Стала бытоўка прадпрымальнай

Выкарыстана ілюстрацыя

Усё больш важкай у бытавой прапанове становіцца роля індывідуальных прадпрымальнікаў. Цырульнікі, абутнікі, майстры педыкюру і манікюру, па рамонце гадзіннікаў, электратэхнікі, швачкі, работнікі аўтасэрвісу ўмела арганізавалі сваю справу. Наладзілі яны і аказанне рытуальных паслуг.

У нашым раёне сярод зарэгістраваных індывідуальных прадпрымальнікаў 33 аказваюць бытавыя паслугі насельніцтву.
Кожная жанчына (ды і многія мужчыны), незалежна ад узросту, жадае выглядаць прывабна. А з прыходам цяпла ўзмацняецца жаданне калі не абнавіцца, то ўнесці ў свой вобраз некалькі новых крэатыўных штрыхоў. Куды спяшаемся за прыгажосцю, канкрэтней – за новай стрыжкай, прычоскай, манікюрам і г.д.? Перш за ўсё ў спецыялізаваныя салоны ці цырульні. Іх у Ляхавічах апошнім часам стала больш. Акрамя «старажылаў» – камунальных «Прэстыж» і «Марына», прыватных «Фантазія» і «Імідж», далучыліся навічкі «Эмілія» і «ВіВіян» (іх заснавальнікі таксама ІП). Ёсць яшчэ і так званыя салоны прыгажосці на даму – майстры, папярэдне зарэгістраваныя ў якасці ІП, абслугоўваюць кліентаў ва ўласных кватэрах.
Дзе лепш? Водгукі, парады знаёмых – адно. А праверу на сабе! Як гавораць, пратэсціравала асабіста. Пералік паслуг задаволіў, а вось да якасці пытанні былі. Напрыклад, у адной цырульні з-за адсутнасці гарачай вады галаву памылі халоднай, і было гэта напачатку сакавіка. Прэтэнзіі не прад’яўляла… пашкадавала. Мяркую, такі падыход не толькі ў мяне…
Рамонт абутку – яшчэ адна надзвычай запатрабаваная паслуга. Гэту нішу ў раёне трывала занялі менавіта прыватнікі. Камунгас некалькі гадоў назад закрыў непрыбытковую абутковую майстэрню. У індывідуальнага прадпрымальніка, які ў ЖКГ арандуе і памяшканне, і абсталяванне, іншае, супрацьлеглае меркаванне:
– Калі да справы ставішся адказна, работу выконваеш якасна, будуць і заказы, і прыбытак. Інакш я гэтым бы не займаўся.
Адбою ад кліентаў няма. Акрамя таго, менавіта сюды, у прыватную майстэрню, прывозяць абутак з сельскіх комплексных прыёмных пунктаў, адпаведны дагавор ІП заключыў з жылкамунгасам.
Даўно маюць сваіх кліентаў і іншыя індывідуальныя прадпрымальнікі, чые майстэрні знаходзяцца на тэрыторыі гарадскога рынку. Заказы ёсць (дарэчы, за некалькі дзён абутак у абноўленым выглядзе вяртаецца да сваіх уладальнікаў), людзі задаволены якасцю рамонту.
Вытрымала праверку часам і кліентамі адкрытая на рынку майстэрня па рамонце  адзення. Падлажыць спадніцу, замяніць замок у штанах, тое-сёе паправіць, ушыць і г.д. – тутэйшыя майстрыхі спраўляюцца хутка, ды і прэйскурант не палохае.
Асаблівая тэма – рытуальныя паслугі. Пакуль і ў гэтай нішы прадпрымальнікі адчуваюць сябе надзвычай трывала. Адзін з іх не проста адкрыў магазіны па продажы рытуальных прыналежнасцей з шырокім асартыментам, але і аказвае поўны комплекс такіх паслуг. Камунгас не здолеў зрабіць гэта ў такім аб’ёме.
Упэўнена адчуваюць сябе і прыватнікі – ПСУП «Аўтацэнтр Вікторыя», ПВУП «Рэмтранстрак», ПГВУП «Влата-Аўто», ІП Аляксей Раманаў і іншыя, якія аказваюць шматлікія паслугі па рамонце аўтамабіляў.
Рамонт і тэхнічнае абслугоўванне бытавой тэхнікі, мэблі, тэлефонаў – таксама справа рук індывідуальных прадпры-мальнікаў, якія не лянуюцца выязджаць за заказамі ў вёскі.
Камунальна-бытавая сфера вельмі разнастайная, яна заклікана  рабіць жыццё больш камфортным. І гэта выдатна, што ў землякоў  ёсць магчымасць выбіраць выканаўцу свайго заказу. Ёсць канкурэнцыя – ёсць новы імпульс для ўдасканалення. А яно –  на карысць спажыўца.
Дэкрэт «Аб развіцці прадпрымальніцтва» і іншыя нарматыўныя акты, накіраваныя на рост дзелавой ініцыятывы, спрасцілі ўмовы для вядзення бізнесу. Начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня падкрэсліла: пашыраюцца не толькі існуючыя вытворчасці, але і адкрываюцца новыя. Напрыклад, сёлета ў нашым раёне пачало дзейнічаць прыватнае прадпрыемства «Акусцікмаш» па вытворчасці ўцяпляльніка для салонаў аўтамабіляў.
Па даных упраўлення па рабоце з плацельшчыкамі па Ляхавіцкім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Баранавіцкім раёне, за першы квартал гэтага года пра пачатак сваёй справы паведамілі ў падатковыя органы і заплацілі адзіны падатак 27 грамадзян (летась за гэты перыяд 18 чалавек), якія займаюцца відамі дзейнасці, што не патрабуюць рэгістрацыі ў якасці ІП.

Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *