Інфармацыя для ўдасканалення

Адзін з накірункаў работы органаў дзяржаўнай статыстыкі –  правядзенне выбарачных абследаванняў дамашніх гаспадарак. Іх мэта – атрыманне інфармацыі пра ўзровень жыцця насельніцтва, праблемы, з якімі даводзіцца сутыкацца і г.д. Апошнім часам такія даследаванні ўсё часцей праводзяцца ў межах міжнароднай праграмы пры фінансавай і тэхнічнай падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) і Сусветнага банка.
Сёлета ўпершыню ў краіне праводзіцца аднаразовае выбарачнае абследаванне дамашніх гаспадарак з мэтай комплекснай ацэнкі становішча асоб з абмежаванымі магчымасцямі. Яно дазволіць атрымаць каштоўную інфармацыю пра сацыяльна-эканамічнае становішча сем’яў з інвалідамі. Такія даныя могуць быць выкарыстаны пры распрацоўцы сацыяльных праграм, што садзейнічаюць павышэнню якасці жыцця дзяцей і дарослых з абмежаванымі магчымасцямі здароўя. Абследаванне арганізавана ў межах рэалізацыі праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі пры падтрымцы Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ).
Сярод задач абследавання –   выяўленне фактараў, што ўплываюць на сацыяльнае і матэрыяльнае становішча дамашніх гаспадарак з інвалідамі, аналіз адраснасці і дастатковасці падтрымкі інвалідаў, вывучэнне суб’ектыўнага меркавання чалавека адносна свайго становішча, а таксама адносін грамадства да людзей з праблемамі здароўя.
Абследаванне праходзіць у красавіку-маі 2018 года ва ўсіх абласцях краіны і Мінску. Яно закране 12600 дамашніх гаспадарак, выбраных метадам выпадковага адбору, 1920 з іх – на Брэстчыне.
Спецыялісты, якія будуць праводзіць апытанне, абавязкова павінны прад’явіць адпаведнае пасведчанне.
Усе звесткі, атрыманыя падчас
апытання, носяць канфідэнцыяльны характар і будуць выкарыстоўвацца толькі ў абагульненым выглядзе для разліку статыстычных паказчыкаў.
Актыўны ўдзел у апытанні выбраных дамашніх гаспадарак дапаможа атрымаць поўную інфармацыю па згаданых тэмах і стане каштоўным укладам у паспяховае правядзенне абследавання. А ў тым ліку і ад гэтых даных будзе залежаць эфектыўнасць сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы.

Вольга ВЯЛІЧКА,
начальнік аддзела статыстыкі Ляхавіцкага раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *