Расці, лес!

Рэспубліканскі суботнік, які прайшоў па ўсёй краіне 21 красавіка, не стаў фінальнай кропкай у традыцыйным месячніку добраўпарадкавання. Менавіта ў гэты дзень у Беларусі стартавала агульнарэспубліканская акцыя  «Тыдзень лесу», якая завяршаецца сёння. Дарэчы, сёлета акцыя праводзіцца ў праграме мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года кнігі, і прысвячаецца 130-годдзю з дня нараджэння беларускіх класікаў Янкі Купалы і Якуба Коласа.

На пасадку лесу выйшлі прадстаўнікі органаў улады, грамадскіх аб’яднанняў, моладзь, студэнты, работнікі прад-прыемстваў, устаноў і арганізацый. Іх намаганнямі  па ўсёй краіне высаджваюцца новыя алеі і паркі.

Не засталася ў баку ад акцыі і Ляхавіччына. Як расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас» Кацярына Дыдышка, ва ўсіх лясніцтвах добраўпарадкуюцца тэрыторыі, наводзіцца парадак не толькі ў лясах, але і каля памяшканняў кантор, паўляўнічага доміка і ў дэндрапарках. Нямала клопатаў і ў працаўнікоў Куршынавіцкага лясніцтва, дзе завершана рэканструкцыя будынкаў. Сёлета рамонтна-рэканструкцыйныя работы запланаваны ў Крывошынскім і Мядзведзіцкім лясніцтвах. На тэрыторыі апошняга якраз сёння  будуць  высаджаны маладзенькія елкі і сосны. У акцыі прымуць удзел супрацоўнікі лясгаса, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, моладзь.

Разнастайныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Тыдня лесу, праходзяць у навучальных установах горада і раёна. Віктарыны, турыстычныя вандроўкі, прыпынкі на тэматычных станцыях, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і працоўныя дэсанты — далёка не поўны пералік таго, чым займаюцца школьнікі ў гэты час.

Галіна КАНЬКО

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *