Сцежкамі разведчыка

Нумар у пагонах часта бывае вельмі вобразным і такім жа трапным. Бы майстарскі стрэл снайперскай вінтоўкі Драгунова. Як вам, напрыклад, сцвярджэнне, што існуе ў асяродку прафесіяналаў: каб стаць сапраўдным армейскім разведчыкам, неабходна мець вялікую галаву і моцныя ногі, каб яе насіць.

Тым больш, калі — як у нашым выпадку — гаворка не пра вучэбныя разведвыхады і не пра гульні з умоўным праціўнікам. На вайне выбар не багаты: калі не ты, то цябе.

Нага кавалера ордэна Чырвонай Зоркі Фёдара Леваша паранена вайной.  А вось рука, калі меркаваць па прывітальным поціску, па-мужчынску моцная і зараз. Нягледзячы на амаль 9 дзясяткаў гадоў, пражытых  у бясконцых сялянскіх клопатах, на вайну, на якой Фёдар Аляксеевіч быў разведчыкам. Але гэта пасля, на этапе, калі аперацыя «Баграціён» ужо пераможна адгрымела, адзіным вызваленчым фронтам войскі прадоўжылі свой шлях на захад. Перш, чым стаць у строй рэгулярнай дзеючай арміі, жыхар Жарабковіч прайшоў выпрабаванне партызанскім строем.

Як узгадвае ветэран, пэўныя стасункі з народнымі мсціўцамі былі наладжаны дастаткова хутка пасля пачатку ВялікайАйчыннай. Было жаданне, імкненне стаць адным з іх.  Аднак неаднаразовыя настойлівыя просьбы аб залічэнні ў партызанскі атрад выніку не мелі. Маўляў, тут карысць прыносіш і патрэбны, ды і ўзростам не выйшаў. Усё так, на той час Фёдар Аляксеевіч яшчэ не дасягнуў паўналецця, але, думаецца, ключавымі ў даным выпадку з’яўляюцца словы «карысць» і «патрэбны». Дамогся-такі свайго, стаў Фёдар Аляксеевіч партызанам. Ваяваў у адным з атрадаў шырокавядомага партызанскага злучэння. Узгадвае «адрывы», паходы і перадыслакацыі: «Здаралася, што ішлі дзень і ноч. Нідзе не прысядалі». Баявых паплечнікаў: «Слаўныя, дружныя, адважныя былі хлопцы». Свой  удзел у баях і сутыкненнях з ворагам: «Недзе непадалёку ад Бярозы-Картузскай вельмі жорсткае супраціўленне сустрэлі. Немцы замацаваліся ў кругавой абароне. Вельмі шчыльны быў бой, з самага ранку і за паўдня. Пасля яшчэ атрымалі загад правесці»  «зачыстку» .

Падобнага кшталту баявых кантактаў — дзясяткі, калі не больш на рахунку атрада з удзелам Фёдара Аляксеевіча. Адметнасць хіба ў тым, што ён стаў апошнім для партызана Леваша. У гэтых жа мясцінах, у ваколіцах Бярозы адбылося злучэнне з фронтам. Для байцоў злучэння вайна прадоўжылася ў новай форме, іншай якасці. Змяніўшы партызанскае адзенне на форменнае   абмундзіраванне, народныя мсціўцы папоўнілі шарэнгі дзеючай арміі. Сталі пехацінцамі, артылерыстамі, сапёрамі. Фёдара Леваша «запісалі» ў разведку. «Адбор вялі, — узгадвае ветэран падзеі 68-гадовай даўнасці, — глядзелі, якімі былі партызанскія абавязкі, цікавіліся ўменнямі. Асабліва запомнілася, што вельмі настойліва дапытваліся, ці няма сваякоў у замежжы. Каб сувязяў там не меў».

Служба палкавога разведчыка — асаблівая і пастаянная рызыка, заўсёды ў першай шарэнзе, вельмі часта аўтаномна ад асноўных сіл палка і вельмі блізка да варожых распалажэнняў.

Вельмі цёпла, з бляскам у вачах Фёдар Аляксеевіч узгадвае свайго прамога начальніка — камандзіра разведвальнай роты. «Зямляк-беларус, залаты быў чалавек. Шкадаваў пасля, што не запісаў адрас — у госці б ездзілі адзін да аднаго. Здаецца, недзе з-пад Кобрына быў старшы лейтэнант. Расказваў, што да вайны вучыўся на «свяшчэнніка».

Усю вайну Фёдар Леваш, па яго выказванні, «пяўся да Берліна». Заставалася ўсяго нічога, але франтавы лёс распарадзіўся інакш. Цяжкае раненне радавы Леваш атрымаў ужо на тэрыторыі Германіі, на па-раўнальна недалёкіх подступах да яе ста-ліцы: «Не ў баі, не падчас пошуку, цяжка зразумець. Стаянка войскаў: танкі і іншая баявая тэхніка, палявыя кухні, салдаты з розных часцей. Мы, чатыры разведчыкі, стаім сваім цесным колам. Не было ні разрываў, ні стуку і ні груку. Аднаму з нашых адарвала руку, я і яшчэ адзін атрымалі асколачныя раненні ў ногі. Дзіва, адкуль што ўзялося»…

Прааперыравалі ў эвакашпіталі. Затым цяжкапараненага разведчыка адправілі ў тылавую медустанову далечвацца, там і сустрэў вестку аб Перамозе.

Іван КАВАЛЕНКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *