«Правільнае месца» – яблыневы сад . Да ляхавіцкіх гімназістаў завітаў пісьменнік, паэт, чалавек, які вельмі тонка адчувае творчасць, жыве ёй, наш таленавіты зямляк Алесь Бадак /фота дапоўнена/

Уявіце атмасферу, у якой слухалі б вершы,  і не проста слухалі, а ўдумліва адчулі кожнае слова, злавілі рытм і зразумелі, што хацеў выказаць аўтар, што натхніла яго напісаць.

Гэта абавязкова далёка ад гарадской мітусні. Не значыць, што павінна быць ціха, хутчэй наадварот, але ў прыродных гуках: чуць, як шапаціць маладое лісце, нават як кружыць майскі снег з беласнежных яблынь, як гуляе ветрык, шчабечуць птушкі. І ў гэтай утульнасці, прыродным звышкамфорце так хочацца пачуць радкі «Солнце одно, а шагает по всем городам…» Цвятаевай, «Па-над белым пухам вішняў» Багдановіча, «Нежнее нежного лицо твоё» Мандэльштама, «Ландыши вы белоснежные» Бальмонта. Сапраўды гавораць, калі вы хочаце на час знікнуць з гэтага свету, дастаткова знайсці правільнае месца і ўзяць у рукі правільную кнігу.

Дарэчы, так і зрабілі настаўнікі і вучні гімназіі падчас «Паэтычнага калейдаскопа». Месца – неверагоднай прыгажосці школьны яблыневы сад, які ў самым разгары сваёй шчодрай квецені; час – цёплы, сонечны майскі дзень; людзі – творчыя, зацікаўленыя; і, безумоўна, настрой – лірычны, натхнёны, узнёслы… А яшчэ на традыцыйную паэтычную гадзіну сёлета да гімназістаў завітаў пісьменнік, паэт, чалавек, які вельмі тонка адчувае творчасць, жыве ёй, наш таленавіты зямляк Алесь Бадак.
Як жа прыгожа, калі так можна сказаць адносна чытання: пранікнёна, з пачуццём, эмацыйна дэкламавалі-пражывалі школьнікі вершы знакамітых рускіх паэтаў. Здаецца, знаёмыя радкі, а загучалі па-іншаму, магчыма ад таго, што кожны імкнуўся падкрэсліць важнае для яго. Стала цікава, чаму менавіта гэтыя рыфмаваныя радкі хлопчыкі і дзяўчынкі захацелі прачытаць. Яны пра светлыя пачуцці, каханне, вясну, жыццё. Ды што ж яшчэ можа непакоіць у такую рамантычную пару?


А пасля, трохі сумеўшыся, але ад таго і так душэўна, шчыра, ад сэрца, гімназісты дэкламавалі свае вершы. Спрабавалі сябе і ў жанры пункціраў, атрымалася цудоўна. Што сёння хвалюе школьнікаў… адносіны да сябе, да свету, да людзей. Што заўсёды побач – у іх вершах просьба цаніць мір, жыццё, блізкіх… Памятаць тых, хто змагаўся за шчаслівае сёння, упэўненую будучыню, не губляцца ў штодзённых клопатах, марыць, ствараць. У простых дзіцячых словах зашыфраваны сэнс жыцця.
Алесь Бадак не хаваў здзіўлення: мінулагодняя сустрэча на фестывалі «Любіць Айчыну – гэта многа» яго моцна ўразіла. Калі запрасілі на паэтычную гадзіну, падумаў: што яшчэ яны могуць прыдумаць больш арыгінальнага? У маі, калі зацвітуць яблыні, будзе паэтычнае свята на вуліцы… Ён прызнаецца:
– Мне ўсе гаварылі «яблыні не зацвітуць» на 3 мая. Але тут ведаюць, калі гэты майскі цуд здарыцца. Успамінаў свае школьныя гады, калі таксама вучнем упершыню паказаў вершы Анатолію Сідарэвічу, які тады працаваў у аддзеле крытыкі газеты «Літаратура і мастацтва». Ён патэлефанаваў Алесю Разанаву і чытаў іх. А сёння я слухаю вашы пункціры і чую: яны навеяны творчасцю таго ж паэта. Неверагодна!
А яшчэ разважалі пра натхненне. Алесь Бадак прэзентаваў школьнікам дзве кнігі: адна з іх «Ад шчырага сэрца: падарунак любай маме», дзе ён – укладальнік, другая – «Аб роднай прыродзе», у якой змешчаны яго вершы. Яны, як падкрэсліў Алесь Мікалаевіч, вельмі дарэчныя ў кантэксце паэтычнага свята. Бо калі мы гаворым пра паэзію, натхненне, здаецца, самае тое, што натхняе чалавека, – гэта яго родныя і блізкія людзі. А яшчэ прырода, гэты чароўны яблыневы сад, цудоўная ляхавіцкая зямля…

Маргарыта КУХТА.

«Правільнае месца» – яблыневы сад . Да ляхавіцкіх гімназістаў завітаў пісьменнік, паэт, чалавек, які вельмі тонка адчувае творчасць, жыве ёй, наш таленавіты зямляк Алесь Бадак /фота дапоўнена/: 1 комментарий

  • 17/05/2018 в 11:37
    Permalink

    Какое правильное мероприятие у гимназии. Расширяйтесь до уровня районного. Может быть и другие писатели-поэты присоединились бы. Получилось бы очень даже супер — и поэтчно и воспитательно.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *