Фактар парадку. У старшыні Ляхавіцкага райвыканкама прайшла апаратная нарада

Навядзенне парадку на зямлі – тэма надзённая, тым больш у Год малой радзімы. На апаратнай нарадзе ў старшыні райвыканкама справаздачу пра стан падведамаснай тэрыторыі трымаў кіраўнік Начаўскага сельвыканкама Вячаслаў Новік. У сістэме ўзаемадзеяння сельвыканкама са старастамі населеных пунктаў, з суб’ектамі гаспадарання па добраўпарадкаванні, разам з іншымі мерапрыемствамі прапісаны і сумесныя рэйды-праверкі «самаадчування» вёсак, суботнікі-месячнікі. На пачатак года на тэрыторыі сельсавета пражывала больш за 1600 чалавек. Талакой прыбіраюцца, у тым ліку і на могілках, ліквідуюць стыхійныя сметнікі.
Асаблівы клопат – скарачэнне колькасці старых і пустуючых дамоў. Сёлета знесена шэсць такіх  збудаванняў і фундаментаў у вёсцы Жарскія і адно ў Перахрэсці. Частку вызваленай зямлі СВК «Ляхавіцкі» ўжо засеяў кукурузай. Застаецца адкрытым гэта пытанне ў Шчаснавічах. У Пашкоўцах не ўсюды праведзена рэкультывацыя пасля зносу будынкаў, гэта перашкаджае ўключэнню зямлі ў севазварот.
Што датычыць стану дарог, то не ўсе вясковыя вуліцы ў парадку. ДРБУ-200 трэба гэта пытанне рашаць сістэмна і поўна. На парадку дня і выдаленне сухіх дрэў уздоўж аўтадарогі Ляхавічы-Русінавічы.
Шмат са зробленага па добра-ўпарадкаванні трэба прадоўжыць, а дапушчаныя памылкі – выправіць. Нельга пакідаць пачатае незавершаным. Патрабуецца гаспадарскі, арганізатарскі падыход ва ўсім. Дзеля выніку павінны аб’яднаць намаганні з сельвыканкамамі і іншыя службы, неаднаразова падкрэслівалася падчас абмеркавання тэмы.
Другое пытанне апаратнай нарады датычыла забеспячэння захаванасці таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на аб’ектах райпо. Факты крадзяжу з гандлёвых кропак маюць месца.
Начальнік РАУС Андрэй Студзянічнік адназначна заўважыў: лепшы сродак папярэджання крадзяжоў – аснашчанасць аб’ектаў гандлю ахоўнай сігналізацыяй.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *