«Я помню дзіўнае імгненне»… Яны абодва філолагі. І ці не сімвалічна, што гэта сям’я жыве на вуліцы Пушкіна?!

Па вуліцы Пушкіна ў райцэнтры ёсць адрас, як прызнаюцца яго гаспадары, з адмецінай шчасця. Там жывуць шчаслівыя муж і жонка Ясевічы – Васілій Іванавіч і Людміла Браніславаўна. А нядаўна, 26 красавіка, гэтыя мілыя, прыгожыя людзі адзначылі важную падзею іх сумеснага жыцця – 65 гадоў разам, заўсёды побач. Што б ні здаралася, яны сапраўдныя сябры, самая надзейная апора, падтрымка адзін для аднаго.

Як пражыць, каб пранесці праз усё жыццё гэта светлае пачуццё – каханне, каб пасля на лавачцы ва ўласным яблыневым садзе трымацца за рукі і ведаць, што побач «мой чалавек»? Так падумалася, калі фатаграфавала Ясевічаў. Яны не пазіравалі, увогуле не заўважалі камеры. Шчырыя, сапраўдныя, без перабольшання, закаханыя, мусіць, не менш, чым тады, калі ўпершыню сустрэліся ў агульных знаёмых.
Гэта было пачуццё з першага позірку і на ўсё жыццё.
– Мы толькі пачыналі працаваць. Я – настаўніцай беларускай мовы і літаратуры ў Мядзведзічах, у Васілія першым працоўным месцам стала руская сярэдняя школа ў Ляхавічах, дзе ён выкладаў рускую мову і літаратуру. У той вечар мы засядзеліся ў знаёмых і мой будучы муж прапанаваў правесці мяне дадому, – успамінае Людміла Браніславаўна.
– А па-іншаму я і не мог, – удакладняе Васілій Іванавіч. – Яна спадабалася мне адразу. Мы ішлі, размаўлялі пра ўсё на свеце. Але потым раптам Людміла сказала «хопіць, далей я сама». Я не разгубіўся і абняў яе. Калі вярнуўся на кватэру, зразумеў: толькі што праводзіў дамоў сваю будучую жонку.
Так і атрымалася. У красавіку 1953-га маладыя Ясевічы прымалі віншаванні з вяселлем, пасля – з наваселлем. Сёння разглядаюць старыя пажаўцелыя фотаздымкі, на якіх час ужо вымяраецца паўстагоддзем. Расчуленыя ад успамінаў, у вачах слёзы:
– Гэта ж каля нашага дома, памятаеш? Колькі гадоў прайшло з таго часу… А вось наш першынец Генка. Цяпер ён жыве ў ЗША. Дарэчы, наша ўнучка Яна-Стэфанія працуе ў буйной нью-ёркскай кампаніі каардынатарам, – расказваюць Ясевічы.
Яшчэ адзін стары фотаздымак, на якім памечана: нарадзіўся сын Віталій. Ён даўно стаў мінчанінам. Але разам з сям’ёй часта наведвае бацькоў. Ганарацца бабуля з дзядулем унучкай Катарынай, студэнткай Беларускага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, якая вучыцца на перакладчыка.
А яшчэ Васілій Іванавіч і Людміла Браніславаўна даўнія сябры раёнкі. Успамінаюць, што больш як 60 гадоў назад упершыню падпісаліся на «Совецкі патрыёт». І з тых пор з раёнкай неразлучныя: актыўна сочаць за «веснікаўскім» жыццём. Не проста чытачы, а чытачы актыўныя, заўсёды тэлефануюць у рэдакцыю, каб падказаць арыгінальную ідэю, даць слушную параду і проста пацікавіцца справамі. Асаблівае месца ў дамашнім архіве займаюць публікацыі Васілія Ясевіча ў нашай раёнцы, іх у яго 37. І няхай сёння зрок падводзіць, раённыя навіны ўспрымае на слых: як толькі атрымаюць свежы нумар «ЛВ», Людміла Браніславаўна ўголас чытае ўсё ад першага да апошняга радка.
– Наша газета – як люстэрка жыцця раёна, яна пра ўсё і пра ўсіх, з ёй так добра і прыемна правесці час, – прызнаецца Васілій Іванавіч.
Але вернемся да сямейнага шчасця – гэтая пара дакладна ведае яго сакрэт: з любімым чалавекам трэба быць шчырым і сумленным, у сям’і не можа быць  недаказанасцяў. І, канешне, любіць, што значыць – жыць паўнацэнна.
Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара і з сямейнага альбома Ясевічаў.

«Я помню дзіўнае імгненне»… Яны абодва філолагі. І ці не сімвалічна, што гэта сям’я жыве на вуліцы Пушкіна?!: 1 комментарий

  • 15/05/2018 в 21:52
    Permalink

    Па-добраму зайдрошчу такім доўгавытрыманым сем’ям. Пражыць разам у згодзе і шчасці столькі гадоў — вялікае майстэрства, уменне разумець і глядзець у адным напрамку. Доўгіх гадоў жыцця вам, Ясевічы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *