Расклад для старасты

Сяргей Каляда марыў пасля заканчэння інстытута жыць і працаваць у вёсцы. І прафесію выбраў адпаведную — аграном. Наконт жылля ён таксама зараней усё прадумаў. Адмовіўся ад катэджа, які прапаноўвалі ў СВК «Жарабковічы», і ажывіў, прывёў да ладу сядзібу дзядулі. Па сутнасці, ён тут вырас, бо бацькі, хоць  жылі ў Ляхавічах, бывалі ў Жарабковічах амаль штодня.

Добрыя намеры маладога чалавека вяскоўцы ацанілі, ідуць да яго  за парадай і дапамогай. Сярод суседзяў найбольш пажылыя людзі, да якіх ён ставіцца з павагай, стараецца дапамагчы.

У Жарабковіцкім сельвыканкаме Сяргей Каляда таксама ў ліку актывістаў. Некалькі гадоў нават узначальваў сельвыканкам і за гэты час добра вывучыў праблемы тутэйшых людзей, ведае кожную сям’ю. Таму прапанову вяскоўцаў выбраць старастай вёсак Жарабковічы і Зарытава іменна Сяргея Каляду, падтрымалі і сельвыканкам, і праўленне СВК «Жарабковічы».

Новая хваля клопатаў прый-шла разам з вясной. Уборка сядзібаў, арганізацыя вывазкі смецця, добраўпарадкаванне, падрыхтоўка да палявых работ  — штодзень з’яўляецца нешта новае, што патрабуе канкрэтных дзеянняў.

Сяргей Каляда — аграном, брыгадзір трактарнай брыгады — работы хапае. Але ён трымае ў полі зроку і пытанні аднавяскоўцаў. Зразумела, што без падтрымкі мясцовага сельгаскааператыва многія з іх так і засталіся б нявырашанымі. Напрыклад, часта  вяскоўцам патрэбен транспарт. Сяргей Уладзіміравіч упаўнаважаны самастойна разгледзець  падобныя заяўкі. Скажам, звярнуўся да старасты ветэран вайны з просьбай дапамагчы прывезці гравій, каменне, іншыя будматэрыялы. Работы былі выкананы без прамаруджвання.

Калі настае пара  апрацоўкі агародаў, зноў старасту няма спакою: некаму патрэбна арганізаваць культывацыю ўчастка трактарам, для другога — дамовіцца «выпісаць» каня, а то знайсці рабочыя рукі, каб ускапаць градку рыдлёўкай…

Можна сказаць, што работа старасты «сезонная». Восень — гэта нарыхтоўка кармоў. Тады многія ідуць да Сяргея Уладзіміравіча: дапамагчы падвезці сена, салому, а бліжэй да зімы — даставіць торфабрыкет, дровы. Бывае, што тэрмінова патрэбна адвезці некага ў райбальніцу. Іншы раз Сяргей Каляда нават і не шукае транспарту, садзіцца за руль уласнага аўтамабіля.

Расклад дня старасты шчыльны. Работа, зразумела, на першым плане. Знаходзіць час на грамадскія справы: дапамагаюць  маладосць, пачуццё адказнасці, падтрымка калег. Напрыклад, у жыхароў вуліцы Садовай была праблема з яе асвятленнем. Стараста звярнуўся ў сельвыканкам,  заяўка была адпраўлена ў РЭС. Гэтае пытанне  Сяргей Каляда трымаў на кантролі, пакуль яго не  вырашылі. Зусім нядаўна яшчэ адна «гара» скінута з плячэй. Прагрэйдзіравана адна з самых нядобраўпарадкаваных вуліц. Нямала клопату і з вырашэннем лёсу пустуючых дамоў. Жарабковіцкі сельвыканкам абавязкова ўключае ў камісію старасту Сяргея Каляду, які дасканала ведае вяскоўцаў, у тым ліку многіх уласнікаў пустуючых дамоў. Наладжваецца сувязь з імі, і пытанне вырашаецца. Сёння па Жарабковіцкім сельсавеце налічваецца 42 пустуючыя дамы, а ў вёсках Жарабковічы і Зарытава ўсяго  8-10 сядзібаў, ды і тыя — дачы, якія ёсць каму даглядаць.

У старасты ёсць справа да ўсяго, што адбываецца ў яго вёсках. Быт шматдзетных сем’яў — пад асобым кантролем. Выявілі, што іншы раз, калі бацькі на рабоце, дзеці не могуць прыгатаваць сабе абед. Мясцовае самакіраванне выйшла з прапановай да  праўлення гаспадаркі паставіць «на забеспячэнне» сельгаскааператыва такіх малых. Цяпер гаспадарка штодзень забяспечвае гарачым харчаваннем не толькі працаўнікоў, але і дзяцей з некаторых шматдзетных сем’яў.

Сяргей Уладзіміравіч кожны дзень у клопатах вытворчых і невытворчых, аднак, вельмі важных. І не выпадкова стараста  вёсак Жарабковічы і Зарытава Сяргей Каляда заняў трэцяе месца ў абласным конкурсе сярод сельскіх, пасялковых, гарадскіх Саветаў дэпутатаў, органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання па вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва ў 2011 годзе.

Аліна ЛАПІЧ

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *