацоўка сілікатных пяскоў і мелу радовішча «Хаціслаўскае». Летась уведзены ў эксплуатацыю завод па вытворчасці сілікатнай цэглы, цяпер ідзе мантаж абсталявання завода па вытворчасці блокаў з ячэістага бетону і праектаванне завода па вытворчасці вапны і тонкадысперснага сепарыраванага мелу. Да завяршэння падыходзіць будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу ў Брэсце, тэхнічнае пераўзбраенне на ААТ птушкафабрыка «Меднаўская», а таксама плануецца да завяршэння першы этап арганізацыі поўнага цыклу вытворчасці акумулятараў у нашай краіне таварыствам з абмежаванай адказнасцю  «Белінвестгандаль-Сплаў».

Аб’ём прамых замежных інвестыцый у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на Брэстчыне вырас у 63 разы і склаў 15 мільёнаў долараў. Гэтыя грошы ў асноўным накіраваны на мадэрнізацыю ўжо дзеючых прадпрыемстваў і вытворчасцяў.

Канстанцін Сумар адзначыў, што па даручэнні Кіраўніка дзяржавы прапрацоўваецца пытанне стварэння буйной малочнай кампаніі на базе канцэрна «Брэстмясамалпрам». Ажыццяўленне гэтага праекта дазволіць павысіць прадукцыйнасць працы, павялічыць экспартныя пастаўкі і расшырыць іх геаграфію. Створаная малочная кампанія будзе перапрацоўваць практычна мільён тон малака ў год.

Старшыня аблвыканкама засяродзіў увагу на мерах, што прадпрымаюць органы ўлады для рашэння пытанняў, якія часта паступалі на «прамыя лініі», станавіліся тэмамі газетных публікацый. Яны датычылі  капітальнага рамонту жылля (на яго мэты сёлета плануецца накіраваць без малога 130 мільярдаў рублёў), жыллёвай палітыкі. У прыватнасці, старшыня аблвыканкама адзначыў, што ў Адміністрацыі Прэзідэнта разглядаецца прапанова ўрада захаваць для людзей, якія заключылі крэдытныя дагаворы на старых умовах, гэтыя ж умовы. Такое рашэнне дазволіць зняць многія пытанні. У нашай вобласці па Указу № 13 38% грамадзян, якія заключылі крэдытныя дагаворы на будаўніцтва жылля на льготных умовах, страцілі гэта права.

Тых чаргавікоў, якія падпадаюць пад дзеянне ўказа і ўжо адкрылі крэдытныя лініі, банкі будуць дакрэдытоўваць з улікам ударажання кошту будаўніцтва, іншымі словамі, з павелічэннем раней адкрытай крэдытнай лініі да неабходнага аб’ёму. А тыя, хто не ўпісаўся ў дакумент, але паспеў ужо адкрыць крэдытную лінію, будуць будаваць жыллё ў межах выдзеленых раней крэдытаў.

Канстанцін Сумар адзначыў, што ўрадам адпраўлены на дапрацоўку праект канцэпцыі дзяржпалітыкі жыллёвага будаўніцтва. У ёй будуць прадугледжаны ўмовы і парадак прадастаўлення мер дзяржаўнай падтрымкі, умовы крэдытавання, парадак будаўніцтва жылля на агульных падставах, спосабы стымулявання будаўніцтва індывідуальнага і арэнднага жылля і іншых пытанняў.

Дарэчы, у вобласці па стане на 1 студзеня г.г. сфарміраваны 171 жыллёва-будаўнічы і спажывецкі кааператыў на 11399 сем’яў. Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 73 кааператывы на 4908 сем’яў.

Закрануў старшыня аблвыканкама асобныя пытанні, звязаныя са спажывецкім рынкам, стабілізацыйным фондам; дэталёва акрэсліў праблемы, якія маюць месца ў ахове здароўя, і меры па павышэнні прэстыжу ўрача пярвічнага звяна, планы па вырашэнні кадравага пытання ў медыцыне; а таксама  выказаў станоўчае стаўленне да агульнаадукацыйных школ з эстэтычным ухілам — «будзем старацца іх захаваць».

Пытанні, якія ўдзельнікі прэс-канферэнцыі задалі старшыні аблвыканкама, вызначаліся рознапланавасцю і закраналі самыя розныя сферы жыццядзейнасці Брэстчыны. З адказаў Канстанціна Сумара журналісты даведаліся, што, напрыклад, да пачатку ўборкі кукурузы сёлета ў Івацэвічах будзе ўведзена ў строй дзеючых чацвёртая чарга кукурузакалібровачнага завода; пра перспектывы Брэста і вобласці; пра тое, што нашы будаўнічыя арганізацыі аказваюць свае па-слугі ў Цюмені, Валагодскай, Цвярской, Калінінградскай абласцях Расіі і ў іншых краінах; што Брэстчына пастаўляе сваю прадукцыю ў 18 новых краін; што ў гэтым плане мы выйшлі на лацінаамерыканскі, кітайскі рынак, Японію, Італію, ЗША, Новую Зеландыю. Канстанцін Андрэевіч гаварыў пра сваё стаўленне да рэформы вышэйшай школы, аб праекце «Бярозатара» і ства-ральным інвестыцыйным клімаце Брэстчыны, аб развіцці Белаазёр-ска і будаўніцтве  новага інтэрната для студэнтаў Брэсцкага  педуніверсітэта і многае іншае.

Пытанне з ляхавіцкім адрасам датычыла перспектыў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод». Канстанцін Сумар упэўнены, што, акрамя запланаванай рэканструкцыі прадпрыемства, развіццю вытворчасці на ўсіх яе этапах паспрыяе ўкараненне і дакладнае захаванне сучасных тэхналогій. Як прыклад, прагучала станоўчая ацэнка ўжо рэканструяванага аднатыпнага завода ў Пружанах.

Прэс-канферэнцыі старшыні аблвыканкама ўжо даўно сталі традыцыйнымі, і журналісты чакаюць іх, каб пачуць самую дакладную інфармацыю па пытаннях, якія іх хвалююць. І на гэты раз размова была шчырай, дыялог атрымаўся канструктыўным, змястоўным, актуальным. Канстанцін Андрэевіч адзначыў дзейсную ролю сродкаў масавай інфармацыі ў ажыццяўленні дзяржаўнай палітыкі і вырашэнні надзённых праблем і пажадаў не забываць пра галоўнае патрабаванне да журналісцкай творчай работы — аб’ектыўнасць.

Вольга БАРАДЗІНА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *