Мінск-Душанбэ: перспектыўны маршрут

Сустрэча прэзідэнтаў Беларусі і Таджыкістана Аляксандра Лукашэнкі і Эмамалі Рахмона ў Душанбэ

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15-16 мая знаходзіўся з афіцыйным візітам у Таджыкістане. У ходзе візіту адбыліся перагаворы з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам у фармаце сам-насам і ў пашыраным складзе. Прэзідэнты прынялі ўдзел у цырымоніі адкрыцця нацыянальнай выстаўкі Беларусі ў Таджыкістане і шэрагу іншых мерапрыемстваў.

У дні афіцыйнага візіту Кіраўніка беларускай дзяржавы ў Душанбэ таксама прайшоў таджыкска-беларускі бізнес-форум, у якім прынялі ўдзел і прадстаўнікі дзелавых колаў Афганістана, праведзена кантактна-кааперацыйная біржа паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі трох краін. На форуме разгледжаны перспектыўныя напрамкі бізнес-узаемадзеяння з Таджыкістанам і Афганістанам.

Беларусь рада поспехам Таджыкістана і гатова развіваць супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў Прэзідэнт Беларусі  Аляксандр Лукашэнка на перагаворах з Прэзідэнтам Таджыкістана Эмамалі Рахмонам.
«Дзякую вам за запрашэнне прыехаць у гэты цудоўны горад, у гэту працавітую краіну, да гэтага цудоўнага народа. Мы вельмі ўважліва сочым за развіццём Таджыкістана. Мяне асабліва радуюць тэмпы, з якімі развіваецца краіна. Я заўсёды з задавальненнем адзначаю, што па тэмпах развіцця вы пераўзыходзіце Кітайскую Народную Рэспубліку. Гэта здорава. Мы бачым простым вокам, як мяняецца сталіца. Нават прыляцеўшы ноччу, я гэта заўважыў. І сёння яшчэ раз пераканаўся ў тым, што вы на правільным шляху. І, паверце, мы за вас вельмі рады», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.
«Я асабіста вельмі хачу, каб Таджыкістан стаў у шэраг самых развітых і перадавых краін, таму што гэты старажытны вялікі народ гэтага заслугоўвае. Вельмі шмат вы для гэтага зрабілі. А я тут для таго, каб умацаваць нашы сувязі», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі таксама звярнуў увагу на паспяховую рэалізацыю задумы па правядзенні ў Душанбэ бізнес-форуму з удзелам не толькі дзелавых колаў Беларусі і Таджыкістана, але і прадстаўнікоў іншых краін рэгіёна.
У сваю чаргу Эмамалі Рахмон падкрэсліў, што Беларусь з’яўляецца адным з ключавых партнёраў Таджыкістана, і выказаў упэўненасць, што візіт Прэзідэнта Беларусі дасць новы імпульс адносінам цеснай дружбы і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва.
На перагаворах у пашыраным складзе Беларусь і Таджыкістан дамовіліся вывесці адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства.
«Думаю, гэта будзе добрая аснова для развіцця нашых адносін па ўсіх напрамках, пачынаючы ад эканомікі і заканчваючы культурай», – заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў цудоўную магчымасць дэталёва абмеркаваць напрамкі беларуска-таджыкскага супрацоўніцтва. Ён таксама звярнуў увагу на захаванне пазітыўных тэндэнцый па павелічэнні двухбаковага тавараабароту ў гэтым годзе.
Паспяхова развіваецца супрацоўніцтва ў галіне прамысловай кааперацыі. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што на працягу рабочага тыдня ў Таджыкістане адбудзецца шэраг буйных мерапрыемстваў, прысвечаных Беларусі. Сярод іх – нацыянальная выстаўка і другі Міжнародны бізнес-форум «Беларусь – Таджыкістан – Афганістан».
«Мы гатовы сур’ёзна працаваць у Таджыкістане, ствараць з вамі сумесныя вытворчасці на ўвесь рэгіён. Мы яшчэ шмат знойдзем напрамкаў для нашага супрацоўніцтва. Галоўнае, што ў нас ёсць давер адзін да аднаго. І гэта тая аснова, на якой мы можам будаваць адносіны», – рэзюмаваў беларускі лідар.
Падчас перагавораў вялікая ўвага ўдзялялася пытанням развіцця гандлёва- эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва. Па выніках перагавораў Прэзідэнт Беларусі адзначыў: «Мы гатовы да самай актыўнай работы па ўсіх без выключэння напрамках, якія ўяўляюць узаемны інтарэс, на карысць нашых працавітых і дружалюбных народаў Беларусі і Таджыкістана».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь і Таджыкістан аб’ядноўвае імкненне знайсці надзейных дзелавых партнёраў і выбудаваць доўгатэрміновыя адносіны.
Кіраўнік дзяржавы падзякаваў таджыкскаму боку ў цэлым і асабіста Эмамалі  Рахмону за арганізацыю другога Міжнароднага бізнес-форуму «Беларусь – Таджыкістан – Афганістан» і Нацыянальнай выстаўкі Беларусі. Ён таксама вітаў прадстаўнікоў бізнесу іншых краін рэгіёна, якія прыехалі на форум.
Прэзідэнт упэўнены, што далейшаму дынамічнаму развіццю адносін паслужыць падпісаная дарожная карта супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана на 2019-2020 гады, у якой закладзены шырокі спектр напрамкаў узаемадзеяння.
Эмамалі Рахмон па выніках перагавораў зазначыў: «Для Таджыкістана Беларусь была і застаецца важным партнёрам у сістэме міжнародных адносін. Адносіны дзвюх краін развіваюцца па нарастаючай».
Прэзідэнты Беларусі і Таджыкістана па выніках перагавораў прынялі сумесную заяву.
У дакуменце адзначаецца, што перагаворы прайшлі ў традыцыйна дружалюбнай, давернай і канструктыўнай атмасферы. Бакі пацвердзілі гатоўнасць да ўмацавання палітычнага дыялогу, намецілі шляхі далейшага развіцця беларуска-таджыкскіх адносін і ўзаемадзеяння па важнейшых пытаннях міжнароднага парадку дня.
Вялікая ўвага ў сумеснай заяве ўдзяляецца тэматыцы гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. Прэзідэнты падкрэслілі прыярытэтнае значэнне ўзаемадзеяння ў гэтай сферы і выказалі імкненне да яго пашырэння з улікам інтарэсаў бакоў.
Абазначана ўзаемная зацікаўленасць у павелічэнні аб’ёмаў двухбаковага гандлю, развіцці доўгатэрміновых форм эканамічнага супрацоўніцтва, паглыбленні інвестыцыйнага ўзаемадзеяння паміж Беларуссю і Таджыкістанам.
Бакі таксама дамовіліся падтрымліваць інвестыцыйную дзейнасць па стварэнні сумесных вытворчасцей, прадаўжаць удасканальваць умовы для работы беларускіх і таджыкскіх інвестараў, прымаць практычныя меры па рэалізацыі праектаў у горна-металургічнай і будаўнічай галінах, у лёгкай і харчовай прамысловасці, у сферах сельскагаспадарчай кааперацыі і лагістыкі. Выказана ўзаемная зацікаўленасць у пашырэнні ўзаемадзеяння паміж рэгіёнамі як эфектыўнай формы ўмацавання ўзаемаадносін, у стварэнні неабходных умоў для развіцця прамых сувязей паміж суб’ектамі гаспадарання.
Пацверджана таксама зацікаўленасць у далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў сферах адукацыі, навукі і тэхнікі, культуры і мастацтва, аховы здароўя, спорту і турызму.
У сумеснай заяве таксама гаворыцца аб узаемадзеянні на міжнародных пляцоўках, падкрэслена ўзаемнае імкненне да садзейнічання ўмацаванню міру, бяспекі і стабільнасці ў рэгіянальным і міжнародным маштабах. Адзначана рашучасць умацоўваць супрацоўніцтва ў сферы барацьбы з тэрарызмам, экстрэмізмам, наркатрафікам, незаконным гандлем зброяй.
Таксама кіраўнікі дзяржаў наведалі Нацыянальную выстаўку Беларусі, якая адкрылася ў Душанбэ.
На галіновых раздзелах выставачнай экспазіцыі прадстаўлены арганізацыі, што працуюць у сферах харчовай прамысловасці, машынабудавання, прамысловага і спецыялізаванага абсталявання, бытавога прыборабудавання, адукацыі, навукі і тэхналогіі, інавацыйнай дзейнасці, медыцыны і фармацэўтыкі, спорту і турызму, хіміі і нафтахіміі, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, сувязі і інфарматызацыі, вытворчасці будматэрыялаў, кнігавыдання і паліграфіі.
На адкрытай пляцоўцы прадстаўлена некалькі дзясяткаў адзінак тэхнікі  ААТ «Амкадор», «МТЗ», «МАЗ», «Гомсельмаш», «Бабруйскаграмаш», «Лідаграпраммаш».
Аляксандр Лукашэнка і Эмамалі Рахмон афіцыйна адкрылі зборачную вытворчасць беларускай сельгастэхнікі, якая размешчана ў горадзе Гісары.
Кіраўнікі дзяржаў з гэтай нагоды адкрылі памятны знак на тэрыторыі прадпрыемства, азнаёміліся з вытворчасцю, абмеркавалі перспектывы яе развіцця, сустрэліся з работнікамі.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *