Птушка шчасця для калег

Не толькі беларуская і руская, але і кітайская, польская, украінская, латвійская мовы гучалі з 3 па 5 мая пад дахам Нацыянальнага выставачнага цэнтра «БелЭкспа». Міжнародная спецыялізаваная выстаўка «СМІ ў Беларусі» сцірае межы і моўныя бар’еры. Дваццаць другі раз яна стала месцам сустрэчы прадстаўнікоў айчынных і замежных сродкаў масавай інфармацыі. Разам і побач свае газеты і часопісы, нацыянальныя тэлеканалы, агенцтвы прэзентавалі журналісты з розных краін. Былі тут і галіновыя, навуковыя выданні, дыпламатычныя прадстаўніцтвы, FM-станцыі. Больш за паўсотні экспанентаў прадстаўлялі каля 400 сродкаў масавай інфармацыі. І, як заўсёды, было гэта маштабна, прыгожа, стыльна, а яшчэ вельмі гасцінна і сардэчна. На працягу трох дзён палітру свята расквечвалі шматлікія конкурсы, кастынгі, аўтограф-сесіі, майстар-класы, круглыя сталы і г.д.

Упершыню ў выстаўцы ўдзельнічалі СМІ з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Расіі. Гасцяванне стала выніковым: міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч і віцэ-губернатар Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі Ірына Сакалова падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве паміж сродкамі масавай інфармацыі.
…Каля стэнда «СМІ Брэстчыны» ўвесь час было шматлюдна і гаманліва. Не толькі калегі-журналісты, але і землякі сустракаліся тут, перагортвалі газетныя старонкі, «падарожнічалі» па банеры «Постаці малой Радзімы», на якім геаграфічна пазначаны знакавыя асобы з кожнага раёна – кожны шукаў сваіх. Ад Ляхавіцкага «веснікаўцы» выбралі паралімпійца Дзмітрыя Лобана і кінарэжысёра Міхаіла Пташука.
– «Постаці малой Радзімы» –  праект, які рэалізуюць у Год малой радзімы рэгіянальныя выданні Брэстчыны (газетная рубрыка так і гучыць), – расказала начальнік аддзела па рабоце са СМІ галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама Юлія Цікунова.
Дзівіліся госці і на тое, як у руках майстра з Бярозы Аляксандра Лаўрыновіча з драўляных шчэпак нараджалася птушка шчасця. Карысталася папулярнасцю і выстава экспанатаў з фондаў Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
4 мая ў Дзень рэгіянальнай прэсы кожная вобласць з галоўнай сцэны выстаўкі прэзентавала свае СМІ. Брэстчыну ярка, паэтычна, спартыўна і нават партрэтна прадстаўлялі пісьменнікі і паэты – члены Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі (сярод іх пранікнёна гучаў голас і былога старшыні Брэсцкай абласной арганізацыі Беларускага саюза журналістаў Георгія Тамашэвіча), тэлерадыёкампанія «Брэст», героі публікацый «Зари» і г.д. Вершы, фокусы і магія, футбольныя трукі і партрэт за 7 мінут на палатне, якое круціцца, –  атрымалася відовішчнае шоу талентаў.
Звычайна, мае калегі дзеля некалькіх радкоў і класнага кадра вандруюць па дарогах-сцежках. І толькі на прафесійным журналісцкім свяце перад газетчыкамі прасціраецца дывановая чырвоная дарожка, якая вядзе на галоўную сцэну «БелЭкспа». Менавіта тут ўзнагародзілі пераможцаў і лаўрэатаў XIV Нацыянальнага конкурсу друкаваных СМІ «Залатая Ліцера». Віншаванні гучалі і ў адрас «ЛВ» – раёнка адзначана дыпломам у намінацыі «Лепшыя матэрыялы культурнай тэматыкі», што ў юбілейны для «Весніка» год асабліва прыемна.
Апошні дзень выставы быў аддадзены дзецям. Прафесіяналы вучылі юных і таленавітых ствараць сюжэты, пісаць артыкулы, дзяліліся сакрэтамі майстэрства, як, напрыклад, зрабіць якаснае фота для сацыяльных сетак. Усё разам гэта можна назваць і прафарыентацыяй.
І вось гучаць фанфары – яны абвяшчаюць аб закрыцці выстаўкі «СМІ ў Беларусі». Уручаны дыпломы ўдзельнікаў (дыплом атрымала і галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Брэсцкага аблвыканкама), наладжаны творчыя масты, пашыраны колы сяброў. Пасля карыснага абмену вопытам наперадзе – плённая работа дзеля чытачоў, пошук тэм і цікавага кантэнту і зноў жыццё-рух у чаканні жаданага майскага журналісцкага фэсту.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.

Больш фота тут

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *