Дарога дадому

Мне даводзілася сустракацца з Алесем Бадаком на паэтычных святах і прэзентацыях кніг. Такіх сустрэч было нямнога, але, гартаючы старонкі чарговага выдання, прабягаючы па вершаваных радках, я зноў у дыялогу з пісьменнікам. Разважаю, пагаджаюся, момантамі спрачаюся… Цікавыя вобразы, героі, гісторыі, лёсы. Што гэта – выдумка, праўда, адлюстраванне светапогляду, хваляванні, турботы? Няхай будзе загадкай, гэта ж і не павінна раскрывацца…

Напэўна, як і ў кожнага аўтара, у нашага таленавітага земляка Алеся Бадака свая крыніца творчай энергіі. Менавіта адтуль і з’яўляюцца гэтыя сюжэты, што так і вабяць хутчэй паглыбіцца ў кнігу.
З любоўю, самымі шчырымі пачуццямі Алесь Мікалаевіч гаворыць пра сваю малую радзіму, пра зямлю, з якой непарыўна звязана яго творчасць. Сапраўды, вёсачка можа быць зусім маленькай, але яна столькі месца займае ў тваім сэрцы, што ніводнае падарожжа, нават самае «люксавае», ніводны мегаполіс, якім бы ён прыгожым ні быў, не змогуць выцесніць з душы родныя вулачкі, бацькоўскую хату, родных, суседзяў.
– Калі думаю пра свае Туркі, уяўляю вясковую вуліцу, дарогу, шлях са школы дадому, да сяброў. Гэта вуліца вяртання да родных, блізкіх. Яна ціхая, яна непрыкметная. Дарэчы, вуліца, дзе жыве мая мама, цяпер так і называецца – Ціхая. Яна сапраўды такая. Кожная хата, міма якой праходзіш, кожны крок, які робіш, –
гэта жыццё, гэта мая біяграфія, мой лёс, гісторыя. І калі ўяўляю Туркі, безумоўна, перад вачыма – родная хата. А яшчэ мая радзіма там, дзе мама. Да яе, дадому, лячу ў любую вольную хвіліну.
…Пасля паэтычнай сустрэчы зноў у гімназіі, куды прыехаў не ў першы раз, ён не хаваў задавальнення, быў вельмі ўзрушаны тым, як школьнікі чыталі вершы, якія тэмы ўклалі ў свае асабістыя творы і як гэта было прыгожа ў інтэр’еры яблыневага саду. Ці гэта не крыніца для натхнення?
– Чытач, калі чытае твае вершы ці прозу, можа не заўважыць, не зразумець, нават калі ён твой знаёмы ці зямляк, што цябе натхніла, якія людзі, якая прырода. Для мяне ж відавочна: гэта родная зямля, дарагія мне людзі. Сапраўды, многія з твораў я напісаў нават не па ўспамінах, а па тым, што пастаянна жыве ў душы. Яно падсвядома прыходзіць у тое, што ствараеш, – разважае Алесь Бадак. І дадае, што зразумеў гэта пасля таго, як у свет выйшла аповесць «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца». Калі пісаў, вельмі не хацелася, каб тыя, хто будзе чытаць – знаёмыя, настаўнікі, аднакласнікі, палічылі яе аўтабіяграфічнай. Усё ж такі гэта аповесць пра чалавека са складаным характарам, там няпростая школьная сітуацыя. Але многія палічылі: у сюжэце тое, што было насамрэч. Толькі тады, прызнаецца Алесь Мікалаевіч, зразумеў: як ні хавайся ад свайго лёсу, ад сваёй біяграфіі, калі нешта пішаш, сябе не падманеш, усё роўна звяртаешся да сваіх успамінаў.
Алесь Бадак і сёння працуе над творам, які звязаны з яго малой радзімай, – піша пра Ляхавічы XVI стагоддзя. Сярод герояў –
бацька Фёдара Еўлашэўскага, які быў святаром у царкве. Магчыма, гэты твор стане своеасаблівым экскурсам у гісторыю: у далёкае стагоддзе і ў пазнейшыя, і ўсё будзе пераплятацца з сучаснасцю. Гэта сны чалавека, праз якія ён вяртаецца ў далёкае мінулае і часам ужо не разумее, дзе ява, а дзе сон.
І зноў пра радзіму…
– Калі гаварыць пра блізкіх людзей, гэта не толькі тыя, з кім добра ў радасці, але і тыя, хто побач з табой у горы. Так сама і радзіма – гэта месца, якое прымае цябе, калі табе сумна, калі ты далёка ад яе. Ты можаш згубіцца ва ўсім свеце і не знайсці правільнага шляху. Але калі ты ведаеш дарогу дадому, ты ніколі ў гэтым свеце не заблукаеш, – гаворыць Алесь Мікалаевіч.

Маргарыта КУХТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *