Лён крануўся

Нягледзячы на безумоўную ўмоўнасць такога дзялення, можна гаварыць пра два этапы пасяўной кампаніі. Пачаткам служыць сяўба ранніх зерневых і зернебабовых, пазней прыходзіць пара іншых — больш цеплалюбівых культур. Дакладней, прыйшла. Галоўны аграном райсельгасхарчу Мікалай Каплыноў  заўважыў: «Ужо можна сеяць усё: і лён, і цукровыя буракі, і кукурузу. Бульбу таксама можна і патрэбна саджаць».

Гутарка са спецыялістам адбылася ў мінулы панядзелак, і ўжо на той дзень аграрыі Ляхавіччыны з ранняй сяўбой у цэлым справіліся. Але толькі ў цэлым і дзякуючы таму, што некаторыя з сельгасарганізацый спрацавалі, так скажам, звышпланава. У той час, як пара-тройка асобных іншых нашых гаспадарак  (СВК «Тальмінавічы», «Жарабковічы», ЗТАА «БелДан») працягвала яшчэ дасяваць свае раннія гектары. Апошнія, відавочна, апынуцца ў пройгрышным становішчы. Па-першае, пачатак тыдня выдаўся хоць і цёплым, аднак, дажджлівым. Што для сейбіта — безумоўны стрымліваючы фактар. Ды і вялікія сумненні, калі звярнуцца да прагнозу, што надвор’е бліжэйшых дзён будзе аптымістычна спрыяльным.

Між тым, працягвае Мікалай Каплыноў, падыходзяць ужо і тэрміны хімічнай праполкі яравых зерневых. Узнікае, такім чынам, патрэбнасць дзейнічаць на два франты: акрамя працягу пасяўных работ давядзецца знаходзіць магчымасці, сілы і сродкі для ўнясення хімічных рэагентаў.

Але шум на нівах не спыняецца. Можна нават гаварыць пра яго ўзмацненне, усё большую распаўсюджанасць. Асвойваць нязерневыя палеткі выходзяць спецыялізаваныя пасяўныя агрэгаты. Спачатку пра лён, раённыя пасевы якога ў сёлетнім сезоне вызначаны ў межах 1900 гектараў. Ільняная нагрузка ў рознай ступені размеркавана паміж 7 традыцыйнымі нашымі гаспадаркамі-вытворцамі гэтай культуры. У СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Шлях новы», «Канюхі», «Тальмінавічы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс», філіяле «Ляхавіцкая міжраённая льнонасенстанцыя» і, канешне ж, ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» і вопыт вырошчвання культуры, і неабходнае для таго тэхнічнае забеспячэнне. Райаграсэрвіс ільносяўбу, як, дарэчы, і сяўбу ранніх зерневых і зернебабовых, ужо завяршыў.

Прыступілі да работ і ўсе іншыя з прыведзенага вышэй спісу гаспадарак. Так, самы буйны наш ільнасейбіт, якім з’яўляецца  льнозавод, адсеяўся ўжо прыкладна на трэці сваіх планавых 1260 гектарах.

У распрацоўцы знаходзяцца ўжо і цукровыя палеткі. Сяўбу салодкага кораня вядуць СВК «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», «Шлях новы», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Але самы значны ў раёне вытворца салодкай прадукцыі СВК «Жарабковічы» на дзень напісання гэтага матэрыялу, па словах галоўнага агранома райсельгасхарчу, «салодкую» сяўбу яшчэ не адкрываў.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *