Справы сардэчна-сасудзістыя

Мяркуючы па выніках шматгадовых замежных і айчынных даследаванняў, ад артэрыяльнай гіпертэнзіі пакутуюцьбольш як  40 працэнтаў дарослага насельніцтва, а ў пенсійным узросце — больш як 50.

Ад хвароб сістэмы кровазвароту ў мінулым годзе ў нашым раёне памерла 298 чалавек, з іх 39 — людзі працаздольнага ўзросту.

Каварства хваробы ў тым, што яна доўгі час не праяўляе сябе, і кожны чацвёрты з тых, каму патрабуецца дапамога медыкаў, не здагадваецца пра наяўнасць у яго захворвання. Гэта  прыводзіць да таго, што да ўрача звяртаюцца ўжо тады,  калі развіваюцца сур’ёзныя ўскладненні.

Сярод фактараў рызыкі  ўзнікнення артэрыяльнай гіпертэнзіі ёсць некіруемыя — змяніць іх уплыў немагчыма. Гэта спадчынная схільнасць, узрост і пол. Але ёсць і тыя, якія залежаць ад чалавека: асаблівасці ладу жыцця і паводзін, курэнне, лішняя вага, алкаголь, маларухомая актыўнасць, перасоленая ежа — саюзнікі АГ.

На ранніх стадыях артэрыяльная гіпертэнзія здольна працякаць бессімптомна. Пацыенты не выказваюць скаргаў, часам адзначаюць галавакружэнне, боль у патыліцы, насавы крывацёк, задышку, слабасць, шум  у вушах, але значэння гэтаму не надаюць. На думку  экспертаў аховы здароўя, паказчык нармальнага ціску — менш чым 140/90 мм іртутнага слупка.

Артэрыяльная гіпертэнзія патрабуе пажыццёвага сістэматычнага лячэння. Галоўнае — дасягнуць мэтавага ўзроўню артэрыяльнага ціску, абараніць органы-мішэні і папярэдзіць сардэчна-сасудзістыя ўскладненні (мазгавы інсульт, інфаркт     міякарду, сардэчную недастатковасць, раптоўную смерць). Даказана, што зніжэнне сісталічнага артэрыяльнага ціску на 10-12 мм іртутнага слупка змяншае рызыку развіцця інфаркту міякарду на 16 працэнтаў, мазгавога інсульту — на 38, раптоўнай смерці — на 21 працэнт.

Іншы раз пацыенты адмаўляюцца прымаць медыкаменты, матывуючы гэта тым, што добра пераносяць свой павышаны ціск і ўжо прывыклі да яго. Клінічны вопыт назірання за такімі хворымі сведчыць пра тое, што ў іх развіваюцца ўскладненні — гіпертанічны крыз, інфаркт міякарду, інсульт. Рызыка раптоўнай смерці намнога вышэй, чым у тых, хто рэгулярна прымае антыгіпертэнзіўныя прэпараты. Каб лячэнне было паспяховым, лякарства трэба піць  пастаянна, строга выконваць назначэнні ўрача. Нельга мяняць дозу без узгаднення з ім, перарываць лячэнне. Гэта перакрэслівае намаганні, затрачаныя на нармалізацыю АГ. Калі не выконваць рэкамендацыі ўрача, можа здарыцца гіпертанічны крыз, які правакуюць адмова ад лячэння,  самавольная адмена медыкаментаў або змяншэнне дозы, эмацыянальныя стрэсавыя сітуацыі, ператамленне, абстынентны сіндром, а ў метэаадчувальных пацыентаў — рэзкае змяненне надвор’я.

Скачок артэрыяльнага ціску магчымы пры любой ступені артэрыяльнай гіпертэнзіі. Як правіла, на ранніх стадыях хваробы крыз працякае бурна, з пульсуючым галаўным болем, галавакружэннем, мляўкасцю, ірвотай, узбуджэннем, дрыжаннем у целе, адчуваннем недахопу паветра.

На больш позніх стадыях, часцей у пажылых пацыентаў, артэрыяльная гіпертэнзія развіваецца з нарастаючай сімптаматыкай, можа трымацца  некалькі сутак. Непакоіць моцны галаўны боль, звон у вушах, мляўкасць, ірвота. Бывае дэзарыентацыя ў часе, трызненне, падаўленасць, вяласць, санлівасць, «сетка» або «мільгаценне мушак» перад вачыма, пагаршаецца зрок і слых.

Рэзкае зніжэнне артэрыяльнага ціску з хуткім дасягненнем нармальных лічбаў небяспечнае (пагражае ішэміяй жыццёва важных органаў). Ціск павінен зменшыцца на 15-25 працэнтаў у першыя 2 гадзіны пасля прыёму прэпаратаў, а затым ён паступова падае яшчэ на працягу 2-6 гадзін. Памятайце, што дзеянне лякарства пачынаецца праз 10-30 мінут. У час крызу кантралюйце ўзровень артэрыяльнага ціску кожныя 15-30 мінут. Калі павышэнне артэрыяльнага ціску суправаджаецца выражаным болем у сэрцы, удушшам, задышкай, неўралагічнай сімптаматыкай (парушэннем мовы, зроку), пагаршэннем агульнага стану — адразу ж выклікайце хуткую.

Псіхаэмацыянальныя нагрузкі, працяглыя стрэсавыя сітуацыі павышаюць ціск. А вось добрыя эмоцыі  адбіваюцца станоўча. Усім нам трэба быць больш цярпімымі і дабрэйшымі да іншых, думаць пра прыемнае, а не пра дрэннае, ус-міхацца.

Таццяна УСЦЮШКОВА, урач-валеолаг

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *