З «Клопату» пачнецца лета

Фота з архіва «ЛВ»

Каб летні адпачынак дзяцей не азмрочваўся, ужо ў маі супрацоўнікі органаў унутраных спраў пачалі ажыццяўленне рэспубліканскай міжведамаснай спецыяльнай праграмы «Клопат», якая доўжыцца да кастрычніка.
Асноўная ўвага міліцыянераў ва ўзаемадзеянні з педагогамі накіравана на прафілактыку падлеткавай злачыннасці і арганізацыю вольнага часу школьнікаў і навучэнцаў. На пастаянным кантролі –
дзіцячыя пляцоўкі, стадыёны, кругласутачныя і прышкольныя летнікі, установы культуры – асабліва ў вячэрні час.
На прафілактычным уліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС знаходзіцца 25 падлеткаў, у тым ліку дзве дзяўчынкі. 12 затрымліваліся за распіццё спіртных напіткаў ці за знаходжанне ў грамадскіх месцах у нецвярозым стане. Два падлеткі пашкодзілі дарожныя знакі. Ёсць і непаўналетнія злодзеі: адзін украў веласіпед, другі –парагенератар.
Здавалася б, усе дарослыя павінны адчуваць адказнасць за тое, якімі людзьмі вырастуць дзеці. Але… Ужо сёлета выяўлены факты рэалізацыі алкагольнай прадукцыі непаўналетнім у райпоўскай і прыватнай гандлёвых кропках раёна. І хаця вінаватыя прадаўцы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і заплацілі штраф па 20 базавых велічынь кожны, асадак у душы застаўся. І трывога таксама. Адзін такі «клопат» ледзьве не прывёў да трагедыі. 15-гадовы хлопец з аграгарадка Падлессе з алкагольнай інтаксікацыяй (у крыві выяўлена 2,5 праміле алкаголю) трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне райбальніцы. Высветлілася, што спіртное яму купіла дарослая зямлячка. Дарэчы, юнак выхоўваецца ў мнагадзетнай сям’і, якая яшчэ нядаўна знаходзілася на ўліку як неўладкаваная. Праўда апошнім часам бацькі ўзяліся за розум, выправілі свае паводзіны, заняліся дзецьмі. Аднак, хапіла, як відаць, ненадоўга.
Разам з настаўнікамі міліцыянеры часта наведваюць такія неўладкаваныя сем’і. Сёлета ўжо двое бацькоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за тое, што іх дзеці знаходзіліся ў грамадскіх месцах у позні час без суправаджэння дарослых.
Аляксандр МАШЭЙ,
старшы інспектар ААПП РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *