На дзяжурства з участковым

І гэты ўчастковы – капітан міліцыі Сяргей Хмарук Рэдакцыйнае заданне – адзін дзень з жыцця ўчастковага. Успамінаюцца сюжэты з папулярнага ў свой час серыяла «Участак», з больш старых кінафільмаў. Нераўнадушны, чулы, уважлівы да усіх і ўсяго і заўсёды ў стане вырашэння спраў, якіх у яго проста безліч, – такі ён, галоўны герой гэтых кінастужак. А як у рэальным жыцці?

а гадзінніку 10.30. Менавіта ў гэты час пачынаецца працоўны дзень вясковага ўчастковага. Пачынаецца тут, у раённым аддзеле ўнутраных спраў: усе праходзяць медыцынскі агляд, узбройваюцца, потым – на планёрку, а калі па-міліцэйску – на інструк-таж, што праводзіць начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Віталій Дабрачынскі. Абмяркоўваюцца чарговыя задачы на дзень, на што звярнуць асаблівую ўвагу. І пасля – па сваіх участках.

Дарэчы, у Ляхавіцкім РАУС сёння служаць дзевяць участковых інспектараў міліцыянераў, двое з іх сочаць за парадкам на гарадскіх участках.

Пад наглядам участковага Сяргея Хмарука – тэрыторыя Жарабковіцкага сельсавета – 16 вёсак, сярод якіх Зарытава, Гулічы, Сваятычы, Патапавічы, Зубелевічы і іншыя. Як атрымліваецца падтрымліваць парадак на такой саліднай тэрыторыі, дзе пражывае амаль 3000 чалавек?
– У нашай прафесіі важна заўсёды быць у курсе ўсіх падзей, што адбываюцца на ўчастку. Гэта значыць, у тым ліку, быць на сувязі са старшынямі сельвыканкамаў, старастамі вёсак, кіраўнікамі прадпрыемстваў і ўсімі калектывамі, тутэйшымі педагогамі і медработнікамі, наогул, з вяскоўцамі, – расказвае Сяргей, пакуль мы едзем у Патапавічы.
У вёсцы ўчастковы вядомы кожнаму. Да Сяргея Хмарука звяртаюцца напрамую, тэлефануюць на мабільны. Бяда можа здарыцца ў любы час, адрэа-гаваць трэба хутка, дапамагчы своечасова. А часам досыць і размовы, кансультацыі на адлегласці, каб сітуацыя вырашылася.
У праграме сумеснай з МНС акцыі «За бяспеку разам» у раскладзе дня ўчастковага – наведаць пажылых грамадзян, пацікавіцца іх справамі, даведацца, што іх хвалюе сёння, чым можна дапамагчы. Вось і сёння заходзіць па намечаных адрасах.
– Добры дзень, я ваш …., – яшчэ не закончыў вартавы парадку, як прагучала дружнае:
– Прывітанне, Сяргей Іосіфавіч, у нас усё звычайна, можаце не хвалявацца.
Капітан міліцыі Хмарук яшчэ раз нагадвае пажылым вяскоўцам свой нумар тэлефона, дае парады, як засцерагчыся ад крадзяжоў і не стаць ахвярай злачынцаў.
– Чалавек ён добры, ветлівы. Шмат робіць для людзей. Мы яму давяраем, – расказваюць муж і жонка Бурнос.
А давер трэба заваяваць. На аўтарытэт участковага ўплываюць многія фактары: яго прафесіянальныя навыкі, уменне аказаць кваліфікаваную дапамогу, асабістыя паводзіны і адносіны да людзей.
араз у Тальмінавічы. Трэба папоўніць доказную базу – апытаць відавочцаў здарэння, пагаварыць з загадчыцай фермы, дзе днямі ў стане алкагольнага ап’янення ў працоўны час знаходзіўся работнік. На жаль, менавіта з чаркі пачынаюцца шматлікія праблемы. Яны – падстава для сямейнай сваркі, міжсуседскага канфлікту, непрыемнасцяў на працы, алкаголь «натхняе» на крадзяжы… А часам ахвяра спіртнога становіцца ахвярай злачынцаў.
– Для мяне балюча, калі ў нецвярозых бацькоў пакутуюць дзеці. Даводзілася бываць у такіх сем’ях, бачыць, як на шчырую дзіцячую любоў бацькі адказваюць п’янствам, а калі ім даюць другі шанц, яны зноў за старое, зноў за алкаголь… Вось і цяпер даведаўся, што не апраўдала маіх надзей такая сямейная пара. Буду з імі працаваць, ім трэба дапамагчы, – расказвае Сяргей Іосіфавіч па дарозе ўжо ў Канюхі.
Участковага называюць універсальным супрацоўнікам праваахоўных органаў нездарма. Ён жа і псіхолаг (чалавека трэба бачыць наскрозь, каб знайсці падыход; часам праявіць звышкамунікабельнасць, каб наладзіць кантакт; бывае, і проста пабыць зацікаўленым суразмоўцам), і следчы, і аператыўнік, і нават эксперт.
Літаральна днямі Сяргей Хмарук канфіскаваў у адной вяскоўкі 12,5 літра нейкага самаробнага напою. Судова-хімічная экспертыза пацвердзіла, што гэта самагонная брага. Сяргей Іосіфавіч знаёміць жанчыну з вынікамі экспертызы, расказвае па якім артыкуле прад’яўлена абвінавачванне, паведамляе, што матэрыялы адміністрацыйнай справы будуць накіраваны ў суд для прыняцця рашэння. Гэта ўжо не першы выпадак, калі даводзілася канфіскаваць самаробны алкагольны напой і самагонны апарат па гэтым адрасе. На жаль, у такой справе прафілактычныя размовы не вырашаюць пытанне – тут дапаможа толькі пільны кантроль.
– Заедзем яшчэ ў адну сям’ю, нам якраз па дарозе ў Жарабковічы. Побач здарылася няшчасце, трэба апытаць, магчыма, суседзі што-небудзь бачылі, ведаюць, – тлумачыць участковы.
то датычыць погляду Сяргея Хмарука на сваю службу, то ён перакананы:
– Менавіта ўчастковы заўсёды павінен быць навідавоку, сярод людзей, чуць і ведаць іх праблемы. Імкнуся за дзень аб’ехаць усе свае вёскі, зазірнуць па трывожных адрасах, каб нагадаць, што служба правааховы побач.
Прызнаецца, што падчас вучобы ў Тульскім артылерыйскім інжынерным інстытуце цягнула дадому, у Патапавічы (сёння вёска знаходзіцца у зоне ягонай «участковай» адказнасці). Хацелася працаваць менавіта на роднай зямлі. Ваенныя пагоны змяніў на міліцэйскія, і ў 2015 годзе ўладкаваўся ў РАУС.
– Прыносіць задавальненне ўсведамленне таго, што рэальна магу вырашаць многія праблемы. Няхай яны не глабальныя – кропкавыя, але псуюць настрой, перашкаджаюць людзям: уладжу сямейна-бытавы канфлікт, удасца прымірыць суседзяў ці яшчэ што-небудзь. Заўважыў цікавую рэч: вачамі ўчастковага на многае глядзіш інакш – чапляешся за любую падазроную дробязь, якая можа прывесці да бяды, – разважае Сяргей Хмарук.
У аграгарадку Жарабковічы спраў таксама шмат. У першую чаргу наведаем жыхароў, якія раней мелі праблемы з законам. Тут спрацоўвае псіхалогія: калі чалавек ведае, што яго паводзіны пад кантролем участковага, жаданне парушыць грамадскі парадак адпадае.
Нечаканым гасцям вясковец не здзівіўся, відавочна, звыкла, што ўчастковы прыходзіць да яго рэгулярна. Гаспадар за «нецвярозымі» справамі не заўважаны, дома – чысціня і парадак. Значыць, і прэтэнзій няма, задаволена зазначае Сяргей Іосіфавіч.
– Цяпер давайце заедзем у майстэрні ААТ «Жарабковічы». Хачу пагаварыць з калектывам, можа ёсць да мяне якія-небудь пытанні. Што асабліва актуальна – напомніць пра тэхніку бяспекі пры правядзенні палявых работ, праверыць умовы захоўвання сельскагаспадарчай тэхнікі, – плануе ўчастковы. І ў хуткім часе ажыццяўляе намечанае. Фактаў безгаспадарчасці не выяўлена, і гэта выдатна.
Пасля накіраваліся ў амбулаторыю ўрача агульнай практыкі, затым у сельвыканкам… Адрас за адрасам, на гадзінніку ўжо 21.00. А яшчэ ў райаддзел міліцыі трэба здаць справы.
і можна назваць гэта звычайным днём? Магчыма, Сяргей Хмарук адказаў бы сцвярджальна. А чалавеку, які пабываў «ценем» участковага, яго расклад здаецца вельмі шчыльным і напружаным. За дзяжурства столькі падзей, людзей, розных гісторый, сустрэч, пераездаў. І гэта толькі адзін дзень, а заўтра будуць новыя імёны, новыя справы, новыя акалічнасці. Участак – гэта не толькі тэрыторыя, але і людзі.

Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

На дзяжурства з участковым: 1 комментарий

  • 04/05/2018 в 09:17
    Permalink

    Вельмі цікавы артыкул. Галоўнае — добра выконваць сваю працу, а паказчыкі выцякаюць. Менш парушальнікаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *