“Лілеі” – квітнець. Па-новаму

Нейкай размытай па часе і дажджамі атрымліваецца сёлетняя вясна. Вось і радкі гэтыя пішуцца пад лёгкі акампанемент дажджавых кропель за акном. Работнікам сельскай гаспадаркі даводзіцца падстройвацца пад надвор’е, на няпэўны час выходзіць з пасяўнога круга.

Канешне ж, прысутнічаюць дадатковыя хваляванні, абвастраюцца турботы за якасць, важкасць будучага ўраджаю. Тым часам, назіраюцца ўжо і яравыя ўсходы зерневых і зернебабовых. На тое яны і раннія, што першымі трапляюць на раллю, першымі з ліку сельгаскультур яе і расквечваюць.

А яравая карусель выходзіць на другі круг і з роўным напружаннем працягвае рухацца ў напрамку будучых высокіх ураджаяў. Зараз ужо — культур больш позніх пасяўных тэрмінаў: ільну, буракоў цукровых, кукурузы, бульбы.

Раённае лідарства ў вытворчасці другога хлеба даўно і трывала ўтрымлівае за собой СВК «Ляхавіцкі». Там і вытворчыя аб’ёмы, і паказчыкі прадукцыйнасці адзінкі плошчы, і тэхнічныя навінкі, і тэхналагічныя інавацыі. Сёлетні клін бульбяных пасадак гаспадарнікі «Ляхавіцкага» падкарэктыравалі да 160 гектараў, — так, каб мець магчымасць здымаць ураджай ужо на дастаткова ранніх тэрмінах,  у сярэдзіне сезона, пазней.

На бульбяныя палеткі «Ляхавіцкі» выйшаў у сярэдзіне тыдня. Пры гэтым класічная схема бульбапасадак не стала для гаспадарнікаў догмай. З якой мэтай і ў чым сутнасць новаўвядзення? «Для паляпшэння таварных характарыстык клубняў», — галоўны аграном сельгаскааператыва Іван Вітко адказаў коратка. І растлумачыў, што пры традыцыйнай тэхналогіі пасадкі суседнія барозны знаходзяцца на адлегласці 70 сантыметраў. Усё гэта добра ў выпадку, калі ўраджайнасць не перавышае 250-300 цэнтнераў з гектара. Далей — буйным клубням не хапае ўнутранай прасторы. Яны ў літаральным сэнсе «рвуць» баразну і аказваюцца часткова на паверхні. Адкрытыя сонечнаму святлу, у прамым сэнсе зелянеюць і становяцца непрыгоднымі для харчовага выкарыстання, губляюць таварнасць. Прычым, размова ідзе не аб адзінкава-рэдкіх выпадках, што можна было б пакінуць без асаблівай увагі. Па словах Івана Вітко, летась іменна па гэтай прычыне з некаторых участкаў палёў выбракоўвалася да 20 працэнтаў таварнай бульбы.

Перабор, палічылі і пайшлі на карэктыроўку тэхналогіі. З пункту гледжання схемы, усё здаецца дастаткова простым і заключаецца ў павелічэнні міжраддзяў на 5 сантыметраў — з 70 да 75 — і тым самым павялічваецца вегетацыйная прастора клубняплодаў. Не будзем забывацца, аднак, што гэтым крокам дыктуецца неабходнасць адаптацыі пад новыя памеры ўсяго шлейфу бульбаапрацоўчай тэхнікі: саджалак, акучнікаў, бульбаўборачных камбайнаў. Няпростая, як можна зразумець, справа. Канешне, за дадатковую плату заводы-вытворцы гатовы пайсці на, скажам так, супрацоўніцтва. Што нятанна, аднак, не факт, што хутчэй, лепш ці надзейней. «Мы ўсё самі перарабілі, — гаворыць галоўны аграном. Зваршчыкі ў гаспадарцы добрыя, іншыя спецыялісты пастараліся».

Калі мы разам са спецыялістамі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама завіталі на палетак, «Ляхавіцкі» саджаў «Лілею».  Дакладней, адбывалася яшчэ толькі «прыстрэлка» на мясцовасці. У тэорыі ўсё  адрэгулявана, вытрымана ў адпаведнасці з задуманым і не аднойчы праверана. А што на практыцы? З сантыметровай стужкай у руках Іван Вітко правярае «правільнасць» пасадкі «кантрольных» бульбін. Вынік супадае, і саджалцы дазваляецца старт.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *