Не скарацца абставінам. «ЛВ» правёў круглы стол

Чалавека абмежаваць нельга, пачула ад аднаго з наведвальнікаў аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Ляхавіцкага ТЦСАН. Здаецца, гэта і ёсць жыццёвае крэда многіх з тых, хто амаль кожны дзень прыходзіць сюды са сваімі радасцямі, хваляваннямі, праблемамі, дзеля сябе, дзеля тых, з кім за гэты час паспеў пасябраваць. Як жывецца людзям з інваліднасцю, якімі справамі, клопатамі напоўнены іх дзень, – пра гэта і многае іншае пагутарылі з імі за круглым сталом. Удзел у размове таксама прынялі дырэктар ТЦСАН Таццяна РАВІНСКАЯ, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў Святлана НЕСЦЯРОВІЧ.

За круглым сталом раўнадушных не было.

 ✓ У кожнага наведвальніка аддзялення свая гісторыя, якая назаўсёды змяніла ягонае жыццё. Няхай пра гэта яны і не вельмі любяць расказваць, затое заўсёды гатовы падзяліцца пазітывам сённяшняга дня. Для 20 чалавек аддзяленне стала другім домам. У кожнага тут свой занятак, той, што завецца «для душы». Днямі сюды ўпершыню завітала і 19-гадовая Анастасія Ракашэвіч з Гаслаўшчыны.

Анастасія Ракашэвіч у аддзяленні навічок.

Анастасія РАКАШЭВІЧ:
– Тут шмат цікавага, чым бы хацела займацца. Цягне паспрабаваць многае, мару навучыцца шыць лялькі ў стылі тыльда, асвоіць тэхніку дэкупаж. Уразіла камфортная абстаноўка, асаблівая ўтульнасць, адчуваеш сябе па-дамашняму. Тут знайшла тое і тых, чаго і каго мне вельмі не хапала апошнія два гады пасля вучобы ў Асіповіцкай школе-інтэрнаце, – аднадумцаў, якія разумеюць цябе без слоў.

Святлана НЕСЦЯРОВІЧ:
– Калі мы цікавіліся, як жывуць маладыя інваліды, каб запрасіць іх у аддзяленне, завіталі і да Насці ў госці. Яна не захацела адразу далучыцца да нас, але мы не спыніліся. І вось дзяўчына ўбачыла і адчула перавагі гэтага адраса.

Анастасія РАКАШЭВІЧ:
– Сапраўды, адразу я адмо-вілася. Не ведаю чаму, магчыма не разумела, як тут класна. Прыйсці сюды пераканала сяброўка, якая таксама займа-ецца ў такім жа цэнтры ў іншым горадзе. Я многага чакаю ад гэтай установы, ад гэтых неверагодна сонечных людзей.

Ганна ЛУК’ЯНАВА:
– Мы заўсёды над чым-небудзь працуем, не бывае такога, каб сядзелі на месцы, ды і жыць так не цікава. Нядаўна са сваёй музычнай інсцэніроўкай «Семачкі» прымалі ўдзел у фестывалі творчасці людзей з абмежаванымі магчымасцямі, які праводзіўся ў аграгарадку Мірны Баранавіцкага раёна. Разам з партнёрам па інсцэніроўцы, маім сябрам Дзмітрыем Сталярчуком прыдумалі гэты нумар, не без дапамогі, канешне, кіраўнікоў гурткоў Ліліі Буйко і Дзіны Кендыш.
Дзякуючы аддзяленню, я знайшла куды магу накіраваць сваю энергію. Сустрэла людзей, якія падтрымаюць і раздзеляць мае ідэі. Дарэчы, у гэтым годзе мы паставілі і паказалі навучэнцам ЦКРНіР тры лялечныя спектаклі. Дэкарацыі, між іншым, робім самі. Дома таксама спраў многа: даглядаю невідушчую маму. Заўсёднай увагі патрабуе сям’я. Выхоўваем з мужам дачушку Дашу, а старэйшы сын Арцём нядаўна ажаніўся. Жыццё маё бурліць.

Святлана НЕСЦЯРОВІЧ:
– Без экскурсій і паездак нашы падапечныя проста не могуць жыць. Шмат дзе пабывалі ў сваім раёне, цяпер у суседнія выязджаем. Нядаўна былі на выставе васковых фігур, што экспанавалася ў Баранавічах.

Васілій КІРМЕЛЬ:
– Гэта было здорава! Знакамітыя, вядомыя ўсяму свету людзі, маю на ўвазе іх васковыя копіі, – палітыкі, спевакі, акцёры – стаяць побач. Цяпер у мяне ёсць фота з Уладзімірам Пуціным, дакладней з яго васковай фігурай.

Галіна МАЛЕВІЧ:
– Адна ніколі б нікуды не паехала падарожнічаць. А з сябрамі – хоць на край свету. Тут увогуле адкрыла сябе па-новаму: навучылася вышываць, вязаць, ёсць работы ў тэхніцы дэкупаж. А пацяплела – і на агарод. Мае закаткі – агурочкі і памідорчыкі – разыходзяцца ўміг. Складанасцяў у жыцці хапае, але калі на іх зацыклівацца, можна ўпусціць галоўнае.

Ала ШАПЕЛЬ:
– Наведваю аддзяленне на працягу 8 гадоў. Дабірацца складана: спецыяльны транс-парт не прадугледжаны, ды і на калясцы няма магчымасці. Дзе тратуары вузкія, дзе бардзюры высокія, на горку пад райбальніцу на інваліднай калясцы нялёгка падымацца. Сюды сябры падвозяць, старшыня раённай арганізацыі інвалідаў Людміла Гняцецкая часта дапамагае дабрацца да аддзялення.

Таццяна РАВІНСКАЯ:
– У нашым раёне вялікая ўвага ўдзяляецца стварэнню безбар’ернага асяроддзя. У шматкватэрных дамах усталя-ваны пандусы, спецыяльныя поручні. Магчыма, для многіх гэта незаўважныя прыстасаванні, для іншых – дапаможнікі ў перамяшчэнні. А гукавыя святлафоры – сапраўдная палачка-выручалачка для людзей з дрэнным зрокам. У многіх установах горада першая і апошняя прыступкі лесвіцы пазначаны яркай фарбай. Добра было б, каб і магазіны дабавілі такі элемент.

Васілій КІРМЕЛЬ:
– Сапраўды, у многіх гандлёвых кропках часам няма маркіровак, што пазначаюць першую і апошнюю прыступкі. Гэта ўскладняе перамяшчэнне. Але прыемна, калі твае заўвагі не застаюцца на стадыі «разгляду».

Анастасія РАКАШЭВІЧ:
– У Русінавічах на адным з паваротаў не прадугледжаны пешаходны пераход, і пакуль дойдзеш да бліжэйшай «зебры», трэба пераадолець высокі бардзюр. Зрабіць гэта з хадулямі для мяне складана: даводзіцца ісці па праезнай частцы. Небяспечна, ды і перашкаджаю транспарту.

Ала ШАПЕЛЬ:
– Каб была магчымасць, я кожны дзень прыязджала б у аддзяленне. Навучылася карыстацца ноутбукам. Кіраўнік гуртка дапамагла зарэгістравацца ў сацыяльных сетках, цяпер заўсёды анлайн. І калі трэба штосьці знайсці ў інтэрнэце, раблю гэта з лёгкасцю. Нядаўна вычытала на адным сайце пра алмазную вышыўку, хачу асвоіць і гэту тэхніку.
Дома не заўсёды займаюся на трэнажорах, бывае, што лянуюся, у аддзяленні ўсё пад кантролем. Медсёстры Людміла Жук і Наталля Свінабурка пільна сочаць за тым, каб мышцы былі ў тонусе. Ды і ў кампаніі весялей. Тут я не адна!

✓ Часам жыццё прымушае вучыцца жыць па-новаму: тое, што раней здавалася звычайным, простым, становіцца яшчэ адным пункцікам у планах. Літаральна чатыры гады назад з-за хваробы Мікалай Аляксейчык нанава вучыўся спраўляцца з дамашнімі справамі.

Мікалай АЛЯКСЕЙЧЫК:
– Я зноў магу калоць дровы, хадзіць па ваду, летам і восенню – абавязкова ў грыбы, па журавіны. Дабірацца сюды складана – жыву ў Старых Будах. Але ў гэтым і ёсць мая перамога над сабой: цяжкасці робяць нас мацнейшымі. Да чыгуначнай станцыі трэба прайсці тры кіламетры, і для мяне сёння гэта ўжо не праблема. Дзякуючы граматна распрацаванаму комплексу практыкаванняў, з кожным заняткам мой крок больш упэўнены, як і жаданне працягваць трэніроўкі. У малень-кіх поспехах – шчасце. Планаў шмат і, безумоўна, галоўная мара – стаць сем’янінам.

Святлана НЕСЦЯРОВІЧ:
– У нашым аддзяленні вельмі зручна рухацца нават тым, хто на калясцы: дзвярныя праёмы шырокія, кабінеты прасторныя. На ўваходзе ёсць пандус.

Дзмітрый СТАЛЯРЧУК:
– У аддзяленні мне проста, добра, спакойна. Я дзялюся сваімі хваляваннямі з сябрамі. Зараз хварэе мая мама, мне асабліва цяжка, але сябры мяне вельмі падтрымліваюць.

✓ Святлана Сяргей некалі амаль не гаварыла, не магла пераступіць псіхалагічны бар’ер пры зносінах з іншымі. А цяпер яна шчыруе над новай падзелкай і пра сябе, свае захапленні расказвае з задавальненнем.

Святлана СЯРГЕЙ:

– У аддзяленні з моманту адкрыцця. Сюды, як на работу, прыходжу кожны дзень. Страшна было размаўляць з іншымі, увогуле быць сярод людзей, цяпер у мяне столькі сяброў!

✓ Малюнкі Івана Рашанава вядомыя многім: выставы ладзіліся ў нашым горадзе, у Віцебску на Славянскім базары, заўважаны карціны і на міжнародным узроўні.

Іван РАШАНАЎ:
– Да траўмы і не думаў, што магу і буду маляваць, дакладней, зрысоўваць. Цяпер працую над серыяй малюнкаў «Касцёлы Беларусі». Сярод іх і наш – касцёл Сэрца Езуса.

Творчасцю напоўнены кожны дзень у аддзяленні.

Таццяна РАВІНСКАЯ:
– Гэта цудоўна, што неверагодныя сувеніры, зробленыя наведвальнікамі аддзялення, прывабліваюць пакупнікоў. Набыць унікальны падарунак можна ў «Сацыяльным магазіне». За мінулы год, дарэчы, вы здолелі зарабіць амаль 600 рублёў.

✓ У руках Аляксандр Клявец трымаў фотаздымак, зроблены прыкладна 7-8 гадоў назад. На ім ён і, як сам адзначыў, дарагія сэрцу людзі.

Аляксандр КЛЯВЕЦ:
– У аддзяленні я зразумеў, чым хачу займацца. Дапамагаць такім жа, як і мы. Хачу быць пачутым. Апошнія некалькі гадоў удзельнічаў у многіх семінарах, канферэнцыях, сустрэчах, трэнінгах, зборах. Жаданне адно – дапамагчы людзям з інваліднасцю пераадолець свае страхі, жыць нараўне з іншымі. Заставацца адзін на адзін з праблемамі нельга. Не сорамна прасіць дапамогі, гэта лепш, чым бяздзей-нічаць. Тым больш, што дзяржаў-ную падтрымку адчуваем пастаянна. І аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў – адно з красамоўных пацвярджэнняў гэтага.

Анастасія РАКАШЭВІЧ:
– А яшчэ трэба выпрацоўваць сілу волі. Не раз жыццё будзе выпрабоўваць на трываласць, але скарацца абставінам нельга. Трэба радавацца магчымасці жыць, цаніць людзей, якія побач, яны любяць нас такімі, якія мы ёсць.
Матэрыялы круглага стала падрыхтавала Маргарыта КУХТА.
Фота аўтара.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *