Па поўнай праграме і нават звыш

Школа выхоўвае, школа вучыць і робіць гэта творча. Педагогі раёна разам з вучнямі ажыццяўляюць шмат цікавых праектаў

Усхваляваныя школьнікі, шчаслівыя бацькі, гордыя настаўнікі. Вядучы аб’яўляе намінацыі і выклікае на сцэну пераможцаў алімпіяд, навукова-практычных канферэнцый, спаборніцтваў і конкурсаў. Гучаць фанфары, віншаванні і словы падзякі – за працу, настойлівасць і імкненне да мэты…
Гэта з «Сузор’я талентаў» – раённага трыумфу таленавітых і адораных рабят. У нашым раёне склаліся добрыя адукацыйныя традыцыі, дзейсная сістэма падрыхтоўкі алімпіяднікаў, разумнікаў і проста цудоўных рабят, назапашаны багаты вучэбна-метадычны вопыт, дзейнічае разгалінаваная сетка развіцця дзіцячых здольнасцей. Заслугі ў шматлікіх інтэлектуальных, творчых, спартыўных іспытах – таму сведчанне.

Адзіны ў раёне настаўнік-метадыст Сяргей Абярган умее зацікавіць сваіх вучняў – яны «хімічаць» разам.

Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлана Якубоўская (справа) са спецыялістамі вучэбна-метадычнага кабінета абмяркоўвае чарговую метадычную распрацоўку.

У рэспубліканскім конкурсе на лепшы праект па арганізацыі шостага школьнага дня дыпломам II ступені адзначаны праект СШ № 2 «Прафесія педагог – мая будучыня» (аўтары Таццяна Доруш і Наталля Кудраўцава). Вучаніца Жарабковіцкай СШ Дар’я Каляда (настаўніца Галіна Бунель) у IX рэспубліканскім конкурсе навукова-тэхнічнай творчасці вучнёўскай моладзі «ТэхнаІнтэлект» у секцыі «Экалогія і рацыянальнае прыродакарыстанне» ўзнагароджана дыпломам
II ступені. Гімназісты неаднойчы вызначаліся ў рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячых СМІ «Свежы вецер». І сёлета яны сярод пераможцаў – з дыпломам I ступені. З бронзай вярнуліся з абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды гімназісты Кацярына Козел (настаўніца Святлана Ермаковіч) і Антон Пальчык (Галіна Бурбіцкая), 10-класніца  СШ № 1 Карына Лагун (настаўніца Алена Камко), 9-класніца Тальмінавіцкай СШ Ульяна Азімка (Ірына Есіс). У абласным конкурсе «Выхаваўчая прастора рэгіёна як фактар паспяховай сацыялізацыі і грамадзянска-патрыятычнага станаўлення асобы» Ляхавіцкі раён адзначаны дыпломам
III ступені. Рэспубліканскі конкурс маладых педагогаў у намінацыі «Выхаваўчае мерапрыемства» быў пераможным для настаўніцы Тухавіцкай СШ Наталлі Шаўчук.
Адзнакі абласнога і рэспублі-канскага ўзроўняў атрымліваюць за свае адмысловыя вырабы выхаванцы цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Не пералічыць кубкі, званні і ўзнагароды мясцовых спартсменаў, прычым і на міжнародным узроўні.
Дзіцяча-юнацкая спартыўная школа сёлета да сваёй назвы прыбавіла статусную прыстаўку –  стала спецыялізаванай ДЮШ алімпійскага рэзерву. Каб гэта заслужыць, трэба было вельмі папрацаваць у даным накірунку.
Школы раёна вядуць эксперыментальную дзейнасць па дыферэнцыяцыі адукацыйнага працэсу і павышэння яго якасці. Пяць устаноў адукацыі – яслі-сад № 1, гімназія, СШ № 1, Крывошынская і Жарабковіцкая школы – з’яўляюцца ўдзельнікамі рэспубліканскіх інавацыйных праектаў.
Начальніку аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Святлане Якубоўскай пра задачы педагогаў, творчы падыход да справы ёсць што сказаць:
– Вызначаны шляхі ўдас-каналення адукацыйнай сістэмы і яе пераходу на якасна новы ўзровень – будзем дзейнічаць. Сёння нельга прыйсці ў клас з журналам і падручнікам, да ўсяго патрабуецца творчы, крэатыўны падыход, такая падача матэрыялу, якая зацікавіць вучня, прымусіць думаць. Інфарматызацыя грамадства патрабуе мабільнасці і ад педагогаў. Радуе, што нашы настаўнікі на ўроку – даследчыкі, праграмісты, аўтары і суаўтары. Настаўнік СШ № 1 Сяргей Абярган мае катэгорыю метадыста, да яго дыстанцыйных алімпіяд па хіміі далучаецца ўсё больш школьнікаў раёна. У мінулым годзе ён быў пераможцам абласнога этапу і ўдзельнікам рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт». Сёлета сярод пераможцаў яго адборачнага дыстанцыйнага этапу і рэспубліканскіх фіналістаў – настаўнік Малагарадзішчанскай школы Аляксандр Касабуцкі. На мінулым тыдні ён вярнуўся са сталіцы з дыпломам ІІ ступені. Ёсць заслугі і дасягненні і ў іншых маіх калег. І гэта натхняе.
Вучні настаўніцы Жарабко-віцкай СШ Галіны Бунель за тры гады «зарабілі» на алімпіядах, у конкурсах, навукова-практычных канферэнцыях 33 узнагароды рознай вартасці. Сакрэт ураджайнасці ў педагога на першы погляд просты:
– Гэта мая работа і яе прывыкла выконваць сумленна. Імкнуся ўлюбіць у біялогію сваіх школьнікаў, дапамагае і вялікі вопыт. А дзяцей трэба толькі падштурхнуць, накіраваць, убачыць іх талент і даць паверыць ва ўласныя здольнасці, – дзеліцца Галіна Сігізмундаўна.

Інавацыйны праект Жарабковіцкай СШ у вобласці прэзентавалі дырэктар школы Вольга Бурак, настаўніца Святлана Пальчык і дзесяцікласніца Дар’я Каляда.

У Жарабковіцкай СШ, дарэчы, арганізавана работа вучнёўскай бізнэс-кампаніі «Няхітры выраб». Рабяты ўдзельнічалі ў Брэсце ў стартапе «100 ідэй для Беларусі». Днямі яны сталі пераможцамі рэгіянальнага конкурсу інавацыйных педагагічных ідэй.
Дзейсны механізм задавальнення адукацыйна-прафарыентацыйных запытаў школьнікаў –
профільнае навучанне. За тры гады прафілізацыі многія СШ раёна знайшлі сваю адметнасць, стыль і даказалі эфектыўнасць сваёй мадэлі. У прыватнасці, у гімназіі на павышаным узроўні вывучаюць тры прадметы. У СШ № 2
арганізавана работа класаў педагагічнай і спартыўнай накіраванасці. У мінулым годзе яе 17 выпускнікоў паступілі ў навучальныя ўстановы на педспецыяльнасці.
Школы ўзаемадзейнічаюць з установамі вышэйшай, сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. З пачатку года выкладчыкі Беларускага дзяржаўнага педуніверсітэта імя Максіма Танка на базе гімназіі рыхтуюць вучняў раёна да алімпіяд. Дзейнічаюць і міжшкольныя факультатывы.
Адукацыйнае жыццё насычанае, плённае, адказнае. У мінулым студзені ў раёне праходзіў рэспубліканскі маніторынг узроўню фінансавай граматнасці старшакласнікаў, вызначалі таксама асобаснае развіццё вучняў 9, 11 класаў Востраўскай СШ. У лютым сямікласнікі СШ № 2 рашалі рэспубліканскія заданні па матэматыцы, па геаграфіі – дзесяцікласнікі гімназіі. Вынікі сведчаць пра дастатковы ўзровень агульнай сярэдняй адукацыі ў раёне.
Днямі ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі прайшло міжнароднае маніторынгавае даследаванне якасці агульнай адукацыі (PIZA). Вызначалі, ці валодаюць 15-гадовыя школьнікі (экзамен трымалі падлеткі СШ №1 і Конькаўскага ВПК) ведамі і ўменнямі для жыццядзейнасці ў сучасным грамадстве. А колькі ладзіцца творчых падзей і сустрэч, конкурсаў і фестываляў! Многія з іх сталі візітоўкай раёна, як, напрыклад, акцыя «Калядны падарунак», адкрыты турнір па лёгкай атлетыцы на прызы майстра спорту міжнароднага класа, чэмпіёна Еўропы Генадзія Валюкевіча і іншыя.
ардэчна праходзяць ушанаванні маладых спецыялістаў і ветэранаў педагагічнай працы. Ветэраны-педагогі і на заслужаным адпачынку не сядзяць у чатырох сценах: сустракаюцца і святкуюць знакавыя даты, ставяць спектаклі і цвёрда ўпэўнены, што на пенсіі жыццё толькі пачынаецца.
– Раённая арганізацыя ветэра-наў адукацыі аб’ядноўвае ў сваіх радах былых педагогаў школ, дзіцячых садкоў, пазашкольных устаноў. Можна толькі пазайздросціць іх энергіі і нераўнадушнасці, – расказвае старшыня раённага камітэта галіновага прафсаюза Святлана Бялецкая.
Сучасныя ўстановы адукацыі інфармацыйна і камунікатыўна развітыя. Сёлета ўсе школы ўключаны ў анлайн-сэрвіс «Электронны журнал-дзённік». Зручна для бацькоў, ды і для саміх навучэнцаў. Але школа – гэта, так сказаць, фінішны этап навучання. Цікавасць да пазнання пачынаецца і закладваецца ў дзіцячым садзе. Дашкольныя ўстановы выкарыстоўваюць у рабоце інавацыйныя педтэхналогіі, шукаюць формы супрацоўніцтва з сем’ямі, распрацоўваюць арыгінальныя методыкі ўмацавання здароўя сваіх выхаванцаў.
У гарадскіх установах маюцца групы, дзе дзіця можа знаходзіцца на працягу ад дзвюх да сямі гадзін. Бацькі могуць выбіраць і мову навучання свайго сына ці дачкі – у 11 дзіцячых садах працуюць 22 беларускамоўныя групы.
Адметна, што ў раёне няма дэфіцыту дашкольных месцаў, а пяцігадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі стопрацэнтна ахоплены дашкольнай адукацыяй – прыходзяць у першы клас з пэўным багажом ведаў і ўменняў.
Усё лепшае – дзецям. У раёне для гэтага створаны выдатныя ўмовы, маюцца прафесіянальныя кадры, на ўзроўні і матэрыяльна-тэхнічная база. Вучыцеся, дзеці!
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Па поўнай праграме і нават звыш: 1 комментарий

  • 06/05/2018 в 23:39
    Permalink

    Согласна, в системе образования нашего района сформировано немало замечательных традиций. Подкупает, как сердечно в школах относятся к своим ветеранам, как учитель стремится помочь ученику, поддержать его. Педагоги — энтузиасты, школьники — умнички. Так и надо. Только вперёд и только к успеху.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *