А маёўка – пры аншлагу

Яркім сонцам, морам квецені, безліччу ўсмешак і, канешне, Святам працы пачаўся май. Дзень светлы і радасны, традыцыйна ўрачысты і ўпрыгожаны рознакаляровасцю шароў, гучнай музыкай і абавязковымі маёўкамі. Старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда падкрэсліў, што для прафсаюзаў гэта адно з самых важных святаў: «І галоўнае ў гэтым свяце – падзякаваць чалавеку працы за сумленную працу і той уклад, які ён уносіць у агульнае развіццё краіны. І няважна, хто, у якой галіне працуе. Мы ўсе працуем на тое, каб жыццё станавілася лепш, дзяржава развівалася і рухалася наперад. Наша агульная энергія, згуртаванасць салідарнасць, накіраваныя менавіта на стваральнасць і добрыя справы, дапамогуць вырашыць любыя пытанні».
Па добрай традыцыі адбылася маёўка і ў Ляхавічах. У гарадскім парку адпачынку па вуліцы Дзесюкевіча ладзіліся ўрачыстасці менавіта з гэтай нагоды. Старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Святлана Курэц уручыла прафсаюзныя дыпломы і граматы лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў, якія вызначыліся выдатнымі вынікамі на сваіх рабочых месцах, актыўнай грамадзянскай і жыццёвай пазіцыяй, а таксама ветэранам, хто ў свой час унёс значны ўклад у развіццё вытворчасці, умацаванне эканомікі раёна.
Адпавядала святочнай нагодзе і канцэртнае суправаджэнне першамайскага сцэнарыя: сваё майстэрства, выказанае музыкай, песнямі, харэаграфічнымі нумарамі, прадэманстравалі ўдзельнікі мастацкай самадзейнасці раёна. А для дзяцей самым прыцягальным месцам былі атракцыёны – не пуставалі арэлі, каруселі, вясёлая горка.
Прэм’ера мая ўдалася і атрымалася, як і належыць, святочнай.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Больш фото тут.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *